Павышаюць майстэрства

У народзе кажуць, што няма межаў для прафесійнага самаўдасканалення. Гэтага прынцыпу прытрымліваюцца і выкладчыкі Жыткавіцкага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу. Безумоўна, што сфера дзейнасці ўстановы значна шырэйшая, чым гэта занатавана ў назве. Бо яе калектыў  не толькі мацуе кадравы патэнцыял аграрыяў, але і іншых прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна.

Канец жніўня і ўвесь верасень у вучэбным цэнтры будзе даволі напружана. Самы час, калі яго выкладчыкі вядуць падрыхтоўку і перападрыхтоўку аператараў кацельняў.

— Практычна ў кожнай качагарцы працуюць нашыя выпускнікі, — уводзіць у курс справы намеснік дырэктара цэнтра Эдуард Паддубскі. — Таму прыкладзем усе намаганні, каб абнавіць іх веды, а таксама яшчэ раз нагадаць аб правілах бяспекі працы. Дарэчы, каб ацяпляльны сезон прайшоў у арганізацыях без збояў, на курсах у нашым цэнтры пройдуць перападрыхтоўку больш як дзве з паловай сотні аператараў кацельняў. Яшчэ пяцьдзясят рабочых будзе падрыхтавана.

І гэта толькі адна з састаўных дзейнасці вучэбнай установы. Шмат увагі яе майстры надаюць падрыхтоўцы кадраў для прамысловых прадпрыемстваў. Зацікаўлена ў тым  кіраўніцтва  Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, лясгаса, ААТ “Сатурн-1”, ТБЗ, ПМК-66, ПМС і іншых арганізацый. Імі запатрабаваны спецыялісты, якія працуюць са сродкамі малой механізацыі і на пад’ёмніках. Шмат цэнтр рыхтуе і рабочых для абслугоўвання і дзейнасці на газонакасілках. Таксама вельмі неабходная прафесія. І ўсё ж асноўная дзейнасць вучэбнай установы сканцэнтравана на  павышэнні прафесійнага майстэрства аграрыяў.

Так, выкладчык Алена Агіевіч пастаянна клапоціцца пра павышэнне кваліфікацыі жывёлаводаў непасрэдна на іх працоўных месцах. Алена Валер’еўна не толькі вучыць аператараў машыннага даення і па адкорму маладняку асновам тэхналогіі, але і дзеліцца  сакрэтамі, якія ўплываюць на павышэнне якасці прадукцыі. Агіевіч — вопытны спецыяліст. Працавала  заатэхнікам у гаспадарцы і ў райсельгасхарчы. Таму добра ведае асноўныя патрабаванні, якія цяпер ставяцца перад работнікамі грамадскіх фермаў. Нельга не адзначыць, што такі падыход у пэўнай ступені ўплывае і на заробкі жывёлаводаў. За высокі прафесійны разрад ім даплочваюць пэўныя сумы.

— Мы не толькі павышаем кваліфікацыю аператараў машыннага даення і па адкорму маладняку, — адзначае Эдуард Паддубскі. — Рыхтуем для галіны і санітараў ветэрынарнай службы. Вучым і механізатараў. Прычым, аддаем перавагу ў працэсе, каб гэтыя працаўнікі дасканала асвойвалі не толькі трактары, але і іншыя складаныя сельскагаспадарчыя машыны.

Штогод у аўдыторыях цэнтра падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі праходзіць вучобу звыш паўтысячы рабочых розных спецыяльнасцей. І веды, якія яны атрымліваюць, дапамагаюць працаўнікам розных прадпрыемстваў больш якасна выконваць прафесійныя абавязкі.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.