Калі слова справай моцнае

Выязны семінар-практыкум з удзелам намеснікаў кіраўнікоў працоўных калектываў Жыткаўшчыны па ідэалагічнай рабоце адбыўся на базе адкрытага акцыянернага таварыства “Доследны рыбгас “Белае”.


Ля адміністрацыйнага будынка рыбгаса гасцей ветліва сустрэлі кіраўнік мясцовага працоўнага калектыву Мікалай Яраховіч і адказны за ідэалагічную работу Ігар Хралянок. Дырэктар зрабіў кароткі экскурс у гісторыю гаспадаркі.


Удзельнікам семінара-практыкума прадэманстравалі вытворчыя ўчасткі, інкубацыйныя цэхі, жыварыбную базу, машынна-трактарны парк, дзе як кіраўнік, так і спецыялісты далі вычарпальныя каментарыі, адказалі на пытанні ідэолагаў.


Затым аўтобус накіраваўся на возера Белае, дзе сіламі і фінансавымі сродкамі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас” створаны і плённа працуе цэнтр паляўніцтва, рыбалоўства і развіцця экатурызму. Пра яго паслугі расказала старшыня прафкама лясгаса Надзея Шабаева.


У Азёрнаўскім сельскім Доме культуры адбылася тэарэтычная частка семінара. Начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі прадаставіў слова старшыні Юркевіцкага сельсавета Алене Шпакевіч, якая падзялілася вопытам арганізацыі і правядзення інфармацыйна-растлумачальнай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства. Да ўсіх нявырашаных пытанняў у 8 населеных пунктах Савета падыходзяць комплексна, сістэмна. І таму не дзіўна, што ў вышэйстаячыя інстанцыі адсюль за восем месяцаў года не паступіла ні адной скаргі.


“Аб перспектывах развіцця аграэкатурызму ў раёне” – такой была тэма выступлення начальніка аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Уладзіміра Саўчыца. Ен, у прыватнасці, адзначыў, што турыстычныя паслугі на Жыткаўшчыне аказваюць нацыянальны парк “Прыпяцкі”, лясгас, краязнаўчы музей у Тураве, у якім у сярэднім за год бывае да 10-15 тысяч наведвальнікаў. З 2006 года ў раёне пачаў развівацца і аграэкатурызм. Зарэгістравана ўжо 7 аграсядзіб, у 6 з якіх прымаюць турыстаў. На 3 сядзібах ідзе афармленне дакументаў. Зараз у раёне аграсядзібы прымаюць за год да 150-200 турыстаў, а праз 2-3 гады патэнцыяльныя магчымасці дазволяць павялічыць гэту колькасць да 500 чалавек. У. Саўчыц патлумачыў таксама працэдуру рэгістрацыі аграсядзібы.


Пра стан інфармацыйна-ідэалагічнай работы ў ААТ “Доследны рыбгас “Белае” расказаў спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Ігар Хралянок. Рыбгас, як падкрэсліў ён, з’яўляецца поўнасістэмнай сажалкавай гаспадаркай і буйной вытворчай адзінкай рыбнай гаспадаркі рэспублікі. Яго вытворчая база налічвае сажалкі ўсіх катэгорый агульнай плошчай 1720 гектараў. Тут усіх 108 сажалак, на якіх вырошчваюцца карп і белы амур, пярэсты таўсталобік і шчупак, карась і сом, лінь і сцерлядзь.


У акцыянерным таварыстве асноўная частка акцый (98 працэнтаў) знаходзіцца ў дзяржавы ў асобе Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгаспроду Беларусі, які і з’яўляецца вышэйстаячай арганізацыяй. Поўная колькасць работнікаў у “Белым” – 135 чалавек, з якіх 28 інжынерна-тэхнічных работнікаў. Для паспяховага выканання прагнозных паказчыкаў быў праведзены агульны сход, на якім работнікаў азнаёмілі з даведзеным планам, з эканамічнымі аспектамі (пры атрыманні плана з сажалкі работніку, які карміў рыбу, выдаецца прэмія). Яшчэ раз была завострана ўвага ўсіх рыбаводаў на выкананні Дырэктывы №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Дырэктывы №3 па эканоміі энергарэсурсаў (у прыватнасці, быў заменены электрычны кацёл адміністрацыйнага будынка на кацёл, што атапліваецца мясцовымі відамі паліва).


Загадам кіраўніка на прадпрыемстве была створана інфармацыйная група. На кожнае паўгоддзе складаюцца планы-мерапрыемствы па ідэалагічнай рабоце. Сумесна з Юркевіцкім сельсаветам праводзіцца работа з грамадзянамі, растлумачваюцца нарматыўна-прававыя акты, што маюць дачыненне да вусных і пісьмовых зваротаў ветэранаў вайны, працы, пенсіянераў рыбгаса. Вялікая ўвага надаецца ўнутранаму, так бы сказаць, інфармаванню работнікаў рыбгаса, а таксама грамадзян навакольных вёсак, своечасовай падпісцы на перыядычныя выданні, развіццю фізічнай культуры і спорту, удзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах. Рыбгас “Белае” з’яўляецца шэфам Юркевіцкай сярэдняй школы, аказвае ёй пасільную дапамогу ў арганізацыйна-бытавых пытаннях.


Затым перад удзельнікамі семінара-практыкума выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Леанід Валатоўскі. Ен паведаміў аб правядзенні адзінага дня інфармавання насельніцтва, раскрыў у сваіх выступленнях такія яго тэмы як “70-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай” і “Перапіс насельніцтва – справа дзяржаўнай важнасці”. Леанід Міхайлавіч завастрыў увагу прысутных таксама на такіх пытаннях як узнаўленне падпіскі на перыядычныя выданні, прадастаўленне матэрыялаў на агляд-конкурс па арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах і г.д.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.