У кожнага — сваё святло ў акне…

Пра іх стараюцца не забываць як у буднія дні, так і выхадныя. У першую чаргу, канешне, родныя, блізкія, суседзі, сябры, знаёмыя, проста добрыя, яшчэ не зачарсцвелыя душою людзі. І, безумоўна, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, шматлікія работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Яны — гэта дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх напрыканцы мінулага тыдня ў малой зале раённага Дома культуры ў надзвычай цёплай, добразычлівай абстаноўцы прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў Рэспублікі Беларусь.


У фае Дома культуры святочна аформлена выстава творчасці дзяцей, гучыць лёгкая інструментальная музыка. А ў малой зале распачынаецца свята, якое адкрываюць і вядуць Марына Бакуновіч і Анастасія Маркоўская.


— Дарагія сябры, сёння ў нашай зале прысутнічаюць цудоўныя людзі, жыццялюбству і таленту якіх можна толькі пазайздросціць. Гэта ўдзельнікі і госці фестывалю дзіцячай творчасці “Разам мы зробім больш”.


На сцэну падымаюцца дарослыя і дзеці з рознакаляровымі паветранымі шарамі, гучыць песня Валерыі Лыкавай “Фестывальная”, якая ўжо стала сімвалам гэтага жыццярадаснага мерапрыемства. Дарэчы, фестываль праводзіцца ўжо шосты раз запар.


Выбіраецца паважанае журы ў саставе дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Таццяны Казловай, намесніка начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Уладзіміра Гулюты, прадстаўніка бацькоў Таццяны Марозавай, дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання Марыны Лаўніковіч і галоўнага спецыяліста аддзела культуры райвыканкама Таццяны Гатчэні. Ацэньвацца творчасць будзе па 4 намінацыях: песня, танец, верш і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.


А для адкрыцця фестывалю запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама В. Рагалевіч. Валерый Маркавіч яшчэ раз падкрэсліў вялікае значэнне гэтай слаўнай, добрай традыцыі, парушаць якую не трэба, пажадаў фестывалю добрага шляху і высокіх поспехаў.


І ўсе яшчэ раз пераканаліся, наколькі таленавітыя і непаўторныя гэтыя дзеці ў сваёй творчасці. Гарачыя водгукі і дружныя апладысменты суправаджалі паказальныя выступленні Алены Кавалёвай і Уладзіслава Агіевіча, Максіма Страха і Марыі Дзянісавай, Юліі Купрацэвіч і Уладзіслава Урэнцава, многіх іншых удзельнікаў гэтага захапляючага мерапрыемства. А вядучая Насця Маркоўская, як высветлілася, не толькі любіць чытаць вершы, але і сама іх піша. Усе прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з яе першым зборнікам вершаў, які юная паэтэса падарыла дарослым і дзецям.


А пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі адпачываюць, а журы падводзіць вынікі, канцэрт працягваюць юныя артысты ўзорнага лялечнага тэатра “Чарадзейнікі”. Вельмі цёпла сустракалі дзеці і дарослыя іх сапраўды дзівосныя нумары захапляючай мастацкай самадзейнасці.


І вось самы хвалюючы момант: член журы Уладзімір Гулюта падводзіць вынікі ў кожнай намінацыі і называе прозвішчы пераможцаў, якім уручаюцца дыпломы і каштоўныя падарункі. У той дзень увогуле ніхто з дзяцей не застаўся без багатых падарункаў, аснову якіх складалі салодкія прысмакі ды цацкі. І ўсё гэта дзякуючы спонсарам-прадпрымальнікам ды раённаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, дырэктар якога Таццяна Казлова, дарэчы, выступіла на гэтым мерапрыемстве з заключным словам.


Пра што засведчыў чарговы раённы фестываль? У параўнанні з мінулым годам больш стала яго ўдзельнікаў, вырасла і колькасць спонсараў. Газетная плошча проста не дазваляе назваць з удзячнасцю ўсіх прадпрымальнікаў, якіх на гэты раз было звыш дваццаці. А галоўная нагрузка легла на плечы раённага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, які з гонарам выканаў сваю пачэсную місію.


Так, цывілізаванасць кожнага грамадства, як вядома, вызначаецца сацыяльнай абароненасцю трох катэгорый грамадзян. Гэта дзеці, пажылыя, нямоглыя людзі і інваліды. Апошнія, як ніхто, маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўвогуле не просяць у адносінах да сябе нейкай саладжавай, няшчырай шкадобы, прытворных пачуццяў. Мы проста не павінны забываць пра іх і дапамагаць кожнаму, чым можам. Як словам, так і справамі.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.