Чакаем цябе, вясна-красна!

Парадавала нас гэтая зіма, якая многім людзям старэйшага і сярэдняга пакалення хораша напомніла шчаслівае дзяцінства. Крамяная зімачка-зіма і сапраўды была ў поўнай сваёй красе: са снягамі і марозамі, з завеямі і сумётамі. Не падвяла яна жыткаўчан і гасцей горада і на вясёлую народную масленіцу: – па-ранейшаму зямля была ўкрыта белым снежным дываном, з раніцы трымаўся марозік. Таму і шыбавалі людзі з прыўзнятым настроем у цэнтр горада ў прадчуванні змястоўнага адпачынку і станоўчых эмоцый.


А з рэпрадуктараў ліліся звонкія песні, частушкі, у якіх часцей другіх чуліся словы “масленіца” і “бліны”. Масленіца — язычніцкае свята нашых продкаў. Яно не мае ў народным календары канкрэтнай даты, а пачынаецца за восем тыдняў да Вялікадня (у прамежку ад 7 лютага да 14 сакавіка), або, як яшчэ вызначаюць яе дні ў нашым краі, за 7 дзён да перадвелікоднага сямітыднёвага посту. Працягваецца яна роўна тыдзень, які так і называецца: масленічны або сырны. Як жартоўна казалі ў народзе пра гэтае свята? Масленіца-палізуха: сыр і масла палізала…


Цікава будзе ведаць, што ў бягучым лютым масленіца амаль што супала з другім язычніцкім святам — стрэчаннем (“Святое стрэчанне свечы сукае, лета сустракае”). Стрэчанне, або грамніцы, — зімовае свята, якое ў народным календары прыпадае на 2 лютага ў католікаў і 15 лютага ў праваслаўных беларусаў. Паводле народных меркаванняў на гэтае свята зіма сустракаецца з летам. У старажытныя часы ў гэты дзень славяне-язычнікі ўшаноўвалі Бога Перуна, або, як яго называлі, Грамаўніка.


… А тым часам гарэзлівае, вясёлае свята развітання з зімою набірала моцы і пачынала ўжо ва ўсю віраваць на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Нельга было не прайсціся ўздоўж гандлёвых радоў, якія пачалі працаваць яшчэ з васьмі гадзін раніцы. І хаця ў палатках свае тавары прапаноўвалі і індывідуальныя прадпрымальнікі, усё ж асноўны цяжар і адказнасць леглі на плечы работнікаў прылаўка Жыткавіцкага райпа. Кінулася ў вочы чарга, якая хутка выстраілася ля адной з крайніх палатак. І яно не дзіўна, бо менавіта тут хутка пякліся і прадаваліся бліны — круглыя, гарачыя, што спрадвеку для нашых продкаў-беларусаў сімвалізавалі сабою сонца, неразлучнае з масленіцай і прыходам доўгачаканай, цёплай вясны. І якіх бліноў тут толькі нельга было пакаштаваць жадаючым: дражджавыя, з сырам і каўбасою, маслам і мёдам, смятанай і павідлам. Спрытна разбіраліся і шашлыкі.


Непадалёку можна было купіць “латарэю ўдачы” і выйграць дзіцячую цацку аж да буйнога грузавіка, сшытак альбо нават бутэльку шампанскага. Пра тое, што зіма ідзе на зыход, вось-вось наступіць вясна-прыгажуня і трэба будзе заняцца ўласнымі градкамі, яшчэ раз напомніла пакупнікам гандлёвая палатка са шматлікімі пакецікамі насення самых розных агародніных культур.


А што ж такое смачнае казыча нос і цягне да сябе? Гэта, аказваецца, работнікі рыбгаса “Чырвоная Зорка” зварылі і прывезлі ў палявой кухні смачную, наварыстую юшку з карпаў. Дык як жа не пакаштаваць на марозцы гэткую смакату… Ідуць і ідуць сюды, у бок кінатэатра, людзі. Тым болей што і цэны даволі прымальныя. А на сталах, уздоўж якіх прымайстроўваюцца аматары гарачай юшкі, соль і перац на свой густ і смак. Хто ж жадае прыгатаваць юшку па ўласнаму рэцэпту — калі ласка: побач прадаецца свежая рыба.


Увесь час гучыць бадзёрая музыка, скамарохі заклікаюць людзей да танцаў і весялосці, працуюць гандлёвыя рады. Без перабольшвання можна сказаць, што свята не было б такім цікавым, смяшліва-іскрыстым, каб не выступленне на сцэне тэатралізаванага прадстаўлення лялечнага тэатра “Дзівоснікі” Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры. На гэты раз самадзейныя таленавітыя лялечнікі парадавалі сваіх шматлікіх прыхільнікаў новымі прыгодамі “У гасцях у Пятрушкі”, яшчэ раз нагадаўшы слаўныя традыцыі нашага батлеечнага тэатра, які ў старажытныя і пазнейшыя стагоддзі быў сапраўдным упрыгожваннем многіх беларускіх народных святаў.


Дружна, ад душы апладзіравалі гледачы Дзеду Марозу і Зіме, Масленіцы і Вясне, Пачвары і Лесуну, якія ў сваіх маляўнічых вопратках выступалі на тэатралізаванай сцэне. А затым уся ўвага прысутных была звернута на прызавы слуп, да вярхушкі якога ў прадчуванні здабытага падарунка спрытна, нібы кот да смачнага сала, узбіраліся жадаючыя верхалазы.


І вось урачыстая кульмінацыя старажытнага свята масленіцы — спальванне пудзіла зімы. Гэтае відовішча заўсёды з хваляваннем чакаюць як дарослыя, так і дзеці. Бо гэта не толькі развітанне з чарговай парою года, а спальванне нашых хвароб і бедаў, усяго адмоўнага, негатыўнага. Бывай, зіма. Прыходзь, вясна!


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКАХ: масленіца ў Жыткавічах.


Фота В. КІЖНЕВА.


Р.S. Свята было наладжана дзякуючы калектывам Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры, народнага гурта “Сваты”, духавога аркестра Жыткавіцкай дзіцячай музычнай школы, а таксама самадзейных артыстаў Чэрніцкага і Буразьскага сельскіх клубаў, Чырванаборскага сельскага Дома культуры і іншых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.