Задача года: нарошчваць вытворчасць

На дваццаць працэнтаў павялічыць у гэтым годзе свае вытворчыя паказчыкі ў параўнанні з леташнімі, такую задачу паставілі перад сабой на справаздачным сходзе працаўнікі КСУПа “Марохараўскі”. Па словах дырэктара гаспадаркі Івана Алесіча для гэтага ў калектыва ёсць усё неабходнае.


Таму і пачаў сваё выступленне кіраўнік з таго, што засяродзіў увагу работнікаў і спецыялістаў на тым, наколькі важна ўсім усвядоміць: выканаць пастаўленыя задачы можна толькі калі добрасумленна адносіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў, берагчы матэрыяльныя рэсурсы. Менавіта гэтыя фактары ў значнай ступені акажуць станоўчы ўплыў як на вытворчую дзейнасць, так і на агульны дабрабыт гаспадаркі і яе работнікаў. Закрануў адразу і вынес гэтае сур’ёзнае пытанне на агульнае абмеркаванне Іван Рыгоравіч невыпадкова. Як вынікала з далейшага выступлення дырэктара, падчас якога быў дадзены аналіз мінулагодняй дзейнасці, з-за недысцыплінаванасці, парушэнняў тэхналагічнага характару, нядобрасумленнасці гаспадарка не здолела па некаторых пазіцыях выканаць даведзеныя заданні. Хаця іх і не шмат, тым больш крыўдна за недапрацоўкі.


Са станоўчага ў мінулагодняй дзейнасці патрэбна найперш назваць вытворчасць зерня. Валавы збор яго павялічаны на трыста тон. Нядрэнна абстаяць справы і з вытворчасцю насення траў. Добра спрацавалі і корманарыхтоўшчыкі, таму падчас бягучай зімоўкі грамадскі статак не мае праблем з травяністымі кармамі. Хаця надвор’е не вельмі спрыяла земляробам, некаторыя ўчасткі так і засталіся не ўбранымі, таму што там не змагла працаваць тэхніка. А вось з закладкай шматкампанентных выпасаў паблізу ферм не дапрацавалі, залужылі іх значна менш чым прадугледжвалася. А яны вельмі патрэбны гаспадарцы. Найперш, каб арганізаваць дойку статкаў на фермах у летні перыяд і адмовіцца ад даення ў палявых умовах. Такія перамены ў арганізацыі вытворчасці малака дазволяць палепшыць якасныя паказчыкі гэтага прадукту. Гэтая праблема даволі востра стаяла перад мясцовымі жывёлаводамі летась. Толькі па прычыне таго, што прадавалі перапрацоўшчыкам малако нізкімі гатункамі, недаатрымана сто мільёнаў рублёў. У гаспадарцы кожная капейка на ўліку, толькі па лізінгу за набытую тэхніку патрэбна выплочваць больш трох мільярдаў рублёў. Ды і не па-гаспадарску будзе, калі ўкладзеныя дзесяткі мільёнаў рублёў у абнаўленне і рэканструкцыю ферм і абсталявання выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Дарэчы, за мінулы год у сельгаспрадпрыемстве ўведзены кароўнік на 200 галоў, памяшканне, якое не скарыстоўвалася пятнаццаць гадоў, не толькі адрамантавалі, але і аснасцілі сучасным даільным абсталяваннем. Што тычыцца ўвогуле вытворчасці малака, то тут мясцовыя жывёлаводы аказаліся таксама не на вышыні. Так, па надою на карову яны прыбавілі, а вось заданне па валавой вытворчасці не выканалі прыкладна на сто тон. І прычын для такога выніку, як зазначалася Іванам Алесічам, не мелася. Як растлумачыць, што надой на марохараўскай ферме ў разліку на адну карову на 200 кілаграмаў большы, чым на дуброўскай? Умовы ж аднолькавыя былі, а вось адносіны да справы розныя. Так што рэзерв па вытворчасці малака ёсць і немалы. Таму праграмай прадугледжана значна павялічыць вытворчасць малака, давесці яе да 4100 тон, прыбавіць па надою больш чым паўтоны і дабіцца яго на карову 4400 кілаграмаў. Плануецца павелічэнне і пагалоўя, у тым ліку кароў давесці да тысячы, а ўсё пагалоўе — да 2882 галоў. Гэтыя паказчыкі будуць дасягацца за кошт паляпшэння тэхналагічных працэсаў, кармавой базы, зніжэння невытворчага выбыцця жывёлы і ялавасці кароў і гэтак далей.


Значны рух наперад чакаецца і ў раслінаводчай галіне. Найперш, гэта давядзенне валавога збору зерня да трох тысяч тон. Падмурак тут закладзены: восенню сельгаспрадпрыемства паспяхова правяло сяўбу азімых культур, рапсу, узнята зябліва, унесены мінеральныя ўгнаенні. Зараз вядзецца нарыхтоўка арганікі. Павялічацца плошчы і пад кукурузу, стане традыцыйнай на мясцовых палетках і грэчка. Канешне ж, будзе надавацца ўвага і культурам, якія пойдуць на корм жывёле, а таксама бульбе. Збор клубняў запланавана давесці да тысячы тон за кошт павышэння ўраджайнасці пры тых жа плошчах. У мінулым годзе пагодныя ўмовы і чалавечы фактар не далі магчымасці атрымаць мясцовым земляробам належную аддачу з бульбяных палеткаў. Ураджайнасць нават зменшылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі.


Несумненна, што вырашэнне многіх задач будзе залежаць ад спецыялістаў галіны механізацыі. Парк машын значна абнавіўся сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікай, хапае і добрых спецыялістаў, каб паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы.


Нарошчваць вытворчасць гэта не толькі павышаць аддачу палёў і ферм, але яшчэ эканоміць энергетычныя рэсурсы і паліўныя, дбайна глядзець за замацаванай тэхнікай. Напрыклад, толькі за адну электраэнергію гаспадарка штомесячна плаціць па 10-15 і болей мільёнаў рублёў. А гэта практычна месячны фонд аплаты працы работнікаў дуброўскай фермы. Таму кіраўнік заклікаў усіх прысутных на сходзе старацца рабіць так, каб беражлівасць на вытворчасці стала нормай, аб тым павінен дбаць не толькі кожны спецыяліст, але і кожны радавы работнік.


Вострымі і канструктыўнымі былі і выступленні спецыялістаў, запрошаных гасцей: галоўнага агранома Уладзіміра Карася, галоўнага заатэхніка Тамары Макарэвіч, галоўнага эканаміста Людмілы Макарэвіч, старшыні Марохараўскага сельсавета Генадзя Лесько, дырэктара Дуброўскай школы Анатоля Пашынскага, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Месніковіча.


На сваім справаздачным сходзе працаўнікі сельгаспрадпрыемства не толькі намецілі задачы і падвялі вынікі, але і адзначылі працу найбольш старанных механізатараў, жывёлаводаў і спецыялістаў. На гэтыя мэты кіраўніцтвам гаспадаркі выдаткавана восем мільёнаў рублёў, а таксама два дзесяткі галоў буйной рагатай жывёлы. Як зазначыў Іван Рыгоравіч, сумленная праца і аддзячана павінна быць годна. Таму і прэміі атрымаліся даволі важкімі. Напрыклад, механізатар Іван Макарэвіч, які працаваў на корманарыхтоўцы і перавыканаў даведзенае заданне ў два разы, атрымаў больш двух мільёнаў рублёў прэміі. На некалькі соцень тысяч рублёў папоўніўся сямейны бюджэт пасля сходу і ў механізатараў Аляксандра Саўчыца, Дзмітрыя Савіцкага, Юрыя Купрацэвіча. А вось аператары машыннага даення, якія па выніках года пераўзышлі чатырохтонны надой ад каровы, Марына Майшук, Святлана Макарэвіч, Надзея Купрацэвіч, Марына Бандарэнка, Вера Сучкова, Таццяна Майшук за сваю плённую працу атрымалі ў якасці прэмій кароў і цялят. Яшчэ вялікая група жывёлаводаў Мікалай Сыса, Таццяна Табула, Галіна Купрацэвіч, Анжэла Какора і іншыя сталі ўладальнікамі цялят. Відавочна, што ёсць з каго ў гаспадарцы браць прыклад працавітасці і стараннасці. І самае важнае, што сельгаспрадпрыемства стараецца, падтрымаць сваіх работнікаў матэрыяльна. Як паказаў аналіз выканання калектыўнага дагавора, які зрабіла старшыня прафкама Людміла Ахрамовіч, усе работнікі атрымлівалі і заработную плату, і натуральную, аказвалася дапамога і па пасадцы і апрацоўцы прысядзібных участкаў і гэтак далей. Усе сацыяльныя бонусы гэта вынік працы калектыва. Каб і ў наступным годзе адчуваць моцную падтрымку прадпрыемства, яго работнікам патрэбна яшчэ лепей працаваць. Закончыўся ж сход цудоўным канцэртам, які далі артысты раённага Дома культуры. Дарэчы, аплаціла іх выступленне сельгаспрадпрыемства.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.