Ад чаго здзіўленне?..

Ідэальны варыянт, калі нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. Але даволі часта гэтыя катэгорыі ўступаюць у супярэчлівасць. І нам іх даводзіцца адчуваць пастаянна ў паўсядзённым жыцці.


Жанчына, набраўшы кошык на паліцах магазіна прадуктаў, смела рушыла да касы, каб разлічыцца.


— Я буду плаціць пластыкавай карткай, — сказала яна прадаўцу.


— На жаль, не можам, не працуе абсталяванне, — быў адказ касіра.


— Як жа мне быць, наяўных грошай няма ў мяне, — занепакоілася пакупніца.


— Можа ў іншым магазіне працуе тэрмінал, тут блізка, — параіла прадавец.


Жанчыне нічога не засталося рабіць, як паставіць набраныя тавары на паліцы і кіравацца ні з чым да выхаду. На жаль, такія сітуацыі з плацяжамі па пластыкавых картках сустракаюцца ў гандлёвых кропках вельмі часта. Абсталяванне пастаянна дае збоі. Думаецца, не адзін жыхар райцэнтра трапляў у падобную сітуацыю. Несумненна, што пасля такога абслугоўвання жаданне карыстацца пластыкавай карткай на ўсю яе магчымасць намнога меншае, і спяшаешся да банкамата, каб разжыцца на наяўныя грошы. З імі, як аказваецца ў свеце сучасных тэхналогій, усё намнога прасцей.


А вось другі выпадак. Хаця да сферы высокіх тэхналогій ён ніякага дачынення не мае, але і тут можна вынесці пэўны вопыт. Сутнасць яго: хацелі зрабіць лепей, а выйшла як заўсёды. На аўтастанцыі райцэнтра адкрылася спецыяльная тэлефонная лінія для даведак. У вывешанай аб’яве было напісана, што патэлефанаваўшы па ўказаным нумары можна атрымаць патрэбную інфармацыю аб руху аўтобусаў, і іншых пытаннях. Патрэбная і карысная паслуга для тых, хто збіраецца ў дарогу. Нядаўна давялося скарыстацца ёю. Ветліва і без запінкі на другім канцы тэлефоннага провада жанчына адказала на маё пытанне. Толькі інфармацыя, якую атрымаў па вышэйназваным тэлефоне, аказалася несапраўднай. У выніку на патрэбны аўтобус спазніўся, бо час яго адпраўлення паведамілі няправільна. Зразумела, што акрамя абурэння ад такіх паслуг ніякіх іншых эмоцый не ўзнікала. Адно толькі падумалася, за што ж бяруць грошы, калі супрацоўнік дакладна не ведае часу адпраўлення аўтобуса з Турава на Жыткавічы. Вядома, што ў другі раз задумаешся, перш чым тэлефанаваць па гэтым тэлефоне.


На жаль, такіх выпадкаў і сітуацый з намі здараецца вельмі многа. І віной таму служаць… празмерныя апетыты ўстаноў і арганізацый. Кола паслуг яны стараюцца пашырыць, а вось пра іх якасць неяк забываюцца. Таму і чэргі тут не знікаюць, і сваркі супрацоўнікаў з кліентамі, і гэтак далей. Усе гэтыя недапрацоўкі прыкрываюцца карпаратыўным інтарэсам, калі што не так, на ўсё адказ адзін: у нас фінансавыя цяжкасці. А дзе ж інтарэсы кліентаў? Няўжо толькі на паперы? Нас, як спажыўцоў, праблемы ўстаноў і арганізацый павінны цікавіць найменш. Мы прыходзім да іх за якаснымі паслугамі, за якія плацім грошы і гатовы плаціць. Гавораць як: узяўся за гуж, не кажы, што нядуж. Таму, што хочацца сказаць, перш чым брацца за нейкую справу, патрэбна рэальна ацаніць свае магчымасці, стварыць неабходныя ўмовы і толькі тады прапаноўваць свае паслугі людзям.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.