Дом, дзе шануюць прыгажосць

Што ў гэтым доме любяць прыгожае, бачыш адразу, як ступаеш на падворак. Кругом чысціня, высаджаныя кветкі, у колер якіх гарманічна ўпісваецца пафарбаваныя агароджа ды слупы, што ўтрымліваюць на сабе лазу вінаграду, якая разраслася. Яшчэ больш уражвае само жыллё. У хаце таксама цэлы дыван з кветак, толькі вышываных. Яны на посцілках і шторах, на сурвэтках і іншых прадметах хатняга ўжытку. Усю гэтую прыгажосць за доўгія гады стварыла Святлана Макарэвіч з вёскі Марохарава.


Цяпер жанчына на заслужаным адпачынку, але вышываць не пакідае. Прыйшло гэтае захапленне да яе ад маці. Калі ж пайшла ў школу, то пашанцавала з настаўнікам працы, які яшчэ болей прывіў любоў да гэтага промыслу. Прывязалася Святлана Фёдараўна да яго ўсёй душой. Не раз заседжвалася аж да ночы за сваім любімым заняткам пасля цяжкай працы на калгаснай ферме, на ўласнай гаспадарцы. Але вышыванне было і ёсць для яе найлепшым адпачынкам. З гадамі асвоіла і вязанне кручком, і пляценне з бісеру, і вышыванне лентамі. Пра апошняе асобная гісторыя. Убачыла Святлана Фёдараўна ў адным часопісе, якія прыгожыя рэчы можна мець, і вырашыла паспрабаваць. Толькі адна бяда — падыходзячай іголкі ў яе не было. Успомніла, як некалі рабіў іголкі дзед з дрэва і сабе змайстравала такую. Вось гэтай самаробнай драўлянай іголкай і пачала вышыўку лентамі.


Цяпер жыве адна. І вышыванне надае ёй душэўнай раўнавагі, дапамагае пазбавіцца адзіноты. Натхненне на свае ўзоры чарпае з роднай прыроды. Менавіта яна служыць невычэрпнай крыніцай для кожнай рэчы. Усяго і патрабуецца майстрысе — крыху фантазіі, каб убачанае перанесці на матэрыял і перадаць праз адценні нітак.


Многіх рэчаў, вырабленых рукамі, цяпер няма. Параздавала сваім дзецям. Па словах Святланы Фёдараўны, у іх душах таксама закладзена цяга да прыгожага. І ў доказ гэтага паказвае выразаныя сынамі з дрэва фігуркі, карнізы, якія ёй падаравалі. Яна ўсе іх вельмі беражэ, бо лічыць, што ў гэтых рэчах захавалася цяплыня рук дзяцей, якія іх выраблялі.


 — Яны і вышываць вучыліся, — гаворыць майстрыха. — Цяпер вось і ўнучкі старэйшыя таксама з ахвотай бяруцца за іголку з ніткай. Сяду я вышываць, а яны тут як тут: навучы і нас бабуля.


Ганарыцца Святлана Макарэвіч сваімі дзецьмі і ўнукамі. Прыезд іх да роднай хаты з’яўляецца сапраўдным святам для маці. Гэта для яе яшчэ адна невычарпальная крыніца натхнення, бо усё, што робіць, гэта для іх.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.