РАСЧЫНІЛІСЯ ДЗВЕРЫ МЕМАРЫЯЛЬНАГА МУЗЕЯ МІКОЛЫ ГАМОЛКА

8 кастрычніка — дата, якая стала вынікам шмаграннай працы, што праводзілася ў раёне дзеля захавання памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі. У сярэдняй школе №1 райцэнтра менавіта ў гэты дзень адбылася святочная ўрачыстасць, прысвечаная адкрыццю мемарыяльнага музея паэта, празаіка, грамадскага дзеяча Беларусі. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел кіраўнікі раённых органаў улады, прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі раёна, работнікі адукацыі і культуры раёна, а таксама родныя і блізкія Міколы Гамолкі, педагагічны і вучнёўскі калектывы САШ №1 райцэнтра.


— Сапраўды ўнікальнай падзеяй мы распачынаем сёння свята 510-годдзя нашага райцэнтра — адкрываем мемарыяльны музей вядомага беларускага літаратара, пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі, — звяртаючыся да прысутных на беларускай мове, адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Нельга не дзякаваць лёсу, што на нашай зямлі нараджаліся і нараджаюцца таленты, якімі мы ганарымся, якія праслаўлялі і праслаўляюць родную зямлю ў сваіх творах. Мікола Гамолка — выдатны літаратар, які амаль усе свае творы прысвяціў роднаму кутку. Які мастацкі твор пісьменніка ні возьмеш — ва ўсіх размова пра наш палескі край, нават назвы населеных пунктаў аўтар практычна не змяняў. Мала ў нас беларускіх пісьменнікаў, якія былі б гэтак апантана ўлюбёныя ў той куточак зямлі, дзе нарадзіліся і выраслі. Мікола Гамолка з тых жа творцаў, хто шчыра любіў Жыткаўшчыну, хто заўсёды вяртаўся сюды, каб падыхаць родным паветрам, хто ўслаўляў Жыткавіцкі край, яго жыхароў на ўсю Беларусь, падкрэсліў краўнік раённай вертыкалі. Жыткаўчане, далей адзначыў ён, удзячны гэтай асобе з вялікай літары. Таму і стараюцца захоўваць памяць і прапагандваць сярод жыхароў раёна, асабліва моладзі і дзяцей, яго творы. У гонар пісьменніка ў 2003 годзе Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт прысвоіў гарадскому парку імя Міколы Гамолкі. Ініцыятыва творчай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры і адукацыі раёна аб далейшым працэсе ўвекавечання памяці таленавітага земляка была падтрымана раённым выканаўчым камітэтам, і, дзякуючы ажыццяўленню Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009-2015 гады, было выдаткавана 300 мільёнаў рублёў на будаўнічыя мэты і стварэнне самой экспазіцыі музея.


Ад імя Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора выказаў шчырую падзяку ўсім, хто стаяў ля вытокаў стварэння мемарыяльнага музея Міколы Гамолкі. Асабліва ж — родным і блізкім пісьменніка, якія перадалі ў музей асабістыя рэчы Мікалая Іванавіча, мэблю, рукапісы, і, зразумела, кнігі выдатнага празаіка. Бясспрэчна, усе экспанаты будуць захаваны для будучых патомкаў. Мікалай Какора падкрэсліў, што стварэнне такога музея — сведчанне таго, што наша дзяржава на чале з А.Р. Лукашэнкам падтрымлівае нашу беларускую духоўнасць, беларускае слова.


Ад імя сям’і пісьменніка на ўрачыстасці прысутнічаў яго сын Васіль разам з жонкай. Васіль Мікалаевіч шчыра падзякаваў раённай уладзе, творчай інтэлігенцыі, аддзелу адукацыі, педагогам і вучням школы за вялікую крапатлівую работу, што праведзена ў раёне па захаванню памяці бацькі, які любіў жыткавіцкі край, усёй душой імкнуўся сюды ў цяжкія і шчаслівыя моманты.


Ад імя грамадскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіў член Праўлення СПБ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” У.М. Гаўрыловіч. Уладзімір Мікалаевіч зрабіў невялікі экскурс, як пачынаўся адраджэнскі рух памяці пра Міколу Гамолку, падзякаваў ад імя Саюза пісьменнікаў раённаму выканаўчаму камітэту, які падтрымаў ідэю стварэння музейнай экспазіцыі, загадчыку аддзела адукацыі Ганне Лукашэвіч, збіральніцы звестак пра Міколу Гамолку Алене Птушко, родным і блізкім пісьменніка, з якімі давялося за гэтыя гады сустракацца, кантактаваць. На думку Уладзіміра Гаўрыловіча, зроблена вельмі і вельмі карысная справа. Гэта першы адкрыты з моманту знікнення з карты гісторыі савецкай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі літаратурны музей, які, бясспрэчна, будзе надта прыцягальным для вучняў, педагогаў, усіх аматараў мастацкага беларускага слова.


Падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да стварэння музея і Ганна Лукашэвіч, начальнік аддзела адукацыі, якая асабіста была знаёма з Міколам Гамолкам. Яе светлыя ўспаміны пра пісьменніка, нядаўнія сустрэчы з удавой літаратара і ўсёй сям’ёй, якія паабяцалі перадаць экспанаты ў музей, падахвоцілі да ініцыянавання ўключэння ў Дзяржаўную праграму адраджэння Прыпяцкага Палесся такога ўнікальнага праекту, ажыццёўленага мінскімі мастакамі-афарміцелямі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Федарэнчыка. І праект быў падтрыманы на ўсіх узроўнях, выдаткаваны сродкі. Зробленае, на думку Г. Лукашэвіч, прынясе карысць раёну, музей увойдзе ў маршрут “Залатога кальца Палесся”.


Права перарэзаць чырвоную стужку перад уваходам у музей дадзена кіраўніку райвыканкама М.Какору і сыну пісьменніка Васілю Гамолку. Яны ж першыя і пераступаюць парог музея. Тут для ўсіх прысутных вучні школы правялі першую экскурсію — расказалі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, пазнаёмілі з экспанатамі, якія перадалі ў музей родныя і блізкія пісьменніка-земляка.


Як адзначалі першыя наведвальнікі, музей ім спадабаўся. Яны па-новаму адкрываюць для сябе імя Міколы Гамолкі і абавязкова звернуцца да яго твораў, прысвечаных роднай зямлі. На развітанне М. Какора зрабіў першы запіс у кнізе водгукаў наведвальнікаў музея і выказаў спадзяванне, што зробленае — толькі пачатак, музей будзе дапаўняцца новымі матэрыяламі, тут будуць ладзіцца раённыя літаратурныя канферэнцыі.


Прыемна, што ў Жыткавічах з’явіўся прафесійны, калі можна так сказаць, музей. Добры пачатак, за якім трэба чакаць працягу.


У. ПРЫАЗЕРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.