ДВА ТВОРЧЫЯ ЛЁСЫ ПЕРАПЛЕЦЕНЫЯ ПЕСНЯЙ

Дзівіўся і цяпер дзіўлюся бязмежнаму песеннаму багаццю нашай зямлі. Сапраўды невычэрпная гэтая крыніца, у глыбінях старажытных – яе вытокі. Непадзельная яна з вялікай гісторыяй, аздобленая таямнічымі паданнямі, самабытнымі абрадамі і непаўторнай песеннай творчасцю многіх пакаленняў. Гэтая невычэрпная крыніца беражліва аберагалася на працягу стагоддзяў. І, нягледзячы на наступствы сучаснага не надта разумнага веку прагматызму і халоднага разліку, гэта крыніца яшчэ бруіцца. Адно, каб толькі не перарывалася сімвалічная повязь, а моладзь хутчэй зразумела, што гэта наш самабытны нацыянальны гонар, які трэба зберагчы, літаральна “на руках”, як крышталь, як нешта дарагое несці і, зразумела ж, развіваць, каб будучыя пакаленні не забылі, яны адкуль найменне беларускае займелі… — такі духоўны покліч пасяліўся ў сэрцах некалькіх сотняў жыхароў Турава і гасцей старажытнага гарадка, якія наведалі незвычайную вечарыну ў Тураўскім гарадскім Доме культуры.


Шчыра кажучы, гэта падзея агульнараённага гучання, і нават болей – рэспубліканскага. Старэйшаму калектыву Гомельшчыны, які даўно і па праву заслужыў прызнанне і любоў слухачоў і гледачоў сваёй непаўторнасцю, індывідуальным, беражлівым падыходам да народнай песні, заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь Тураўскаму народнаму хору споўнілася 65. І большую палову ад гэтай лічбы, не перашкаджаючы магутнаму і слаўнаму калектыву, а рознажанрава дапаўняючы яго, а дакладней 35 гадоў, ідзе побач па дарозе жыцця народны вакальны ансамбль “Ярок”. Абодва – гонар Жыткаўчыны, наша візітная картка. І абодва запрасілі аматараў сваёй творчасці на свой святочны вечар “Нам разам з песняй сотня год”. І годна, хвалююча і шчыра правялі яго.


Галоўным героем свята, наладжанага ў ГДК, была песня. Валянціна Ярмоліч, дырэктар мясцовага ачага культуры і вядучая свята, здолела так яго пабудаваць, каб яе, песні, было сапраўды шмат, ды і каб дасціпна данесці да чалавечых сэрцаў гісторыю стварэння калектываў, іх рэпертуарны “багаж”, і шчодра распавесці пра людзей, якія любяць песню, аддаюць увесь свой вольны час менавіта ёй. І гэта атрымалася.


Шчодра, па-тураўску, дарылі са сцэны самадзейныя артысты свой талент, сваё мастацтва землякам, тыя ўзаемна – хвалі апладысментаў, кветкі, усмешкі, і… слёзы радасці…


ІМЯ гэтага калектыва вядома далёка за межамі Беларусі не толькі шырокаму колу аматараў песеннага мастацтва, але і прафесіяналам. Выдатнымі самабытнымі песнямі, непаўторнай манерай выканання тураўлян былі ўражаны слухачы Масквы, многіх гарадоў былога Савецкага Саюза і, як цяпер прынята гаварыць, бліжняга і далёкага замежжа.


Цяжкім, але цікавым быў творчы шлях гэтага сапраўды народнага калектыва. А створаны ён быў адразу пасля заканчэння вайны, калі Беларусь пачала залечваць яе раны. І менавіта ў той выключны час, калі столькі гора перажыла наша зямля, столькі слёз было выплакана па загінуўшых, асабліва цанілася і запатрабавана была песня.


Якраз дэмабілізаваўся з арміі музыкант-аматар Сцяпан Радзіёнаў. Хутка афіцэр запасу заняў пасаду загадчыка аддзела культуры Тураўскага райвыканкама, і па ягонай ініцыятыве з невялікай групкі калгаснікаў сельгасарцелі “Новае жыццё” стварыў хор. Сцяпан Аляксеевіч і стаў яго першым кіраўніком. 12 жанчын і мужчын, сярод іх Васіль Правіла, Вераніка Рабірох, Вераніка Сарока, Лізавета Санец, Міхаіл Бобрык, Вульяна Царык, Якаў Дубноў і іншыя, у тыя нялёгкія гады, пасля знясільваючай працы збіраліся на рэпетыцыі, а пасля пешшу ці конна, на падводзе, па бездарожжы ездзілі па асірацелых вёсках, неслі людзям песню. Песня тая была не проста песняй – гэта была надзея на лепшае жыццё, што мір цяпер на нашай зямлі будзе заўсёды. Энтузіязм удзельнікаў хора літаральна перадаваўся вяскоўцам, тураўлянам. У калектыў пацягнуліся людзі, і ўжо ў 1946 годзе, пасля святочнага канцэрта, прысвечанага кастрычніцкім святам, у хор прыйшло шмат новых людзей, колькасна ён стаў налічваць 46 чалавек. А якая ж насычанасць была канцэртаў – іх самадзейныя артысты паказалі 44 разы па ўсіх навакольных вёсках!


Яшчэ большае колькаснае і якаснае развіццё творчага калектыву адбылося праз два гады, калі ў Тураве з’явіўся прафесійны музыкант Мікалай Бяспалаў. Вялікі знаўца і аматар харавой песні, ён хутка заваяваў аўтарытэт удзельнікаў хору, якіх павялічылася ў два разы. Упершыню хор стаў выконваць песні з суправаджэннем баяна. Першы кіраўнік хору Сцяпан Радзіёнаў засяродзіўся на стварэнні дзецішча хору – драматычнага калектыву, а поўнае кіраўніцтва харавым калектывам перадаў свайму таленавітаму калегу. Мікалай Бяспалаў яго не падвёў. З вялікім натхненнем ён расціў новых выканаўцаў, умела шліфаваў культуру выканальніцкага майстэрства. Кіраўнік хору тварыў, натхнёна і самааддана. Яго можна было бачыць у суседніх вёсках, дзе ён запісаў дзесяткі песень ад мясцовых спявачак, пажылых людзей, сам рабіў іх музычную апрацоўку, сам пісаў музыку на народныя тэксты і тэксты самадзейных мясцовых паэтаў. У рэпертуары калектыва з’явіліся аўтарскія песні многіх кампазітараў, асабістыя аўтарскія песні Міколы Бяспалава. Напружаная, але цікавая праца ўдзельнікаў хора і яго кіраўніка далі станоўчы плён: калектыў пачалі запрашаць выступіць на абласных нарадах. Выступаючы на першым абласным аглядзе самадзейных мастацкіх калектываў у Мазыры, калектыў заняў першае месца. Савецкая Беларусь святкавала сваё 30-годдзе, і хор з Турава годна прадставіў сваю творчасць на першым рэспубліканскім аглядзе калектываў мастацкай самадзейнасці – кіраўнік хора нават атрымаў Ганаровую грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1951 годзе на такім жа аглядзе хор чакаў яшчэ большы поспех – першае месца сярод сельскіх калектываў Беларусі! Гэта быў вялікі поспех. За высокае выканальніцкае майстэрства менавіта гэтаму палескаму калектыву быў аказаны вялікі гонар прадстаўляць Беларусь на дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Цікава тое, што выступаць тураўлянам давялося з прафесіяналамі, даўно вядомымі на ўвесь Савецкі Саюз калектывамі. Але і з гэтым экзаменам таленавітыя палешукі справіліся выдатна. Хор быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР, а кіраўнік – медалём “За працоўную доблесць”. У 1957 годзе за ўдзел ва Усебеларускім фестывалі моладзі і студэнтаў калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР.


Знамянальным для тураўскіх артыстаў быў 1962 год: калектыў выступае на многіх канцэртных пляцоўках краіны, пастановай урада Беларусі яму прысвоена ганаровае званне “Народны”, а М.Т. Бяспалаў стаў заслужаным дзеячам культуры БССР. У гэтым жа годзе хор выступаў у Калонным зале Дома Саюзаў на ўрадавым канцэрце. Затым былі многія і многія паездкі па гарадах вялікай краіны з канцэртамі, удзел у конкурсах і фестывалях, дзе народны хор з Турава становіцца шматразова лаўрэатам. Сведчанне таму – вялікая колькасць узнагарод, грамат і дыпломаў, якія беражліва захоўваюцца ў Тураўскім ГДК. За ўсімі гэтымі поспехамі стаялі людзі: удзельнікі хору, кіраўнікі і работнікі культуры.


У 1964 годзе Мікалай Бяспалаў пераязджае ў Гомель, дзе яго чакала праца ў абласным Доме народнай творчасці, а кіраўніцтва хорам прыняў Сяргей Рыгоравіч Белка. Праз год народны хор на працягу дзесяці дзён выступаў на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адкуль прывёз бронзавы медаль ВДНГа, а яго кіраўнік – ганаровую грамату.


Усё сваё жыццё С.Р. Белка прысвяціў рабоце ў галіне культуры. Яго багаты, цудоўны талент музыканта, спевака, паэта, гумарыста заўсёды запаланяла любую аўдыторыю слухачоў. Больш дваццаці пяці год гэты неўтаймаваны, нераўнадушны чалавек кіраваў народным хорам. Заслугі С.Р. Белкі адзначаны многімі высокімі ўзнагародамі. Сярод якіх – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, грамата ВДНГ СССР, нагрудны знак Міністэрства культуры краіны і іншыя. Але галоўнае – гэта ўдзячнасць саміх самадзейных артыстаў свайму кіраўніку і тураўлян. У гэты зорны час для калектыва было шмат запісаў на тэлебачанні, шмат канцэртаў гучала па беларускаму і саюзнаму радыё.


У 1972 годзе калектыў атрымаў дыплом 2-ой ступені за ўдзел у Рэспубліканскімфестывалі мастацкай самадзейнасці, у 1985 годзе стаў дыпламантам Усесаюзнага агляду самадзейнай творчасці, прысвечанага 40-годдзю Перамогі, стаў дыпламантам Другога Усесаюзнага фестывалю.


Ішоў час. Багацеў рэпертуар хора, расло яго творчае майстэрства. Творчая дзейнасць прыносіла радасць не толькі ўдзельнікам хора, яна не дала згаснуць сапраўднай народнай творчасці, песні народнага хору ўвайшлі ў нацыянальную скарбніцу – фонд беларускага радыё. Калектыў надта ўдзячны старэйшым удзельнікам хора А. Дзедавец, Е. Дубновай (ужо пайшлі з жыцця), Л. Радзіёнавай, В. Какора, В. Леўкавец, К. Карняйчук, Л. Комар, В. Ніцэвіч, Н. Волкавай, С. Страх і многім іншым, людзям, для якіх песня стала другой прафесіяй, а калектыў – сапраўднай другой сям’ёй.


Пакінуў добрую памяць пра сябе ў калектыве, пайшоўшы на пенсію, Сяргей Рыгоравіч Белка: “Песня аб Тураве”, напісаная ім у час ягонага кіраўніцтва калектывам, хор з задавальненнем выконвае і зараз. Сяргей Рыгоравіч быў шчодрым чалавекам, і на адпачынку не забываўся пра калектыў, сустракаўся з ім, прыходзіў на юбілейныя вечарыны, радаваўся, што хор жыве. У мінулым годзе, адзначыўшы сваё 80-годдзе, ён ціха пайшоў з жыцця…


Іван Архіпавіч Шруб і Іван Васільевіч Якушэвіч працягвалі справу стваральнікаў хора – яны ўзначальвалі нядоўгі час народны калектыў. З 1996 года кіруе мастацкім калектывам педагог з музычнай адукацыяй Васіль Адамавіч Птушко. Таленавіты кіраўнік, улюбёны ў сваю справу – так скажуць праз гады пра гэтага самабытнага творцу. Васіль Адамавіч – аўтар многіх песень, якія выконваюцца народным хорам. Калектыў актыўна пад яго кіраўніцтвам працуе над адраджэннем беларускай народнай песні, вернуты з забыцця такія народныя шадэўры, як “Ой скарэй бы вячора даждаці”, “Што ў лузе там мармыча”, “Ой ты хмель, мой хмялёк” і іншыя.


У 1998 годзе Тураўскі народны хор становіцца дыпламантам на першым Усебеларускім фестывалі народнай творчасці “Беларусь – мая песня”, праз год – дыпламантам абласнога фестывалю харавога мастацтва імя Т.К. Лапацінай. Такой адзнакі калектыў удастоены за творчае развіццё песеннай спадчыны, высокае выканаўчае майстэрства і папулярызацыю харавога жанра.


Не сталі выключэннем і апошнія пяць гадоў – народны хор з’яўляецца пастаянным удзельнікам аглядаў-конкурсаў і фестываляў самадзейнай творчасці, на якіх нязменна выходзіць пераможцам.


Трэба падкрэсліць, што ад фальклорных апрацовак калектыў зрабіў сур’ёзны крок да выканання аўтарскіх песень. У рэпертуары творы кампазітараў М. Бяспалава, С. Белка, В. Птушко, І. Кузняцова, А. Гросса, А. Шырокава, М. Чорнага, М. Кудрына і іншых, а таксама апрацоўкі ўкраінскіх, рускіх, беларускіх песень і фальклорных матываў Тураўшчыны.


Сёння майстэрства выдатнага палескага калектыва вядома нават і ў Германіі. У 1995 і 1999 гадах вакальная група хора і салісты выязджалі на гастролі ў Заходнюю Еўропу, дзе было дадзена 47 канцэртаў па лініі дабрачынных арганізацый, якія прымаюць на аздараўленне беларускіх дзетак. Выканальніцкае майстэрства тураўскіх артыстаў проста зачаравала немцаў.


Шэсць з паловай дзесяткаў год на сцэне… Упэўненым поступам Тураўскі народны хор ідзе да новых вяршынь. І дасягае іх. Нагадаем апошнія. У 2002 годзе калектыў атрымаў “гран-пры” чарговага абласнога фестывалю харавой творчасці імя Т.К. Лапацінай (да гэтага тры гады таму адзначаны дыпломам гэтага фестывалю!). У 2003 і 2005 гадах – хор становіцца лаўрэатам усебеларускага фестывалю “Беларусь-мая песня”.


З таго часу, а менавіта з 2005 года, Тураўскі народны хор мае статус Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Двойчы самадзейныя артысты віталі кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі падчас рабочага візіту ў Тураў і Жыткавіцкі раён. Прэзідэнт высока ацаніў выканаўчае майстэрства тураўлян. Калектыву былі выдаткаваны фінансавыя сродкі на набыццё музычных інструментаў, набыты новыя сцэнічныя касцюмы, а для найлепшай арганізацыі гастрольнай дзейнасці дзяржавай падораны новы аўтобус. У час святкавання 60-годдзя калектыву намеснік міністра культуры Беларусі У. Градзюшка ўручыў народнаму хору віншавальны ліст ад кіраўніка беларускай дзяржавы…


Але галоўнае ўсё ж — не столькі афіцыйнае прызнанне і ўзнагароды. Галоўнае, што наш нялёгкі час не загасіў у людзей іскрынку светлай любві да песні, жадання прыносіць радасць людзям, радавацца і радаваць другіх, адраджаць свой каштоўны нацыянальны скарб.


Песняй народнай, праўдзівай, як хлеб, вывяраюць свае думкі, эмоцыі, душэўныя памкненні ўдзельнікі гэтага выдатнага калектыву сёння. У надзвычай багатым песенным краі яна бруіцца чыстай крыніцай. Схіліся і зрабі глыток чыстай вады, і адчуеш, што такое вечнасць…


ГІСТОРЫЯ стварэння гэтага выдатнага калектыва непарыўна звязана са славутым Тураўскім народным хорам (створаны ў 1945 годзе вялікім знаўцам і аматарам народнай творчасці, таленавітым самадзейным артыстам С.Р. Белка): пры даволі частых выступленнях хора з канцэртнымі праграмамі ўзнікла неабходнасць унесці жанравую разнастайнасць. Хорам кіраваў (1972 – 1980 г.г.) І.А. Шруб, які ў 1975 годзе і стварыў пры ім вакальны ансамбль. Анастасія Дзедавец, Яўгенія Дубнова, Галіна Забеліч, Лідзія Белка, Вера Балбуцкая, Валянціна Сайчук, Наталля Цітова, Кацярына Кошман, Валянціна Леўкавец (Наталля Волкава, Зінаіда Дамашкевіч далучыліся пазней) выконвалі беларускія народныя песні, былі частымі гасцямі на сцэнах сельскіх клубаў у тыя гады. Чыстай крыніцай бруіліся песні, неслі радасць людзям. Паэтычны вобраз жывой крыніцы, чыстай вады, што наталяе смагу, і лягло ў аснову першай назвы калектыва – “Крыніцы”.


З 1979 года мастацкім кіраўніком ансабля стала Кацярына Пятроўна Домніч, якая прыклала шмат намаганняў, каб “Крыніцы” заваявалі папулярнасць. Для самадзейных артыстаў — людзей розных узростаў, аб’яднаных любоўю да песні — яна была духоўным настаўнікам, пры ёй калектыў заўважылі ў раёне, запрасілі выступіць у праграме “Вячоркі” рэспубліканскага тэлебачання. Потым здымкі ў Гомелі… Поспех прыходзіў паступова, але трывала і надоўга, ён быў заслужаны вялікай, нястомнай творчай працай, пошукамі, працяглымі рэпетыцыямі. Багацеў год ад году рэпертуар.


Сапраўдны поспех прыйшоў пасля выканання песні “Цячэ вада ў ярок” – Кацярына Пятроўна Домніч сама зрабіла апрацоўку гэтай песні, якую ўдзельнікі ансамбля запісалі ў жыхароў вёскі Любавічы. Пасля быў запіс на тэлебачанні. У Тураў пасыпаліся ўдзячныя пісьмы, а песню заспявала Беларусь. Ансамбль набыў папулярнасць, яго ўжо з задавальненнем запрашалі ў розныя куткі рэспублікі. Слухачоў падкупляла беражлівасць і далікатнасць, з якой калектыў адносіўся да народнай песні, высокае выканальніцкае майстэрства… Песня “Цячэ вада ў ярок” стала візітнай карткай калектыва, і ў 1986 годзе ён стаў называцца “Ярок”.


Выканальніцкае майстэрства ансамбля ў далейшым шліфавалася на сцэнах прылягаючых да Турава вёсак, раённага цэнтра Жыткавічы, Брагіна, Хойнікаў, Лельчыц, Мазыра, Петрыкава, Рэчыцы, Століна, Кобрына, Гомеля, Мінска, Радомышля (Украіна) і г.д.


У 1983 годзе ўдзельнікі ансамбля выступалі ў Чэхаславакіі разам з народным ансамблем танца “Прыпяць” у час правядзення дзён дружбы гарадоў-пабрацімаў Гомеля і Будаёвіцы.


Калектыў прымаў удзел у першым, а пасля, у 1988 годзе, і ў другім Усесаюзным фестывалі самадзейнай народнай творчасці, на заключным фестывалі прадстаўляў Гомельскую вобласць у г. Мінску, стаў лаўрэатам гэтага маштабнага фестывалю. Тураўскі Дом культуры быў адзіным з устаноў культуры рэспублікі, якому было прадастаўлена права выступаць на гала-канцэрце з двума нумарамі. “Ярок” быў параўнальна мацнейшым у творчым плане – і стаў лаўрэатам. Медалём “За высокую творчую работу ў мастацкай самадзейнасці” ўзнагароджана была і К.П. Домніч. А ў 1991 годзе калектыву было прысвоена званне народнага…


Напэўна, ніводзін статыст не змог бы падлічыць, колькі за 25 гадоў гэты ўнікальны калектыў даў канцэртаў, колькі пройдзена кіламетраў дарог, колькі раз самадзейныя тураўскія артысты ступалі на розныя сцэны, імправізаваныя пляцоўкі, колькі раз выходзілі на “біс”… У рэпертуары калектыва звыш 300 вакальных твораў, у аснове якіх беларускія народныя песні, якія спявалі нашы бабулі, украінскія, рускія народныя песні. Самабытнае мастацтва калектыва “Ярок” заўсёды выклікае захапленне і ўдзячнасць гледачоў, цікавая і арыгінальная яго праграма. Песні каляндарнага і сямейна-абраднага цыклаў “Ой за дваром”, “Пасеялі дзеўкі лён”, “Жураўка”, “Вечар цёмны”, “Вяселле”, сучасных беларускіх аўтараў кранаюць душу, абуджаюць у ёй патаемнае, добрае, узнёслае.


“Ярок” выступаў у Германіі, у Расіі, Украіне. Ён станавіўся лаўрэатам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнароднага конкурса гарманістаў “Дружба-96” – братоў Завалокіных. У 1998 і 2005 гадах тураўскія спевакі прамаюць удзел ва Усебеларускім фестывалі народнай творчасці “Беларусь – мая песня” і атрымліваюць дыплом лаўрэата. У 1995, 1999 і 2003 гадах “яркоўцы” паказвалі сваю канцэртную праграму нямецкім гледачам, і выклікалі шмат станоўчых водгукаў у нямецкіх сродках масавай інфармацыі. На свяце беларускага пісьменства ў Полацку ў 2003 годзе народны вакальны ансамбль “Ярок” за высокае выканальніцкае майстэрства атрымаў падзяку міністра інфармацыі.


Калектыў прымаў удзел у рэспубліканскіх “Дажынках-2007” у г. Рэчыца, у Дні беларускага пісьменства ў Барысаве (2008 год), у свяце “Мір мёду-2008” у г. Магілёве. Калектыў, хоць і дасягнуў вышынь майстэрства, заўсёды ў пошуку новага. З 2003 года кіраўніком “Ярка” стала Таццяна Віктараўна Папок – апантаны, улюбёны ў сваю справу чалавек. У рэпертуары народнага вакальнага ансамбля “Ярок” такія цудоўныя беларускія песні, як “Маруся”, “Вясёлая староначка”, “А ў гародзе буркун” і іншыя. Калектыў працягвае добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў, па-ранейшаму сагравае людскія сэрцы, душы, пачуцці…


ХОРАША на юбілейнай вечарыне выступалі абодва калектывы. Яны і гледачы перанесліся на некалькі гадоў назад, дзякуючы сучасным магчымасцям – так, на экране дэманстраваўся запіс успамінаў аб стварэнні калектываў былога кіраўніка хору С. Белка, (ён яшчэ ўдзельнічаў у святкаванні 60-годдзя калектыву). Ветэраны калектыву Наталля Волкава, Любоў Радзіёнава, Уладзімір Прыбалавец, Рыгор Багай, Валянціна Леўкавец шчыра прызнаваліся ў любові да песні, з якой звязана цалкам усё жыццё, ды і да кіраўніка Васіля Птушко: толькі пачуюць яго голас па тэлефоне і забываюць на ўзрост, спяшаюцца ў свой Дом культуры. Хваляваўся ад такіх прызнанняў Васіль Адамавіч, але ж ён, таленавіты харавік, сапраўды заслугоўвае такіх удзячных слоў. І ў рэпертуары хору, што важна, нямала музычных твораў, якія створаны ці апрацаваны ім. Ды і “Ода Тураву”, створаная Птушко, стала пасля гімнам старажытнага Горада – сведчанне прызнання людзьмі яго таленту, які будзе яшчэ доўга “працаваць” на карысць землякоў і творчасці.


Не ўяўляе свайго жыцця без “Ярка” і Таццяна Віктараўна Папок, якая адзначае ўжо другі па ліку юбілей калектыву ў якасці яго кіраўніка. Як адзначыла Кацярына Домніч, былы кіраўнік гэтага арыгінальнага калектыву, менавіта гэтая дзяўчына прынесла ў калектыў новае дыханне, новы імпульс.


Не будзем пералічваць, колькі ўзнагарод атрымалі кіраўнікі калектываў, самадзейныя артысты. Шмат іх было, як і кветак, апладысментаў. І добрых слоў, якія выказалі намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч, вядучы метадыст па вакальна-харавому майстэрству Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Яновіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Агіевіч, старшыня Тураўскага гарвыканкама Ігар Міцюрыч. І музычных падарункаў-прывітанняў, якія зрабілі народны ансамбль народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” (мастацкі кіраўнік Н. Волкава), народны ансамбль танца “Прыпяць” (мастацкі кіраўнік А.Пяшэвіч), самы малады калектыў Тураўскага дома культуры цыганскі ансамбль песні і танца (мастацкі кіраўнік М. Яноўская). Надзвычай жыццярадасна, весела і арыгінальна, так, што нельга было не стрымаць слёз радасці і захаплення, выступілі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Верас” Верасніцкага цэнтра традыцыйнай культуры (мастацкі кіраўнік В. Калоська) і яе песенна-частушачны лідар Лідзія Савічна.


Усе, хто выступаў са сцэны, нараўне з пажаданнямі хвалююча звярталіся да моладзі: далучайцеся да важнай справы песеннай творчасці, не дапусціце знікнення ўнікальнай спадчыны, якая стала нашым нацыянальным гонарам. Хацелася б, каб гэта было пачута, і каб маладыя ручайкі ўліліся ў паўнаводную пакуль раку Тураўскага народнага хора і “Ярка”…


Прыхільнікі народнага мастацтва атрымалі сапраўды надзвычай вялікі падарунак ад талентаў нашай зямлі. Дзеля гледача, як падкрэсліла Валянціна Ярмоліч, завяршаючы свята, нашы артысты і працуюць. І сімвалічна, што прыціснуўшы правую руку на сэрцы, развітваючыся з гледачамі, яны сказалі яму: “Сардэчна дзякуем!” І запрасілі на новыя сустрэчы з песнямі. Яны абавязкова будуць.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ. НА ЗДЫМКАХ: у час унікальнага свята ў Тураве.


PS. Ад імя рэдакцыйнага калектыву стваральнікаў “Новага Палесся” сардэчна віншуем удзельнікаў мастацкіх калектываў з юбілеямі. Няхай заўжды над нашым палескім кутком лунае родная песня! Здароўя, шчасця, натхнення вам, землякі!

Два творчыя лёсы, пераплеценыя песняй

У Тураве адбылася падзея агульнараённага гучання, і нават болей – рэспубліканскага. Старэйшаму калектыву Гомельшчыны, які даўно і па праву заслужыў прызнанне і любоў слухачоў і гледачоў сваёй непаўторнасцю, індывідуальным, беражлівым падыходам да народнай песні, заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь Тураўскаму народнаму хору споўнілася 65.


І большую палову ад гэтай лічбы, не перашкаджаючы магутнаму і слаўнаму калектыву, а рознажанрава дапаўняючы яго, а дакладней 35 гадоў, ідзе побач па дарозе жыцця народны вакальны ансамбль “Ярок”. Абодва – гонар Жыткаўшчыны, наша візітная картка.


І абодва запрасілі аматараў сваёй творчасці на свой святочны вечар “Нам разам з песняй сотня год”. І годна, хвалююча і шчыра, правялі яго. Пра гэтыя і іншыя падзеі ў жыцці нашага раёна чытайце ў наступным нумары раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.