Далёка ад райцэнтра, блізка да землякоў

Наша размова – са старшынёй Мілевіцкага сельсавета М.А. ПРЫШЧЫКАМ.


— Міхаіл Адамавіч, дык што сабою на сённяшні дзень уяўляе ваш Савет? Які яго, так бы мовіць, сацыяльны пашпарт?


— У сямі яго населеных пунктах — Мілевічах Беразняках, Грабаве, Залюцічах, Ёвічах, Новых Залюцічах і Новых МІлевічах — знаходзяцца 643 людскія гаспадаркі, на сядзібах якіх пражывае 1239 чалавек. Найбольшая вёска, цэнтр Савета і асяродак усяго навакольнага жыцця — Мілевічы. Тут у 225 домаўладаннях пражывае 514 чалавек. А вось у Ёвічах засталася 21 гаспадарка, тут дажываюць свой век 36 пенсіянераў. Цікавыя тэндэнцыі прасочваюцца ў мужчынскім і жаночым асяроддзі. Калі жанчын працаздольнага ўзросту засталося толькі 197, то мужчын — 354. І, наадварот, сярод пенсіянераў 399 жанчын і ўсяго 166 мужчын.


Да паслуг мясцовага насельніцтва, маіх шаноўных землякоў – сярэдняя школа ў Мілевічах, фельчарска-акушэрскія пункты ў Беразняках, Новых Залюцічах і Мілевічах, тры лясніцтвы, адзін Дом культуры і пяць клубаў, тры бібліятэкі, сем крамаў райпа і два прыватныя магазіны, пажарны пост. Што датычыць дэмаграфічнай сітуацыі, то вясёлага тут мала: у мінулым годзе нарадзілася сямёра дзетак, было аформлена шэсць шлюбаў, а памерла 42 чалавекі.


— Скажыце, а які пульс у сельскай гаспадаркі – як дзяржаўнай, так і прыватнай? Кажуць, што прыклад іншым тут падае сам старшыня Савета?


— Так, уласны прыклад у любой справе – самы пераканаўчы, ён красамоўней за самае палымянае слова. Жыву я ў вёсцы Грабава, у нас з жонкай пяцёра дзяцей, таму без працы на зямлі, на ўласным падворку ніяк нельга. Ды назавіце тыя часы, калі вясковае начальства, вясковая інтэлігенцыя цуралася працы на сотках і ў агародзе, грэбавала сельскай работай. Яны ніколі беларучкамі, гультаямі не былі. Мы, напрыклад, заўсёды трымалі дзве каровы. Зараз ва ўласным карыстанні адна рагуля, конь, свінні, гусі. А на прыватным падворку ў цэлым на тэрыторыі сельсавета налічваецца 131 карова. У цяпер ужо былым, некалі буйным мясцовым саўгасе “Случ” налічвалася 6 тысяч галоў жывёлы. Саўгас скасавалі, засталіся толькі фермы ў Беразняках і Новых Залюцічах, тут працуюць два брыгадзіры і адзін іх памочнік. Зараз гэтыя фермы ўваходзяць у склад КСУП “Людзяневічы”. Пастарэла насельніцтва, няма ўжо моцы ў многіх абрабляць зямлю, працаваць на важкія ўраджаі. Дастаткова сказаць, што калі раней мы давалі жадаючым апрацоўваць на тарфяніках 40 гектараў зямлі, то ў апошні год гэтыя патрэбы ўпалі да 6. У Мілевічах, Грабаве, Беразняках праблем з апрацоўкай сваіх участкаў, пачынаючы сяўбой, пасадкай і заканчваючы ўборкай вырашчанага ўраджаю, няма – у прыватнікаў маецца ўся неабходная тэхніка ды прычапны інвентар. Толькі разлічыся своечасова…


Ёсць, праўда, і парасткі новага, сучаснага. Маю на ўвазе фермерскі рух. Так, наша зямлячка Таццяна Емельяновіч афармляе дакументы на вядзенне ўласнай гаспадаркі на 20 гектарах сельгасугоддзяў. Ёй бязвыплатна аддаюцца два жывёлагадоўчыя памяшканні. Жанчына мае намер займацца свінагадоўляй і вырошчваннем гародніны.


— Калі браць, Міхаіл Адамавіч, вашы найвастрэйшыя пытанні. У першую чаргу прыходзіць у галаву ваша вялікая аддаленасць ад райцэнтра. Вунь на спідометры нашай рэдакцыйнай машыны каля васьмідзесяці кіламетраў накруціла.


— Так, вялікая аддаленасць ад райцэнтра накладвае пэўны адбітак на нашу работу і дзейнасць, бо, напрыклад, часам дастаўка таго ці іншага груза, тавару абыходзіцца больш, чым сам яго кошт. Ад Мілевіч у Жыткавічы — 75 кіламетраў. Але нічога не паробіш, мы ўжо звыкліся да гэтага, тут нам Богам і лёсам жыць наканавана.


Вырашэнне вострых пытанняў часам залежыць ад пары года, кожная з якой мае сваю спецыфіку. Першаступеннае значэнне зімою, як вядома, мае ачыстка дарог ад снегу. Мы загадзя заключылі адпаведную дамову з прыватнікам, які павінен чысціць іх своечасова і якасна.


А ёсць праблемы, вобразна кажучы, скразныя, што не залежаць ад пары года, і вырашаць іх трэба як зімою, так і летам. І ў першую чаргу гэта работа з нядобранадзейнымі сем’ямі. Не знята вастрыня праблемы ў рабоце з супрацоўнікамі міліцыі. Узаемадзеянне тут павінна быць больш цеснае. Многага мы не патрабуем — хаця б два разы на тыдзень наш Савет наведаў супрацоўнік райаддзела міліцыі. Нікуды не схаваеш і праблему працаўладкавання асобных нашых грамадзян. Але хто шукае, той знаходзіць выхад са становішча: збіраюць, нарыхтоўваюць і здаюць ягады (у нас цудоўныя журавінныя мясціны), бярозавыя пупышкі, рэжуць венікі. Прычым як прадстаўнікі сярэдняга ўзросту, так і моладзь, пенсіянеры.


— А на які актыў у сваёй рабоце абапіраецца старшыня?


— У першую чаргу гэта кіраўнік справамі сельвыканкама Тамара Аляксандраўна Маркевіч, якая на гэтай пасадзе больш дваццаці гадоў. У наш актыў уваходзіць дзесяць дэпутатаў, да таго ж у кожнай вёсцы маецца давераная асоба. Хацелася б назваць пенсіянерку Кацярыну Іванаўну Глушань – старасту вёскі Ёвічы, актыўную ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці, Аляксандра Васільевіча Лахвіча – начальніка пажарнага паста, бацьку пецярых дзяцей.


Кантралюем выкананне сацыяльных стандартаў, у тым ліку па электраасвятленні, забеспячэнні людзей палівам, адсочваем работу грамадскага транспарту. Трэці год запар наш сельсавет займае прызавыя месцы ў конкурсах на лепшы падворак. Згодна распрацаванага загадзя графіка выязджаем на сустрэчы з людзьмі ў кожны населены пункт Савета. Пастаянная ўвага – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы. У кожнай вёсцы ёсць магазін, клуб. Шырока вядомы як у сельсавеце, раёне, так і за межамі Жыткаўшчыны нашы народныя гурты “Стрэчанне” і “Крыніца”. Ранейшы крылаты выраз “Ёсць хлеб – будзе песня” у нас застаецца ў сіле.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.