Казка, якую падарылі сабе тураўляне

На бераг Прыпяці ў старажытным горадзе сышліся і малы, і дарослы, каб паўдзельнічаць у тэатралізаваным свяце “Купала”


Гэты даўні стараславянскі звычай вядомы пад рознымі назвамі і належыць да ліку самых загадкавых і яркіх вясёлых свят летняга цыкла. Нашы продкі традыцыйна ўшаноўвалі дзень летняга сонцастаяння і пакланяліся найвышэйшаму росквіту жыватворных сілаў зямлі, прасілі прыплоду ў адрыне і на полі, у садзе і ў лесе. Ім здавалася, што ў купальскую ноч можна раскрыць таямніцы прыроды і стаць калі б не фізічна, то духоўна багатым…


Трэба сказаць, што свята гэта не згубілася праз вякі і па-ранейшаму карыстаецца пашанай  у палешукоў. З яго “знік”, магчыма, раней існаваўшы рэлігійны падтэкст, засталася толькі  аб’яднальная традыцыя – запальваць у сэрцах людзей розных узростаў агонь памяці, духоўнасці. Дык што ж у гэтым кепскага, калі на гадзінку патрапіш у казку?


Так, нястомная Валянціна Ярмоліч, дырэктар Тураўскага гарадскога Дома культуры, разам са сваімі калегамі, рыхтуючы тэатралізаванае свята “Купала”, імкнулася падарыць людзям сапраўдную казку, а праз яе далучыць кожнага жыхара і госця горада  да разумення, што мы не з пустэчы паўсталі, што вось яна, наша Зямелька-маці з рэкамі і азёрамі, хоць і надакучыўшым апошнія дні дажджом, але і ён у час — блага, бо поіць засеянае поле, квітнеючыя лугі, таямнічыя лясы, дзе жылі нашы продкі, і пакінулі нам пра сябе памяць у назвах паселішчаў і рэк, маўклівых курганоў, у звычаях і мове. І я, як чалавек, ці заўсёды задумваюся, дзеля чаго жыву,  ці думаю пра тое, што мяне аб’ядноўвае з людзьмі, што жывуць побач, ці берагу гэтую памяць, ці берагу прыроду для сваіх дзетак?


Скажаце: казка – хлусня? Няхай так, але хочацца і абмануцца, каб зніклі ўсе заганы і жорсткасць і нялюдскасць з зямлі. Хочацца адчуць сябе народам – моцным, вольным, шчаслівым. І дзеля гэтага адчування прыдатна ўсё, на мой погляд. Нават і купальская казка прыгодная дзеля таго, каб яднаць і жывіць наш нацыянальны менталітэт.


Тураўская казка, дзякуючы культработнікам, якія заўсёды праводзяць масавыя мерапрыемствы (прабачце, гэта мой аўтарскі погляд!) лепей, чым дзе ў раёне, прыцягальная месцічам. Яна ім проста падабаецца. Таму, падалося, што, магчыма, увесь трохтысячны Тураў, завітаў на бераг ракі побач з Замкавай гарой, каб прасякнуцца святам, якое – атрымалася! Атрымалася сваёй культурнай традыцыяй, непадробнай весялосцю, можна нават сказаць, падкупіла наіўнасцю, шчырасцю. Я не памятаю, калі бачыў столькі ўсмешак і напоўненых радасцю вачэй дарослых і малых, дзядуль і бабуль. Усе яны былі разам, адчувалі сябе адной сям’ёй. І гэта было прыемна адчуваць сябе адной сям’ёй.


Ці варта пераказваць сюжэт купальскага свята? Наўрад ці трэба гэта рабіць (пакажам падзею праз фотаздымкі)! Толькі скажам, што сюжэтная лінія, згодна рэжысёрскай задумцы Валянціны Ярмоліч, “увязала” ў адно цэлае цэлыя эпохі нашага краю, шматлікія легенды і паданні. Быў тут і ачышчальны агонь, вялікі і малы, былі і скокі праз агонь, якія павінны вызваліць ад злосці, хворасцей і дурнога вока, было тут і Кола – сімвал свята – увасабляючае вобраз нябеснага свяціла, былі тут пошукі папараць-кветкі і крыху варажбы. Дзяўчаты дарылі вялікай рацэ праз рамонкавыя вяночкі свае самыя патаемныя думкі, а хлопцы цікавалі за імі ў гэты час…


Культ вады, агню, кахання і дабрыні, можна сказаць, рэальна прысутнічаў на свяце, у якім удзельнічала мноства народу. Удзельнічала з задавальненнем, з жаданнем і радасцю і гукала ўслед за вядучымі, Лелем і Лелей (хлопец і дзяўчына), Старэйшынамі роду (жанчына і мужчына), старой русалкай Маўкай са сваёй світай: “На здароўе! На каханне! На ўраджай! На шчасце! На прыплод!.. ”


Што ж, няхай усё загаданае абавязкова збудзецца! А казка няхай абавязкова паўторыцца!


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.