Сырныя перспектывы для Турава

Нібы на дражджах за апошнія месяцы на ўсходняй ускраіне Турава растуць вытворчыя карпусы новага прадпрыемства – завода па перапрацоўцы малака. Будаўнікі стараюцца, бо пастаўленая перад імі задача даволі няпростая – выканаць аб’ём работ, разлічаных на некалькі гадоў, да канца бягучага.


Асноўныя будаўнічыя работы выконвае літоўская фірма “Алвара”.


— Работы распачалі на гэтым аб’екце вясной мінулага года, — расказвае кіраўнік праекта Рымантас Ванагас. – Паспяхова ўзводзім каркасы вытворчых памяшканняў і наружныя сцены. Адначасова на будоўлі зараз працуе больш за сто чалавек. З часам колькасць будаўнікоў павялічыцца да трохсот. Гэта, калі пабольшае аб’ёмаў работ.


Акрамя літоўскіх спецыялістаў, на ўзвядзенні такога прамысловага гіганта для нашага раёна працуюць і беларускія будаўнікі, у прыватнасці, з нашага раёна. Напрыклад, працаўнікі ДЭУ -111 выканалі неабходныя земляныя работы, завезлі на будаўнічую пляцоўку восемдзесят тысяч кубічных метраў пяску. Свой уклад на ўзвядзенні малочнага камбіната ўносяць і будаўнікі з ПМК-76. Адзначым, што добрым тэмпам будаўніцтва спрыяе менавіта такое супрацоўніцтва розных арганізацый, а яшчэ, што фірма “Алвара” мае вялікі вопыт узвядзення такіх буйных паб’ектаў. Да таго ж яна добра аснашчана неабходнай тэхнікай плюс граматная арганізацыя работ ды дзейснае кіраванне ўсімі працэсамі. Не было зрываў і з фінансаваннем аб’екта, што дазваляла набываць своечасова ўсе неабходныя матэрыялы. Дарэчы, яны ў асноўным беларускай вытворчасці. Скажам, што і надвор’е спрыяла дагэтуль будаўнікам, таму яны здолелі нагнаць упушчаны час, калі вялі земляныя работы. І цяпер уся справа вядзецца згодна зацверджаных графікаў.


Дырэктар будучага прадпрыемства Аляксей Дзянісаў мае вялікае спадзяванне, што будаўнікі не падвядуць, і як запланавана, завод запрацуе ў кастрычніку-лістападзе бягучага года. Адначасова з будаўнічымі работамі закупляецца і абсталяванне для будучага завода. Палова яго ўжо дастаўлена на месца, на недастаючую частку размешчаны заказы на заводах у Германіі і Італіі. Нагадаем, што вырабляць на Тураўскім малочным камбінаце плануюць элітныя сыры, у прыватнасці, мацарэлу і іншыя на яе аснове сыры, што не патрабуюць доўгага тэрміну паспявання. Такая прадукцыя на цяперашні час запатрабаваная на рынку. Таму 70 працэнтаў яе мяркуецца адгружаць на экспарт. Яшчэ ў працэсе будоўлі малочнага камбіната акцыянерамі прадпрыемства прынята рашэнне аб павелічэнні яго магутнасцей. Калі раней планавалася, што за суткі будзе перапрацоўвацца толькі 250 тон малака, то згодна новых планаў з пускам другой чаргі (адбудзецца гэта ў 2017 годзе) першая лічба вырасце да 400 тон малака за суткі. Пачнецца ж перапрацоўка малака сёлета з пяцідзесяці тон. Несумненна, што зараз прапрацоўваюцца пытанні кіраўніцтвам завода па стварэнні сыравіннай базы.


— Задача для нас стаіць не столькі ў тым, дзе набыць такую колькасць сыравіны, а дзе набыць малако высокай якасці, — расказвае дырэктар прадпрыемства Аляксей Георгіевіч Дзянісаў. – За малако высокай якасці мы можам адпаведна і плаціць больш высокую цану, усё ж наша вытворчасць экспартаарыентаваная.


Унікальнасць ствараемага прадпрыемства яшчэ і ў тым, што на ім будуць прымяняцца самыя сучасныя тэхналогіі, што дазволіць атрымліваць прадукцыю самай высокай якасці, а яе вытворчасць будзе практычна безадходнай. Напрыклад, з салодкай сыроваткі будуць атрымліваць мяккія сыры, а салёная пойдзе на тэхнічныя патрэбы. Разам са сцёкамі яна на спецыяльнай устаноўцы будзе ператварацца ў біягаз, які будуць скарыстоўваць у якасці паліва ў заводскай кацельні.


Таксама прадпрыемства, акрамя асноўнага і іншых дапаможных вытворчых карпусоў, адміністрацыйнага будынка, будзе мець і свае фірменныя магазін і кафэ, дзе змогуць пакаштаваць мацарэлу і іншыя далікатэсы з палескага малака не толькі заводскі персанал, але і жыхары Турава, і шматлікія турысты. Апошнія змогуць нават з экскурсіяй патрапіць у цэх, дзе на ўласныя вочы пабачаць, як гатуюцца сыры.


І апошняе, будаўніцтва сучаснага малочнага камбіната ў Тураве з’яўляецца адным з праектаў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся.


С. БЕЛКА.


На здымку: растуць заводскія карпусы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.