Будуць новыя вяршыні

У ліпені мінулага года адкрытаму акцыянернаму таварыству “Сатурн-1” споўнілася 20 гадоў. І для прыватнай фірмы, якая ўтварылася на заранку рыначнай эканомікі, гэта немалы тэрмін. Бо шматлікія кааператывы і малыя прадпрыемствы, якія раслі тады, як грыбы пасля дажджу, даўно зышлі ў нябыт. А “Сатурн-1” не толькі застаўся, але і набыў вядомасць і аўтарытэт. Зараз прадпрыемства мае трывалыя дзелавыя сувязі з фірмамі розных краін і адкрытае для супрацоўніцтва з новымі партнёрамі.
Пачыналі з вырабу стальных зубных каронак, затым наладзілі вытворчасць мэблевай фурнітуры, паралельна пачалі выпуск запчастак для сельгастэхнікі. Толькі праз некаторы час давялося задумацца аб пераарыентацыі вытворчасці, бо прыбытак ад выпуску і продажу мэблевай фурнітуры знізіўся, меней запатрабаванымі сталі і запчасткі да камбайна “Дон”. Супрацоўніцтва с Беларускай чыгункай адкрыла новую старонку ў жыцці “Сатурна-1”. Калектыў пачаў вырабляць запчасткі для лакаматыва і рухомага саставу. З 2005 года тут ідуць па шляху імпартазамяшчэння. Асвоена новая прадукцыя для чыгуначнага транспарту: люкі паўвагонаў, тарцовыя дзверы, падоўжныя і папярочныя барты, зносастойкія элементы для вагонаў і г.д. У працэсе асваення гэтай прадукцыі было зроблена і запатэнтавана некалькі вынаходстваў, якія істотна палепшылі эксплуатацыйныя характарыстыкі новых вырабаў.
Дзякуючы якасці прадукцыі і цэнам тэндэрныя прапановы сатурнаўцаў былі нязменна больш прыцягальнымі. Ды і заказчыкаў сваіх яны ні разу не падводзілі. Сярод іх Гомельскае, Брэсцкае, Баранавіцкае, Віцебскае, Жлобінскае аддзяленні чыгункі, Мінскае вагоннае дэпо, Мінскі метрапалітэн і інш.
У 2003-2004 гадах калектыў пад кіраўніцтвам свайго нязменнага лідара Міхаіла Саскевіча асвоіў вытворчасць праваднікоў, канвеераў для падняцця парод, спецыяльных ланцугоў для салігорскага “Беларускалія”. А ў 2010 годзе для “Беларуснафты” сталі вырабляць ліфты для злучэння труб. Разам з тым пачалі асвойваць прадукцыю для домабудаўнічых арганізацый.
— Накіраванне адно — пастаянная мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых прагрэсіўных тэхналогій, — гаворыць Міхаіл Пятровіч. — Напрыклад, у Галандыі ў свой час набылі японскую ўстанову плазменнай рэзкі за 200 тысяч еўра. Яна адна з лепшых, ужо акупіла сябе. Увогуле ж мы забяспечаны самым сучасным абсталяваннем, якое дазваляе гарантаваць заказчыку выкананне практычна любых патрабаванняў.
У асноўным калектыў прадпрыемства праходзіў свае рабочыя ўніверсітэты на Жытквіцкім маторабудаўнічым заводзе. У савецкі час – закрытым ваенным прадпрыемстве, дзе патрабаванні да персаналу і якасці прадукцыі былі вельмі высокімі. Тут іх навучылі працаваць і, не баючыся, укараняцца ў асваенне новай прадукцыі. Большасць калектыва складаецца з былых рабочых ЖМЗ. Ёсць спецыялісты з вялікім стажам работы на прадпрыемствах Мінска, расійскіх гарадоў. Мясцовыя рабочыя-фрэзероўшчыкі, токары, штампоўшчыкі, зваршчыкі – спецыялісты 6 разраду. Залог поспеху прадпрыемства – у камандзе прафесіяналаў, якіх удалося за гэтыя два дзесяткі гадоў згуртаваць і зрабіць аднадумцамі.
Прадпрыемства па ўзроўню арганізацыі аховы працы традыцыйна займае адно з першых месцаў на Жыткаўшчыне. Культуры вытворчасці, бытавым умовам удзяляецца самая пільная ўвага. Работнікі забяспечаны індывідуальнымі сродкамі аховы, усім неабходным.
Прыемна ўражваюць такія паказчыкі як аб’ём выпушчанай прадукцыі, экспарт і выручка ў параўнанні з аналагічнымі параметрамі папярэдняга года, доля экспарта акцыянернага таварыства ў агульным экспарце нашага раёна.
Варта дадаць, што “Сатурн-1” аказвае дапамогу жыткавіцкім спартсменам-гіравікам, працягвае шэфства над школай №3 райцэнтра, ветэранамі вайны, інвалідамі, маламаёмаснымі людзьмі. І як бы ні склалася сітуацыя ў эканоміцы, думаецца, што тут не адмовяцца ад узятых на сябе сацыяльных абавязкаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.