Са спраў малых – да вялікіх

Сёлета Тураўская дзіцячая бібліятэка адзначае юбілей. Уся яе гісторыя старанна занатавана ў летапісе ўстановы, які карпатліва вядуць яе работнікі. Наш субяседнік — загадчык бібліятэкі Вера Паўлаўна Вашкова пагадзілася расказаць пра гісторыю і дзень сённяшні ўстановы.
— Тураўская дзіцячая бібліятэка была заснавана ў 1952 годзе. Кніжны фонд для яе быў выдзелены з фондаў Тураўскай тады яшчэ раённай бібліятэкі. Сваю дзейнасць дзіцячая бібліятэка распачала ў будынку раённага Дома культуры ў невялікім пакойчыку былога гардэроба. На той час колькасць яе чытачоў складала 1500 чалавек. Першымі бібліятэкарамі гэтай установы былі Вольга Людзвігаўна Хілінская і Наталля Іванаўна Жаўрыд. Гэтыя працаўніцы былі энтузіястамі сваёй справы. Нават у невялічкім пакойчыку яны стараліся праводзіць для дзяцей розныя масавыя мерапрыемствы. А за кніжкамі да гэтых бібліятэкараў заўсёды стаяла чарга.
У 1963 годзе на змену Наталлі Жаўрыд прыйшла Валянціна Фёдараўна Хілінская, якая скончыла на той час мінскі бібліятэчны тэхнікум. А ў 1965 годзе дзіцячая бібліятэка перамясцілася ў былы будынак райвыканкама, таму што ў 1961 годзе Тураўскі раён перастаў існаваць, а яго тэрыторыя была далучана да Жыткавіцкага раёна. Спачатку дзіцячая бібліятэка размяшчалася ў двух невялічкіх пакойчыках на другім паверсе. Затым у гэтым будынку ёй выдзяляюць іншую плошчу, якая складаецца з двух пакояў, але значна большых памерамі, і невялікага кабінета. Толькі ў 1990 годзе Тураўская дзіцячая бібліятэка перамяшчаецца ў будынак былой бальніцы, дзе знаходзіцца і зараз. Сёння бібліятэка мае дзве вялікія прасторныя залы, кабінет і кнігасховішча. У адной зале размяшчаецца абанемент, а ў другой – чытальная зала, дзе праводзяцца і масавыя разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей, а ў некаторых выпадках і для бацькоў. Да 2000 года ў дзіцячай бібліятэцы працавалі Валянціна Хілінская і Праскоўя Дамашкевіч. І ў гэтым жа годзе адбылася, так бы мовіць, змена пакаленняў работнікаў установы. На месца вопытных і спрактыкаваных спецыялістаў, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, прыйшлі бібліятэкары Таццяна Сяргееўна Бондар і я, Вера Паўлаўна Вашкова. Вось так і працуем з таго часу разам.
— Напэўна марылі аб прафесіі бібліятэкара?
— Не сказала б, усё адбылося выпадкова. Ехалі сяброўкі паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, і я з імі падалася. Паступіла, вывучылася. Цяпер не шкадую, што сваё жыццё звязала з кнігай. Вельмі радасна адчуваеш, што твая праца патрэбна людзям, што яны не страцілі цікавасць да чытання. Асабліва прыемна працаваць з дзіцячай аўдыторыяй. Яны самыя ўдзячныя чытачы.
— Ці шмат чытачоў наведваюць бібліятэку сёння? Ці вялікі кніжны фонд установы?
— Зараз Тураўская дзіцячая бібліятэка абслугоўвае 1240 чытачоў. Гэта і школьнікі з дзвюх школ горада Турава, дашкольнікі, якія прыходзяць разам з бацькамі, студэнты, настаўнікі, і дзеці, якія прыязджаюць з розных гарадоў на канікулы да сваіх дзядуль і бабуль. Абслугоўваюцца ў бібліятэцы і дзеці з суседніх вёсак Запясочча і Крэмнае.
Кніжны фонд нашай бібліятэкі налічвае 17560 экземпляраў. Гэта і розныя кніжкі, а таксама газеты, часопісы. Усе выданні карыстаюцца попытам у нашых чытачоў. Асабліва рабят прываблівае фантастычная, прыгодніцкая літаратура. Класіку, на жаль, чытаюць меней, але, калі ў школе задаюць прачытаць таго ці іншага аўтара, бяруць і гэтыя кнігі. Увогуле, сярод чытачоў ёсць і такія рабяты, якія найчасцей наведваюць нашу ўстанову. Гэта Даша Зямлянік, Наталля Рыдзецкая, Дзяніс Кохна, Іна Баланчук, Мікіта Анішчык і многія іншыя. Не абыходзяць бокам нашу бібліятэку і рабяты з так званых нядобранадзейных сем’яў. Гэтым рабятам мы, бібліятэкары, надаем асаблівую ўвагу і стараемся не толькі выдаць ім цікавыя кнігі, але і задзейнічаць у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца ва ўстанове да розных знамянальных і памятных датаў. Гэта і пазнавальныя гадзіны, гутаркі, падарожжы па кніжках, афармляюцца выставы і многае іншае. Напрыклад, зараз ідзе актыўная і грунтоўная падрыхтоўка да Нядзелі дзіцячай кнігі.
— Відавочна, што пры бібліятэцы працуюць і аматарскія аб’яднанні.
— Гэта так. Наша аматарскае аб’яднанне называецца “Вясёлка”. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца чытачы розных узростаў. Пасяджэнні праходзяць два разы на месяц. Бываюць яны рознага характару, таму што аб’яднанне працуе ў эколага-краязнаўчым накірунку. Разам з удзельнікамі аб’яднання мы праводзім экскурсіі па гістарычных мясцінах старажытнага Турава, наведваем музей прыроды Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, падарожнічаем па набярэжнай ракі Прыпяць. Удзельнікамі аб’яднання рыхтуюцца таксама розныя тэатралізаваныя пастаноўкі, якія так падабаюцца нашым наведвальнікам. Каб прывіць любоў да чытання, кожны год запрашаем першакласнікаў у нашу бібліятэку і стараемся зацікавіць іх, каб яны сталі пастаяннымі чытачамі.
Вельмі прыемна, што юбілей нашай установы адзначаецца ў Год кнігі. Гэта сімвалічна і для калектыва, і для нашых чытачоў, якія шчыра любяць кнігі і тую мудрасць, якую яны нясуць нам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.