З сяўнёю, поўнаю зярнят

Першымі ў раёне сяўбу ранніх зерневых культур распачалі хлебаробы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае”.
Шаснаццацігектарны палетак, што знаходзіцца ва ўрочышчы Каля завода, аўсом засеяў вопытны механізатар гаспадаркі Віктар Галавач. Літаральна за некалькі гадзін ён выканаў увесь аб’ём работ на полі. Таму спрыяла і стараннасць механізатара, і тое, што ён грунтоўна падрыхтаваў да работы замацаваныя за ім энерганасычаны “Беларус” і камбінаваны пасяўны агрэгат “Хорш”.
— Пяты сезон ужо на гэтай тэхніцы працуе Віктар, — гаворыць дырэктар гаспадаркі Валянцін Карпаў, — і заўсёды яна ў яго знаходзіцца ў спраўным стане. Таму і невыпадкова, што ён штогод выязджае ў поле вясной адным з першых.
Як расказаў сам Галавач, настрой на працу асабіста ў яго баявы, абы толькі здароўе не падвяло.
Спраў жа ў коленскіх хлебаробаў на веснавым палетку сёлета нямала. Усімі культурамі неабходна засеяць больш за дзве з паловай тысячы гектараў. З іх 280 — раннімі зерневымі. Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі, усё гатова, каб выканаць пастаўленыя задачы ў вызначаны тэрмін. Таму з кожным наступным днём на грамадскіх палетках усё больш і больш будзе задзейнічана тэхнікі на розных работах. Працай вось такіх механізатараў як Віктар Галавач таксама падмацоўваецца ўпэўненасць кіраўніка ў поспеху на веснавым палетку.
Пасяўныя агрэгаты вывелі на палеткі працаўнікі КСУПаў «Людзяневічы» і «Бялёў».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.