Тавар заляжалы – здароўю не таварыш

Праведзеныя дзяржаўным санітарным наглядам у мінулым годзе праверкі гандлёвых кропак на прадмет выканання санітарных нормаў і правілаў, а таксама гігіенічных нарматываў пры захаванні і рэалізацыі харчовых прадуктаў засведчылі, што ў 98 працэнтах з правераных аб’ектаў гандлю выяўляюцца парушэнні.

Асабіста нас такая статыстыка, прыведзеная спецыялістамі, вымусіла задумацца і падыйсці хоць раз да працэсу закупак у нашых крамах па-іншаму. Найперш, звярнуць увагу не на цану, а на тыя надпісы, якія сведчаць пра свежасць тавараў. Варта адзначыць, што і іншым спажыўцам варта рабіць гэта пастаянна.
Аб’ектам свайго даследавання абралі самыя буйныя магазіны райцэнтра “Зубраня”, “Цэнтральны” і “Віцязь Палескі”. Канечне, яно праходзіла на абывацельскім узроўні. Але і такі падыход паказаў, што сапраўды «грашаць» прадаўцы, прадаючы нам тавары з тэрмінам захоўвання, які закончыўся.
Магазін “Зубраня” сустракаў пакупнікоў у звычайным рабочым рэжыме. Прадаўцы адпускалі наведвальнікам прадукты, раскладвалі тавары на вітрыны і паліцы. Таму ў гэтую рабочую мітусню ўліліся без усялякіх намаганняў. Падыйшлі да паліц з цукеркамі і пачалі выбіраць сабе па густу. Усё ж асартымент іх у краме даволі ўнушальны. Першы ўзяты пакунак адразу ж насцярожыў. Як ні ўглядаліся на цэннік, але так і не ўбачылі на ім нанесенай маркіроўкі з датай, да якой прыгодны гэты тавар да продажу. Калі выраблены і расфасаваны пазначана, а апошніх дадзеных няма. Як раяць спецыялісты, пакупнікам не варта купляць расфасаваныя прадукты, у маркіроўцы якіх не нанесены тэрмін годнасці. Трэба абавязкова ўказаць на гэты недахоп прадаўцу. Апошняе мы і зрабілі.
— Ці можна прадаваць такі тавар? — працягваем пакунак з цукеркамі прадаўцу, які знаходзіўся тут жа.
Яна паглядзела на цэннік:
— Ай! Відаць не дагледзелі з маркіроўкай. Зараз праставім усе дадзеныя, як патрабуецца.
— А гэтымі цукеркамі можна гандляваць? — працягваем работніцы прылаўка яшчэ пару пакецікаў.
Тут справа абстаяла яшчэ горш. Тэрмін прыгоднасці цукерак скончыўся дні чатыры назад. Прагучала ў адказ чарговае “Ай!”, і прадавец паклікала калегу:
— Тут у нас з цукеркамі непарадак. Ёсць пратэрмінаваныя.
Прадавец адклала пакункі ўбок. Прагледзелі ў краме і іншыя тавары. Можа таму, што не вельмі ўважліва, але з выйшаўшымі тэрмінамі захавання больш не заўважылі. Былі толькі такія, дзе не нанесена маркіроўка з тэрмінам годнасці. Дарэчы, насцярожылі нас і пельмені. Нейкія мяккія яны былі. Ды і як пільна не аглядалі ўпакоўку, так і не выявілі маркіроўкі пра дату іх вырабу і тэрміны годнасці. Неяк падазрона тая мясціна, дзе гэтая інфармацыя павінна быць нанесена, была памятая. Па меркаванні спецыялістаў, такую прадукцыю не варта купляць.
Атрымаўшы пэўны вопыт у магазіне “Зубраня”, у краме “Цэнтральны” адчувалі сябе ўжо больш упэўнена. Нават здымак зрабілі ўпаковак зефіру з выйшаўшым тэрмінам годнасці. У гэтай жа гандлёвай кропцы выявілі і ўпакоўку фаршу, які даўно патрэбна было зняць з вітрыны. Фасаваўся ён 22 лютага. Тэрмін годнасці прадукта 30 дзён. А наведалі магазін трэцяга красавіка.
Знайшлася ў гэтай краме на вітрыне і непрамаркіраваная ўпакоўка цыплячых бёдраў. Што і казаць, не хапае ўважлівасці прадаўцам, каб усё зрабіць згодна з патрабаваннямі і нарматывамі.
Дарэчы, гэта характэрна і для работнікаў крамы “Віцязь Палескі”, што ў мікрараёне Азёрны. Тут рэалізоўвалася ўпакоўка каўбасак з выйшаўшым тэрмінам годнасці.
Прыведзеныя прыклады з розных гандлёвых аб’ектаў сведчаць, што нам, спажыўцам, пры выбары тавараў не патрэбна траціць пільнасці. І некалькі парад, якія даюць спецыялісты, не зашкодзяць падчас наведвання крам за пакупкамі. Яны і не такія складаныя. У першую чаргу, будзьце ўважлівы да таго, дзе, як і хто вас абслугоўвае. Памятайце: бруд і прадукты харчавання — рэчы не сумяшчальныя. Звяртайце ўвагу на чысціню кошыка, цялежкі. Брудныя не бярыце. Заўсёды правярайце наяўнасць на маркіроўцы прадуктаў, якія хочаце купіць, тэрмін яго годнасці (захоўвання). Пры пакупцы прадуктаў заўсёды ацэньвайце тэмпературы іх захоўвання. Не купляйце прадукцыю, якая мае выгляд паўторнага замарожвання. Не купляйце прадукты, якія няправільна захоўваліся — яны небяспечныя. Не купляйце прадукты харчавання ў выпадковых прадаўцоў і не ва ўстаноўленых месцах. Усё гэта дапаможа вам захаваць сваё здароўе.
Кампетэнтны каментарый выконваючага абавязкі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Жыткавіцкага раёна Аляксандра Ераха:
— Непрыгодныя ў ежу прадукты ў апошні час сталі асноўнай тэмай для абмеркавання. І гэта невыпадкова. Прадаць ў любым выпадку — вось задача любога магазіна. Спісваць нясвежыя тавары не хочуць ці іх не “заўважаюць” і, як вынік, спажывец можа атрымаць тавар па-сапраўднаму нягодны.
Не заўжды выяўляецца вялікі тэрмін прасрочкі. Бывае ўсяго на пару дзён. Але ж гэта не апраўданне для працаўнікоў гандлю.
Усяго з пачатку года было выяўлена чатырнаццаць такіх фактаў. І сярод парушальнікаў апынуліся не только гандлёвыя кропкі Жыткавіцкага райпа, але і камерцыйныя. У тым ліку і ў пунктах грамадскага харчавання.
Гэта магазіны “Замкавы”, Явар”, “Івушка”, “Каравай”, “Караліна”, “Зубраня”, “Віцязь” і шэраг іншых. Галоўным чынам гэта былі кандытарскія вырабы, каўбаса рознага гатунку, замарожаная рыба, сыр.
Але ж не толькі на тавары, тэрмін годнасці якіх выйшаў, мы звяртаем увагу. Яшчэ адно пытанне ставіцца, — гэта ўмовы захавання. І тут таксама шмат парушэнняў.
Увогуле, каб абараніць спажыўца, мы штотыднёва праводзім маніторынг гандлёвых кропак і караем парушальнікаў. Аднак і самі грамадзяне павінны быць больш пільнымі, тады і не апынецца ў іх на руках нягодны тавар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.