Там, дзе былі балоты і пусткі

У даўнія часы тут была дрыгва, у многіх мясцінах чалавек мог прайсці толькі зімою. Улетку ў густых панурых лясах звінела камарэча, у балотнай твані тапіліся людзі і жывёла. А потым у наступ пайшлі меліяратары, былі пракладзены каналы, асушаны шматлікія палеткі, на якіх пад ласкавым ветрыкам загойдаліся сеяныя травы і закаласіліся збожжавыя культуры.

Вось так на меліяраваных землях і ўзнікла адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Жыткаўшчыны – КСУП “Чырвоны Бор”. Зараз яно займае 4751 гектар сельгасугоддзяў, у тым ліку 2110 гектараў ворыва, 1600 – сенакосаў, 1041 гектар пашы. Гаспадарка годна сустракае сваё прафесійнае свята, дабіўшыся станоўчых тэндэнцый як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. А тут на новым сучасным комплексе і на малочнатаварных фермах маецца 2681 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 990 кароў.
Па выніках сёлетняга года сельгаспрадпрыемства займае адно з вядучых месцаў сярод гаспадарак раёна па вытворчасці збожжавых культур. Тут было намалочана 3956 тон зерня, сабрана 100 тон бульбы, 75 – морквы, 170 тон кукурузнага зерня. Агранамічная служба ў структуры пасяўных плошчаў пачэснае месца адводзіць новым сельгаскультурам.Так, у гэтым годзе ўпершыню было сабрана 85 тон соі і 94 тоны сланечніка.
Вялікая ўвага ўдзяляецца рэканструкцыі і рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў. Тым больш што гаспадарка мае мяса-малочны накірунак. За 10 месяцаў года сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы склалі 658 грамаў.
Людзі – асноўны капітал сельгаспрадпрыемства. З добрымі вытворчымі паказчыкамі сустракаюць сваё свята механізатары Уладзімір Занкевіч, Андрэй Сініла, Дзмітрый Макарэвіч, Андрэй Макарэвіч, жывёлаводы Іна Кружаева, Жанна Какора і многія іншыя працаўнікі палёў і ферм.
Сяргей Вільчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.