Зімняе шматбор’е “Абаронца Айчыны” пройшло ў Жыткавічах

Изображение 040Стральба з пнеўматычнай вінтоўкі з’яўляецца адным з відаў зімняга шматбор’я “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнога ўзросту. Гэтыя спаборніцтвы прайшлі на мінулым тыдні ў СШ №3 горада Жыткавічы і вызначаліся вялікай масавасцю. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каманды старшакласнікаў з 19 сярэднеадукацыйных устаноў раёна, а памераліся сіламі ў трох спартыўных дысцыплінах больш ста хлопцаў ва ўзросце 15-18 гадоў.

Усіх удзельнікаў спартакіяды на агульным пастраенні, якое адбылося ў спартыўнай зале трэцяй школы райцэнтра, прывіталі прадстаўнікі раённага ваеннага камісарыята, аддзелаў па спорту, фізічнай культуры і турызму, адукацыі райвыканкама, райкама БРСМ, ДТСААФ. Безумоўна, выступоўцы жадалі хлопцам добрых спартыўных дасягненняў, канешне ж, згадалі, што ў хуткім часе ім патрэбна будзе абараняць сваю Радзіму, прайсці службу ў войску. Армія ж, як вядома, слабых целам і духам не шануе.
…Каманды стралкоў арганізавана змянялі адна адну на агнявым рубяжы. Па ўзмаху кіраўніка стрэльбаў хлопцы дружна падбягалі да мішэняў, аглядалі іх, а потым зноў браліся за ружжы, каб, унёсшы праўкі пры прыцэльванні, выбіць найбольшую колькасць ачкоў. У некаторых гэта атрымлівалася выдатна. Напрыклад, у Дзмітрыя Зямляніка з СШ №2 Турава, які выбіў 36 ачкоў. Добрыя вынікі ў стральбе паказалі і Георгій Батвінка з гэтай жа навучальнай установы, Сяргей Сачыловіч з Мілевіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Мікалай Ахрамовіч з Дуброўскай СШ, Сяргей Севярын з Кольненскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і іншыя юнакі.
У спартыўнай зале гарадской навучальнай установы ішло не менш зацятае змаганне. Тут хлопцы падцягваліся на перакладзіне. Па напрузе мышцаў рук было добра бачна, наколькі моцнае жаданне ў іх перамагчы. Суддзі пільна сачылі за колькасцю падцягванняў, правільнасцю тэхнікі іх выканання. Скажам, што некаторыя юнакі вельмі добра падрыхтаваліся да гэтага сілавога выпрабавання.
— “20, 21, 22, 23, 24, 25, 26”, — на гэтай лічбе спыніў лік суддзя, калі з перакладзіны саскочыў Яўген Румас з гарадской гімназіі.
Падчас выканання гімнас-тычнага практыкавання хлопцамі суддзі яшчэ некалькі разоў прыйшлося спыняцца на лічбе больш чым дваццаць падцягванняў. Хаця, варта сказаць, не ўсе хлопцы паказвалі такія бліскучыя вынікі, многія не дацягвалі і да дзесяці падцягванняў. Відавочна, што для выкладчыкаў школ паказаныя нізкія вынікі іх выхаванцамі з’яўляюцца добрай падставай для арганізацыі заняткаў па ўмацаванні здароўя вучняў на ўроках фізкультуры і спартыўных секцыях. Усё ж праблема са здароўем школьнікаў цяпер вельмі балючая. Гэта паказваюць і вынікі медыцынскага агляду падчас прызыўных кампаній. Значная колькасць будучых салдат атрымлівае адтэрміноўкі ад службы ў арміі або ўвогуле камісуецца менавіта па прычыне свайго слабога здароўя. Гэта найперш сведчыць, што не ўсе школьнікі сябруюць са спортам і фізкультурай.
У апошнім давялося пераканацца і падчас трэцяга этапу спартакіяды. Ён быў, напэўна, самым складаным. Хлопцам патрабавалася на лыжах пераадолець за паўгадзіны пяць кіламетраў. На жаль, надвор’е крыху не спрыяла высокім хуткасцям лыжнікаў. Але стартавалі каманды бадзёра. Толькі вось да фініша ў вызначаны прамежак часу дайсці ўдалося не ўсім. Найлепш прабеглі дыстанцыю Мікалай Працко з сярэдняй школы №3 райцэнтра і Сяргей Краўчэня з другой жыткавіцкай школы.
У агульнакамандным заліку сярод гарадскіх школ першае месца прысуджана юнакам з гарадской гімназіі, другое і трэцяе адпаведна — хлопцам з СШ №2 і №3 райцэнтра. Сярод дапрызыўнікоў вясковых навучальных устаноў мацнейшай была каманда з Мілевіцкага дзіцячага сада–сярэдняй школы. А прызёрамі тут сталі навучэнцы Дуброўскай СШ і Кольненскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Чарговая раённая зімовая спартакіяда сярод юнакоў дапрызыўнога ўзросту паказала, што раён не збяднеў на юнакоў, якія годна будуць служыць сваёй Айчыне ў яе ўзброеных сілах, але і выявіла праблемы, да якіх ніхто не павінен ставіцца абыякава ў нашым грамадстве.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.