На спатканне з вячэрняй бібліятэкай

Куды можна пайсці ў горадзе на ноч гледзячы?
Зусім не на дыскатэку і не ў кафэ. Не паверыце — у бібліятэку!

Так, у мінулую нядзелю цэнтральная раённая бібліятэка ўпершыню ў сваёй гісторыі праводзіла масавае мерапрыемства «БібліяНоч — БібліяЛіра, або Галактыка талентаў», прысвечанае Дню бібліятэк. Скажам наперад: гасцям быў забяспечаны сардэчны прыём.
…Бліжэй да сямі вечара ля будынка бібліятэкі сабраўся немалы натоўп людзей. Гасцей тут сустракалі казачныя персанажы, у якія пераўвасобіліся работнікі культуры, у тым ліку і Кот Вучоны. Госці з задавальненнем фатаграфаваліся з імі, пасля чаго прысаджваліся на адведзеныя для іх месцы.
Гасцей павіталі вядучыя гэтага крэатыўнага мерапрыемства: загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Ала Бут-Гусаім і бібліятэкар Кажановіцкай сельскай бібліятэкі Надзея Кіб. Першым этапам бібліяночы стаў Арт-Бенефіс «Вясёлка натхнення», дзе была прадстаўлена выстава работ бібліятэкара Дзедаўскай сельскай бібліятэкі Святланы Пупарэвіч. А вучні Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў імя У.І. Будніка пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, мастака-афарміцеля цэнтральнай бібліятэкі Вольгі Вяргун паказвалі ​​майстар-клас па мастацтве жывапісу.
Падчас правядзення святочнага мерапрыемства дзейнічала фотасесія «У класікаў». Тут жадаючыя маглі на памяць сфатаграфавацца з адным з партрэтаў пісьменніка-класіка. Акрамя таго, на працягу ўсяго часу дзейнічаў магічны салон «Кніжны аракул». Сюды прысутныя прыходзілі да адной жанчыны-варажбіткі, каб зведаць свой ​​лёс …
Як жанчыны, так і мужчыны былі прыемна здзіўлены кніжнай амністыяй «Даравальная нядзеля», праца якой прадугледжвала ліквідацыю чытацкай запазычанасці. А ў гэты час Кот Вучоны праводзіў экскурсію па бібліятэцы «Літ-лабірынт». Бо часам так не проста знайсці неабходную кнігу або часопіс…
Наступным этапам бібліяночы стаў музычна-паэтычны зоркапад «БібліяЛіра або Галактыка талентаў», які праходзіў у чытальнай зале бібліятэкі. Усё тут было зладжана пад даўніну, у святле свечак і лямпы. Толькі ўявіце: трапятліва дрыжыць агеньчык васковай свечкі, побач трохі раскіданае па-асенняму пажоўклае лісце, перад намі ляжаць стосы кніг, і ледзь чуваць, як грае ціхая, мяккая на слых мелодыя. Суцэльная рамантыка… Вось так сустракалі тут сваіх дарагіх гасцей работнікі бібліятэкі.
Цішыню спыніла вядучая музычна-патрыятычнага зоркападу загадчыца аддзела абслугоўвання Марына Шышанкова. Расказаўшы пра бібліятэку і прафесію бібліятэкара, была прадстаўлена невялікая відэа-замалёўка пра тое, хто і калі быў бібліятэкарам. Затым Марына Анатольеўна па чарзе прадстаўляла публіцы людзей, якія маюць свае творчыя таленты і вялікае натхненне. Сярод іх былі паэтэса Ядвіга Бандзюк, мастак-афарміцель Вольга Вяргун, аматарка саламянага мастацтва-пляцення Святлана Пупарэвіч, проста творчая і вельмі вясёлая жанчына Ала Бут-Гусаім, прафесійны мастак Наталля Чарнагалова і іншыя. Усе яны па чарзе выступілі перад прысутнымі, чыталі вершы, расказвалі пра сваё жыццё, дзяліліся ўражаннямі. А Ала Бут-Гусаім парадавала гасцей сваімі займальнымі, жартаўлівымі шаржамі, якія стварыла для многіх з прысутных тут людзей.
У тканіну сцэнарыя хораша ўпляталіся музычныя нумары ў выкананні ансамбля «Дзяўчаты» з дзіцячай школы мастацтваў імя У.І. Будніка, выкладчыка школы мастацтваў Раісы Комар, бібліятэкара Дзедаўскай сельскай бібліятэкі Святланы Пупарэвіч, бібліёграфа цэнтральнай бібліятэкі Алены Пятроўскай, а таксама песні баяніста Анатоля Саенкі.
Напрыканцы мерапрыемства ўсіх гасцей свята яшчэ раз сардэчна павіншавала загадчыца цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Людміла Кронда. Яна падзякавала за тое, што прынялі актыўны ўдзел у свяце, пасля чаго запрасіла ўсіх на сумеснае чаяванне са смачным печывам і іншымі пачастункамі.
— Гэтае мерапрыемства, лічу, само па сабе вельмі арыгінальнае і цікавае. А таксама яно дазволіць нам прыцягнуць увагу людзей да бібліятэкі, адрадзіць цікавасць да кнігі, — паведаміла Людміла Кронда. — Дарэчы, усе конкурсы і сцэнарый «бібліяночы» прыдумалі нашы супрацоўнікі. Было столькі цікавых прапаноў, што некаторыя прыйшлося адкласці да наступнага разу. Я вельмі спадзяюся, што такія ночы будуць праводзіцца і ў далейшым.
А крыху раней, чым у цэнтральнай раённай бібліятэцы, распачалося гэтае свята ў дзіцячай бібліятэцы горада Жыткавічы пад назвай «Бібліятэчныя прыцемкі альбо ў гасцях у Бабы-Ягі». Тут з вялікай цікавасцю прайшлі такія мерапрыемствы, як шабаш у доме нячыстай сілы, кафэ ў Ягусі, дзе было шмат розных прысмакаў, кінасеанс «Казка нанач», акцыя для даўжнікоў «Вярні, я ўсё дарую», супердыскатэка «Эх, танцуй, наярвай!», а таксама розныя конкурсы, гульні і віктарыны. А гасцямі гэтай установы культуры былі бацькі і дзеці.
Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.