Заўсёды на вышыні

На цяперашні час у МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” працуе 170 чалавек. З гэтай колькасці 36 — кіраўнікі, спецыялісты і служачыя, а 134 — рабочыя. Вышэйшую адукацыю маюць 18,2 працэнта работнікаў, сярэднюю спецыяльную — 30 працэнтаў, прафесійна-тэхнічную — 24,7 працэнта. Яшчэ сем працуючых зараз навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах. Яскрава майстэрства жыткавіцкіх газавікоў характарызуе і працоўны стаж. Амаль палова калектыва — 83 чалавекі — бесперапынна шчыруе ў галіне ад 10 да 20 гадоў, 23 чалавекі — звыш дваццаці гадоў, 54 — ад года да дзесяці і 10 — меней года.

Заслугоўвае ўвагі і наступная акалічнасць: ганаровае званне “Ветэран працы рэспубліканскага вытворчага прадпрыемства “Гомельаблгаз” прысвоена 26 работнікам, чатыры з якіх пайшлі з МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” на заслужаны адпачынак. Па словах сённяшняга кіраўніка прадпрыемства Івана Купрацэвіча, інтэлектуальнага і прафесійнага патэнцыялу калектыва на цяперашні час дастаткова, каб вырашаць галоўную задачу: бесперабойна і безаварыйна забяспечваць газам спажыўцоў.
— Хачу ўсіх павіншаваць з прафесійным святам, тым больш што нашы работнікі могуць ганарыцца тымі працоўнымі здабыткамі, з якімі мы падышлі да яго, — гаворыць Іван Віктаравіч.
За першае паўгоддзе прадпрыемства рэалізавала сваім спажыўцам 6 мільёнаў 515 тысяч метраў кубічных блакітнага паліва, у тым ліку насельніцтву — 2 мільёны 378 метраў кубічных. Гэта прамое сведчанне, што кліентаў у жыткавіцкіх спецыялістаў штогод прыбаўляецца, асабліва карыстальнікаў прыроднага газу. Сярод іх такія буйныя як тры кацельні КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, Тураўскі малочны камбінат, філіял “Тураўскі кансервавы завод” ААТ “Тураўшчына”, а таксама сушыльны комплекс гэтага акцыянернага таварыства і турыстычны аб’ект “Струмень”. Варта сказаць, што спецыялісты газавага прадпрыемства не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Толькі сёлета на газіфікацыю раёна яны маюць намер асвоіць амаль пяць мільярдаў рублёў. Гэта значыць, што даўжыня газаправодаў у рэгіёне павялічыцца больш чым на дваццаць кіламетраў.
Значныя аб’ёмы работы выконваюць жыткавіцкія газавікі для насельніцтва. Яны абслугоўваюць 34669 кватэр, з іх 8514 — газіфікаваны прыродным газам, а 26155 — спажыўцы звадкаванага блакітнага паліва. А працы тут не меней. Гэта і абслугоўванне, рамонт газавага абсталявання ў дамах, і ўстаноўка прыбораў уліку, і перавод сядзіб са звадкаванага газу на прыродны і многа іншых абавязкаў. Дарэчы, за паўгода прададзена газа 1027 тон, праз АГЗС – 119 тон.
— Мы паспяхова спраўляемся з усімі даведзенымі нашаму прадпрыемству вытворчымі заданнямі, — расказвае Іван Віктаравіч Купрацэвіч. — Напрыклад, тэмп росту па аказаных паслугах калектыў забяспечыў у параўнанні з леташнім перыядам на 130 працэнтаў. Іх рэнтабельнасць склала 19 працэнтаў.
Несумненна, заўжды трымацца на вяршыні вытворча-эканамічнай стабільнасці жыткавіцкім газавікам дапамагае іх прафесіяналізм. А яшчэ тое, што яны пастаянна ўдасканальваюць сваю работу, стараюцца ўкараняць новыя тэхналогіі, пастаянна мадэрнізіруюць і паляпшаюць сваю матэрыяльную базу. Гэты працэс ідзе актыўна і сёлета. На рэканструкцыю сваёй базы запланавана патраціць амаль сем мільярдаў рублёў сродкаў.
— Вядзем капітальнае абнаўленне адміністрацыйнага будынка, дзякуючы чаму намнога палепшацца ўмовы працы нашых спецыялістаў, — зазначае дырэктар прадпрыемства. – Лічу, што кожны работнік павінен мець прыстойныя ўмовы для сваёй дзейнасці на вытворчасці, таму і не шкадуем на гэта ніякіх сродкаў.
Безумоўна, такі клопат з боку кіраўніцтва аб сваіх працаўніках толькі вітаецца. Таму і складваюцца справы ў калектыва МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” так, як гэтага патрабуе час, бо ён заўсёды ідзе з ім у нагу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.