На палетку заўсёды справа знойдзецца

478Мікалай П’яўко — кіраўнік малады. Узначальвае ён адкрытае акцыянернае таварыства “Прыазёрскае-Агра”. За параўнальна кароткі час Мікалаю Мікалаевічу і яго камандзе ўдалося ўнесці кардынальныя змены ў работу раслінаводчай галіны гаспадаркі. І аддача грамадскага палетка не прымусіла сябе доўга чакаць.
Перамены пачаліся з таго, што да свядомасці кожнага механізатара кіраўнік пачаў даводзіць, наколькі важна цвёрда вытрымліваць на палетках тэхналагічныя патрабаванні. Каб вырасціць добры ўраджай той жа збажыны ці іншай культуры, неабходна выканаць не адну агратэхнічную аперацыю. Гэта, нібы ланцуг, дзе кожнае звяно важнае, выпадзе адно з іх — і рэч ужо сапсавана. Вось так і на полі, хтосьці з механізатараў не зрабіў так як трэба сваю справу, і канчатковы вынік ужо не той, на які спадзяваліся і разлічвалі. Менавіта псіхалагічны настрой і дазваляе гаспадарцы плённа працаваць на збожжавым палетку.
У сельгаспрадпрыемстве зрабілі стаўку на насенне высокай рэпрадукцыі. Ды і значныя зямельныя ўгоддзі, якія раней не выкарыстоўваліся, пачалі ўключацца ў севазварот, што таксама паспрыяла валавому намалоту як у мінулым годзе, так і сёлета. Вось так, удасканальваючы тэхналогіі і мяняючы свядомасць людзей у адносінах да працы, маладому кіраўніку ўдалося накіраваць калектыў у патрэбнае рэчышча па вытворчасці раслінаводчай прадукцыі.
— Сёлетні год быў не вельмі простым для нас, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч. — Збожжавы палетак не даў той аддачы, на якую разлічвалі. Разам з тым мы павялічылі збор зерня за кошт кукурузы. Калі валавы намалот каласавых мы атрымалі 2830 тон, то кукурузнага зерня 1706 тон. Яго не толькі дапрацавалі на збожжасушылках, але яшчэ і наплюшчылі ў рукавы. Гэта добрая падтрымка кармавой базе для жывёлагадоўлі гаспадаркі.
Тое, што ў акцыянерным таварыстве ўрадзіла кукуруза, з’яўляецца вынікам менавіта той работы, пра якую гаварылася вышэй. Сёлета “каралеву палёў” пасеялі насеннем толькі замежных селекцый, палеткі яе добра дагледзелі, своечасова ўбралі. Таму маюць не толькі значны запас зерня, але і кукурузнага сіласу.
Мінулае жніво даўно закончана, як і сяўба азімых каласавых культур. З апошняй працаўнікі ААТ “Прыазёрскае-Агра” сёлета справіліся аднымі з першых у раёне. Хаця і задача стаяла даволі аб’ёмная. У сукупнасці восенню засеялі 1995 гектараў азімымі зерневымі культурамі і 700 — азімым рапсам. Плошчы ў параўнанні з леташнім павялічыліся на 30 працэнтаў. Цяпер перад земляробамі акцыянернага таварыства стаіць не менш важная задача — гэты добры пачын патрэбна працягнуць: старанна дагледзець пасевы, каб у будучым атрымаць на іх запланаваны ўраджай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.