Што сёння ўяўляе ферма “пісанчык” акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра”

367Праведзеная кіраўніцтвам акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” рэканструкцыя фермы “пісанчык” цяпер прыносіць належную аддачу.

— Работа на гэтай ферме праведзена вялікая, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай П’яўко. — Практычна ўсе аб’екты ўзведзены з нуля. На будаўніцтва патрацілі тры мільярды сямсот мільёнаў рублёў, але гэтыя грошы выкарыстаны з карысцю. Самае галоўнае, што ўсю рэканструкцыю правялі ў сціслыя тэрміны.

Што сёння ўяўляе ферма “пісанчык” акцыянернага таварыства? Гэта два памяшканні, дзе жывёла ўтрымліваецца бяспрывязна на мяккай падсцілцы. Да кожнага з іх прыбудаваны даільныя залы, якія ўкамплектавалі неабходным новым абсталяваннем, халадзільнікамі. Таксама ўзвялі на ферме памяшканне для сухастойных кароў і для іх расцёлу. Нельга не адзначыць і тое, што вялікая работа праведзена на ферме па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, а таксама па стварэнні належных бытавых умоў для персанала.

Маюцца і рабочыя кабінеты, і пакой для адпачынку, і душавая. Несумненна, што рэканструкцыя цяпер дае магчымасці на асноўных вытворчых працэсах шырока прымяняць механізацыю, што значна аблягчае працу работнікам фермы.

Нямала зроблена і па ўкамплектаванні фермы жывёлай. Увесь статак сфарміравалі з нецеляў. Зараз палова цялушак з агульнай колькасці пагалоўя ўжо расцялілася, аператары машыннага даення вядуць іх раздой. Сярэднясутачны надой па ферме ад адной каровы ў гэтыя зімовыя дні складае больш сямнаццаці кілаграмаў малака. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Стараннасць праяўляюць такія працаўніцы структурнага падраздзялення як Марыя Абібок і Аліна Купрацэвіч. Хаця ў жанчын нагрузка немалая: удзвюх яны абслугоўваюць амаль сто кароў.

— У двух памяшканнях будзе ўтрымлівацца дзве сотні галоў дойнага статка, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — На цяперашні час адно з іх практычна запоўнена каровамі, а ў другім пакуль утрымліваюцца нецелі. Пасля іх расцёлу ферма выйдзе на сваю праектную магутнасць. Але мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, а і надалей будзем развіваць гэтае структурнае падраздзяленне. Ёсць патрэба збудаваць тут яшчэ адно памяшканне для ўтрымання цялушак, за што і возьмемся ў бліжэйшы час.

Відавочна, што ў свеце тых перамен, якія надарыліся ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”, гаспадарку выкупіў ва ўласнасць Тураўскі малочны камбінат, развіццю малочнай галіны ў сельгаспрадпрыемстве будзе надавацца першаступенная задача. І тыя захады, што кіраўніцтва гаспадаркі праводзіць па рэканструкцыі сваіх ферм у апошнія гады, менавіта і садзейнічаюць руху ў гэтым напрамку.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.