Кандыдат едзе ў глыбінку

501У мінулую нядзелю кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання па Жыткавіцкай выбарчай акрузе №29 дырэктар Жыткавіцкага лясгаса Міхаіл Ляўковіч наведаў вёскі Дзякавічы і Хвойка, дзе сустрэўся з мясцовым насельніцтвам.

Сустрэчы з выбаршчыкамі, якія аддадуць свае галасы за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты 23 сакавіка 2014 года, прайшлі ва ўстановах культуры. Міхаіла Уладзіміравіча прысутным прадставіла яго давераная асоба намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Надзея Шабаева.
У пачатку свайго выступлення Міхаіл Ляўковіч адзначыў, што родам ён з Ельскага раёна Гомельскай вобласці, мае вышэйшую адукацыю, жанаты, у сям’і выхоўваецца трое дзяцей. Дырэктарам Жыткавіцкага лясгаса працуе з 2005 года. у 2013 годзе закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Узначальвае каардынацыйны Савет наймальнікаў Жыткавіцкага раёна.
— Мая пазіцыя грунтуецца на прынцыпах стабільнасці, законнасці і справядлівасці, — сказаў датычна сваёй праграмы кандыдат у дэпутаты. — Галоўнае — гэта клопат пра людзей, паляпшэнне якасці іх жыцця, у тым ліку забеспячэнне годнай зарплаты. Неабходна стымуляваць дзелавую актыўнасць і ініцыятыву прыватнага бізнеса ва ўсіх сферах дзейнасці. больш увагі трэба надаваць стварэнню спрыяльных эканамічных умоў для развіцця высокаэфектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці. Аграпрамысловы комплекс павінен забяспечваць насельніцтва якаснымі прадуктамі і быць крыніцай паступлення валюты ў краіну. Прыцягненне інвестыцый у эканоміку раёна, падтрымка малога і сярэдняга бізнеса, развіццё фермерскіх гаспадарак і экатурызма будуць садзейнічаць павелічэнню занятасці насельніцтва, развіццю сацыяльнай сферы. Пры гаспадарлівым выкарыстанні і захаванні нашых прыродных рэсурсаў лічу магчымым бесперашкоднае і бясплатнае выкарыстанне дароў прыроды жыхарамі раёна – збор грыбоў, ягад, аматарскі лоў рыбы.
Міхаіл Ляўковіч падкрэсліў, што цяпер важнейшае значэнне мае захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, павышэнне якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг, узмацненне прафілактычнай накіраванасці аховы здароўя. Але здароўе – гэта не толькі бальніцы. Гэта барацьба з алкагалізмам і наркаманіяй, развіццё і стымуляванне здаровага вобраза жыцця.
Моладзь – будучыня нашай рэспублікі. І яна будзе такім, якім мы вырасцім і выхаваем падрастаючае пакаленне. Малады чалавек павінен мець магчымасць атрымаць годную адукацыю, прафесію і працаўладкавацца па спецыяльнасці. Неабходна ініцыіраваць мерапрыемствы, накіраваныя на вырашэнне дэмаграфічнай праблемы, на падтрымку сям’і, будаўніцтва жылля, выхаванне дзяцей.
Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць адзінокім, пажылым людзям, непрацаздольным грамадзянам шляхам развіцця інстытута сацыяльных сядзелак, памочнікаў для інвалідаў.
У сваіх пытаннях, наказах жыхары вёсак Дзякавічы і Хвойка завастралі ўвагу кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета на такіх праблемах, як дрэнны стан сельскіх дарог, цяжкасці з рыбнай лоўляй, няўвязкі з аплатай за здадзенае малако, адсутнасць супрацьпажарнага вадаёма і інш. Усе пытанні ўзяты пад кантроль.
— Калі мне будзе аказаны ваш давер стаць дэпутатам, — запэўніў Міхаіл Ляўковіч, — то я буду імкнуцца, каб усё тое добрае, што было зроблена ў нашым раёне за апошнія гады, атрымала свой годны лагічны працяг, а мая дзейнасць была накіравана на выкананне наказаў і пажаданняў выбаршчыкаў.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.