Вячэрняя частка праграмы святкавання юбілею Перамогі праходзіла на цэнтральнай плошчы Жыткавічаў

Побежа-1Па колькасці мерапрыемстваў  і насычанасці  яна не саступала ранішнім урачыстасцям.

Дзявятага мая вечар выдаўся проста на дзіва цёплым і сонечным. Напэўна, такая акалічнасць і паспрыяла шматлюднасці мерапрыемстваў, што праходзілі ў гэты час. Іх было многа: дзіцячыя атракцыёны, спартыўныя спаборніцтвы, і канечне ж, вялікі канцэрт, які завяршыўся святочным салютам. Тут хочацца адзначыць старанне калектываў і работнікаў Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры, а таксама спецыяльна запрошаных прафесіянальных артыстаў.  Дзякуючы таму, што яны выдатна справіліся са сваёй работай, градус настрою людзей толькі павышаўся і павышаўся. За праглядам песенных і танцавальных нумароў час бег проста імкліва, незаўважна. Колькі было прапета цудоўных песень, выканана танцавальных кампазіцый, падлічыць цяжка. Але дзякуючы шчырасці і майстэрству артыстаў, кожны нумар праходзіў праз сэрца, кранаў душу. І ў многіх жыткаўчан яна спявала і спявала.

Шмат прыхільнікаў сабраў і конкурс франтавых агітбрыгад. Іх прадстаўлялі восем працоўных калектываў. Песні ваеннай пары, прыпеўкі на патрыятычную тэматыку, вершы – усё прыходзілася даспадобы гледачам. Дружныя апладысменты шматтысячнага натоўпу падбадзёрвалі самадзейных  артыстаў. І  агітбрыгады шчыра, як некалі ў гады вайны з салдатамі ў акопах, дзяліліся цяпер сваёй творчасцю. Журы даволі строга падыходзіла да кожнага выступлення. Самым лепшым па меркаванні спецыялістаў яно выйшла ў агітбрыгады, якую сфарміравалі ў яслях-садзіку №5 райцэнтра. Хаця цудоўныя нумары былі і ў артыстаў цэнтральнай раённай бальніцы, аўтаклуба, прафесійнага ліцэя,  дзіцячых садзікаў №2 і №1, МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”, спажывецкага таварыства. Усе яны адзначаны каштоўнымі падарункамі. Адзначаючы Вялікую Перамогу над фашызмам, жыткаўчане не забыліся і на яшчэ адно дзяржаўнае свята, якое выпадае на дзясятае мая – Дзень Дзяржаўнага  герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Пад гукі Дзяржаўнага гімна апошні сімвал быў узняты над плошчай.

Святкавалі Перамогу ў Жыткавічах да позняга вечара, аж пакуль начное неба не расквецілі рознакаляровыя агні салюта, які ва ўсіх выклікаў самыя прыемныя эмоцыі. Па водгуках жыхароў райцэнтра, 70-годдзе Вялікай Перамогі ў горадзе прайшло надзвычай ярка, урачыста і самае галоўнае пры вялікай колькасці ўдзельнікаў. А гэта пацвярджае, што цяперашнія пакаленні памятаюць той неўміручы подзвіг сваіх дзядоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.