Прыемныя моманты гонару за сваю працу адчулі камбайнеры акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” Яўген Собалеў і камбайнер камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Аляксандр Гаўрылаў Жыткаўшчыны

На фінішы ўборкі каласавых культур найбольш старанныя хлебаробы раёна адчулі ўсю важнасць  той справы, якую яны выконваюць у гэтыя спякотныя жнівеньскія дні. Прыемныя моманты гонару за сваю працу адчулі камбайнеры акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” Яўген Собалеў і камбайнер  камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Аляксандр Гаўрылаў. У мінулую пятніцу яны за вялікі плён у працы на збожжавым палетку атрымлівалі віншаванні і падарункі. Адным словам, заслужылі пашану майстэрствам і сялянскай цягавітасцю.

Да тэхнікі з павагай

Изображение 004Яўген Собалеў заўсёды ставіцца да даручанай яму тэхнікі з вялікай павагай. Імкнецца, каб яна своечасова атрымлівала належны догляд, праходзіла  патрэбнае абслугоўванне. Ён справядліва лічыць, як механізатар ставіцца да сваёй машыны, так і яна будзе яму служыць. Менавіта гэты прынцып і дапамог Яўгену Аляксандравічу на сёлетнім жніве дабіцца высокага намалоту. Свой камбайн ён аглядаў па некалькі разоў на дзень, як толькі выпадала вольная хвіліна. І той яго не падвёў. Спачатку Собалеў паспяхова ўбраў зерневыя на палетках свайго акцыянернага таварыства. Потым дапамагаў весці абмалот збажыны працаўнікам КСУПа “Бялёў”, а зараз гэтак жа плённа працуе і на палетках КСУПа “Чырвоны Бор”.  На бягучым жніве агульны намалот Собалева склаў 600 тон. Гэта другі вынік сярод камбайнераў, якія працуюць у гаспадарках жыткавіцкай зоны. І дабіцца тут высокіх вытворчых паказчыкаў намнога складаней, чым на Тураўшчыне.

Усяго адзін раз  прыйшлося Яўгену вярнуцца на сваім “стэпавым караблі” з камандзіроўкі на асноўную вытворчую базу таварыства. І тое здарылася не па залежачай ад яго прычыне: у гаспадарках, дзе ён працуе і працаваў, няма абсталявання, каб ачысціць машыну ад пылу і смецця. Вось гэта і прывяло яго ў родны гараж, каб на высокім узроўні правесці тэхабслугоўванне камбайна. Тут і адбылося віншаванне стараннага працаўніка. Са словамі падзякі і пахвалы першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Цімашчэня ўручылі камбайнеру каштоўны падарунак і падзячны ліст. Таксама прафсаюзны лідар забяспечыў механізатара халоднай пітной вадой.

Надоўга на вытворчай базе Яўген не затрымаўся. Ужо праз пару гадзін пасля ўзнагароджвання і віншаванняў,  па-гаспадарску падрыхтаваў-шы машыну, вярнуўся на збожжавыя палеткі. Няхай там і не так шмат засталося ўбіраць гектараў, але Яўген Собалеў прывучаны не спыняцца на паўдарозе, а даводзіць пачатае да канца. Ён добра разумее, што вырашчаны хлеб патрэбна ўбраць да апошняга зярняці і горды тым, што ўнёс свой уклад у такую высакародную для кожнага аграрыя справу.

Бацькоўскай дарогай

Изображение 010На палетках КСУПа “Чырвоны Бор” працуе яшчэ адзін камбайнер, які дабіўся высокага намалоту. Гэта Аляксандр Гаўрылаў з КСУПа “Бялёў”.  Прыбыў на дапамогу суседзям пасля заканчэння жніва ў сваёй гаспадарцы. Цану хлебу ён ведае з маленства. Яшчэ малым далучаўся да хлебаробскай справы, калі бегаў на поле, каб праехаць у кабіне бацькавага камбайна. Цяпер вось ужо сам другі год кіруе “стэпавым караблём”. І з кожным годам у Аляксандра Аляксандравіча гэта атрымліваецца ўсе лепш і лепш. Аб сакрэтах свайго поспеху ён і расказаў гасцям: старшыні абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктару Крыўко-Красько,  першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку райсельгасхарчу Мікалаю П’яўко, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміру Цімашчэні, якія спецыяльна наведаліся на палетак, каб павіншаваць перадавога механізатара.  Пасля таго, як Віктар Крыўко-Красько ўручыў Аляксандру падарунак, паміж імі завязалася шчырая размова. Прафсаюзнага лідара цікавілі ўмовы працы камбайнераў, ці забяспечваюцца яны харчаваннем, ці добры ўраджай вырасцілі жыткавіцкія хлебаробы. Аляксандр расказваў усё без утайкі:

— Умовы для працы цудоўныя. Забяспечвае гаспадарка і харчаваннем. А хлеба таксама на палях хапае, стараемся сабраць усё, каб паспець у пагодныя дні.

Канечне, нялёгка ў такую спякоту працаваць на полі, але механізатары пераадольваюць гэтую цяжкасць, радуюцца, што няма дажджоў і ўборка ідзе добрымі тэмпамі. Прыўзняты настрой і ў Аляксандра Гаўрылава. Як не кажы, а сямсот тон намалочанага зерня запісаў сёлета на свой асабісты рахунак.  І спадзяецца, што яны не апошнія.

— Летась было значна меней, — гаворыць гасцям Аляксандр. — Але і вопыту таксама бракавала. Цяпер жа справа ідзе намнога весялей, бо больш дасканала асвоіў тэхніку, ведаю яе слабыя месцы, таму ўдаецца пазбягаць паломак, папярэдне праверыўшы праблемныя вузлы і агрэгаты.

Пасля моцных мужчынскіх поціскаў рук і пажаданняў камбайнеру поспехаў, яго чакала яшчэ адна прыемная неспадзяванасць: кіраўнік раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова надзяліла механізатара бутэлькамі з халоднай вадой. Дарэчы, атрымаў такі падарунак ад арганізацыі не толькі Гаўрылаў, але і ўсе механізатары і вадзіцелі, што працавалі на чырванаборскай хлебнай ніве, а таксама вучні Бялёўскай школы, якія працуюць на таку гаспадаркі.

Менавіта такія працаўнікі як Собалеў, Гаўрылаў і многія іншыя  яскрава даказалі і даказваюць, што поспех на хлебнай ніве заўсёды спадарожнічае руплівым.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.