Сур’ёзная размова адбылася ў Чырвоным са старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама і кіраўнікамі раённых службаў і арганізацый

Изображение 005Каб больш дэталёва  даведацца і разабрацца з жыццёвымі праблемамі жыхароў Чырвоненскага Савета, адміністрацыйную тэрыторыю на гэтым тыдні наведаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі разам з кіраўнікамі раённых службаў і арганізацый. Дыялог паміж прадстаўнікамі ўлады і людзьмі атрымаўся сур’ёзным і канструктыўным.

Сустрэча старшыні райвыканкама з жыхарамі пасёлка Чырвонае праходзіла ў мясцовым Доме культуры.  Выказацца аб цяперашнім дні пасёлка мог кожны ўдзельнік мерапрыемства, не прыхоўваючы самых складаных праблем. І як паказала гутарка, такіх у населеным пункце  аказалася нямала. Іх пералік пачала старшыня ветэранскай арганізацыі торфабрыкетнага завода Інна Манакова.  Як казала жанчына, пражывае яна ў пасёлку з самага першага дня яго заснавання, і цяпер у яе душа баліць за стан населенага пункта. Асабліва шмат нараканняў жыхарка выказала ў адрас камунальнай службы і дарожнай арганізацыі, што тыя не па-гаспадарску ажыццяўляюць сваю дзейнасць.

Изображение 004– Канечне, за апошнія гады многа зроблена добрага, – не прамінула падзякаваць кіраўніку раёна ветэран  працы, – заменены водаправодныя  камунікацыі, уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады, што значна павысіла якасць водазабеспячэння жыхароў пасёлка. Цяпер вось мяняюць і цеплатрасу, але робяць гэта неахайна. Ламаюць асфальт, выкапаныя траншэі не раўняюцца. Многа дамоў патрабуюць рамонтаў, ды і з добраўпарадкаванасцю не ўсё гладка, бо камунальшчыкі не дапрацоўваюць.

Іну Манакову падтрымалі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы, якія прывялі нямала фактаў безгаспадарчасці і адсутнасці ўзаемапаразумення паміж сельвыканкамам і кіраўнікамі службаў, што працуюць на адміністрацыйнай тэрыторыі. Вось адзін з такіх прыкладаў. Рабочыя камунальнага ўчастка абкошвалі  замацаваную за імі тэрыторыі, а нейкія два метры, што да яе прымыкаюць, пакінулі, хаця старшыня сельвыканкама і прасіла абкасіць гэты ўчастак. Нават бензін для касілак прапаноўвала. Ці яшчэ прыклад, які прывяла работніца Чырвоненскай амбулаторыі. Сваю тэрыторыю яны падтрымліваюць у парадку, кожны тыдзень выходзяць на суботнікі, а вось ля трансфарматарнай будкі і тэлефоннай станцыі іх уладальнікі, энергетыкі і электрасувязісты, зусім не паказваюцца. Хаця работы па навядзенні парадку ў гэтых месцах дастаткова.

– Пакуль не патэлефануем дырэктару Алегу Савосценку ў Жыткавічы, на месцы яго падначаленыя і пальцам не пашавеляць, – гаварылі чырвоненцы. – Адсюль і ўсе беды нашага пасёлка. Няхай бы кіраўніка  структурнага падраздзялення прызначылі з мясцовых, каб тут пражываў, таму ведаў бы ўсе праблемы знутры.

Зразумела, што накопліваліся пытанні па тым жа жыллю не  адно дзесяцігоддзе. І цяпер, каб іх належна вырашыць, патрэбны значныя капіталаўкладанні, якіх на цяперашні час недастаткова. Але разам з тым ёсць нямала агрэхаў, якія па сілах выправіць сваімі сіламі. Сумесна можна вырашыць справу з устаноўкай пясочніц,  альтанак, гойдалак для дзіцячых забаваў. У пасёлку нараджаюцца дзеці. А гуляць ім няма дзе. Ды і з развядзеннем антысанітарыі на прыпынках таксама  патрэбна змагацца больш актыўна. Тым больш што ёсць каму, на тэрыторыі Савета працуюць  два ўчастковыя інспектары. Ды і самім людзям патрэбна  займаць больш актыўную грамадзянскую пазіцыю ў дачыненні парушальнікаў,  вобразна кажучы, выводзіць іх на чыстую воду. Усё ж правільна зазначыў начальнік ДЭУ-111 Мікалай Штукар, што, акрамя саміх чырвоненцаў, на прыпынках ніхто не смеціць, але паабяцаў, што пашукае выйсце са склаўшайся сітуацыі.

– Несумненна, што дробныя праблемы, якія не патрабуюць вялікіх затрат, будуць вырашацца неадкладна, – запэўніў прысутных на сустрэчы старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі. – Пасля мерапрыемства адпаведныя кіраўнікі атрымаюць канкрэтныя даручэнні. Увогуле, кожная праблема павінна мець станоўчае вырашэнне. Зразумела, што ў залежнасці ад складанасці спатрэбіцца для гэтага больш ці менш часу.

Пад асаблівы кантроль  Аляксандр Віктаравіч узяў пытанне па забеспячэнні належнага тэмпературнага рэжыму ў мясцовай школе, каб да пачатку ацяпляльнага сезону  выправіць  існуючыя недахопы. Таксама чырвоненцы агучылі і пытанні, што тычыліся работы лічбавага тэлебачання,  праваахоўных органаў, дзейнасці кафэ.  Сваім набалелым дзяліліся з прадстаўнікамі раённай улады і людзі ў іншых населеных пунктах Савета. Напрыклад, у Пухавічах жыхароў турбавала, калі ж будзе прыбраны з цэнтра падмурак раней знесенага будынка, як можна аднавіць работу наглядальніка за могілкамі, а ў Сяменчы прасілі, каб супрацоўнікі ДАІ падзяжурылі колькі падвячоркаў з мэтай прызваць да парадку несумленных вадзіцеляў. Самае важнае, што падчас сустрэч прадстаўнікоў раённай улады з насельніцтвам Савета атрымаўся жывы дыялог. І хочацца спадзявацца, што карысць ад гэтага будзе. Тым больш што такія мерапрыемствы  будуць праводзіцца і ў іншых сельсаветах. Бо менавіта яны павінны стаць своеасаблівым барометрам, які вызначае ўзровень даверу людзей да мясцовай і раённай  улады. А ён, як вядома, найперш вымяраецца канкрэтнымі справамі на карысць людзей. І памкненні ў гэтым ёсць, як і намаганні, што прыкладваюцца ўладай для вырашэння людскіх праблем.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.