Цэнтральная плошча Жыткавічаў у мінулыя выхадныя ператварылася ў вялікую гандлёвую пляцоўку

Изображение 077І па водгуках гандляроў і пакупнікоў першы восеньскі кірмаш прайшоў даволі паспяхова. Аб чым найяскравей сведчыць грашовая выручка ў памеры амаль сарака мільёнаў рублёў. Менавіта на такую суму вяскоўцы прадалі гараджанам сваёй прадукцыі.

Адкрыццё  кірмашу намячалася а дзявятай гадзіне, але і гандляры, і пакупнікі пачалі працаваць  раней вызначанага часу. Толькі на плошчы спынялася чарговая аўтамашына з таварам, як хутка ля яе збіраўся натоўп гараджан. Вяскоўцам было што прапанаваць жыхарам райцэнтра. У кузавах грузавікоў і ў фургонах мяхі з зернем, сеткі з бульбай і агароднінай. Таксама бойка ішоў гандаль мясной прадукцыяй. Яго ў шырокім асартыменце прадавалі адкрытае акцыянернае таварыства “Людзяневічы”, КСУПы “Чырвоны Бор”, “Бялёў”. Увагу пакупнікоў прадаўцы прыцягвалі не толькі добрым таварам, але і знешнім выглядам сваіх імправізаваных гандлёвых кропак. Напрыклад, працаўніцы КСУПа “Коленскае” змайстравалі з гарбузоў вясёлых чалавечкаў. З дапамогай  прыродных матэрыялаў цікавую экспазіцыю на сваім гандлёвым месцы зрабілі працаўнікі КСУПа “Бялёў” і рыбгаса “Чырвоная Зорка”. А вось людзяневіцкія гандлёвыя рады былі аздоблены саматканымі ручнікамі.

Изображение 069Самае галоўнае, што на кірмашы не было людзей абыякавых. Так, дырэктара КСУПа “Чырвоны Бор” Віктара Раковіча парадавала тое, што вельмі хутка людзі раскупілі прывезенае гаспадаркай мяса. Ды і сам Віктар Віктаравіч атаварыўся сакавітымі яблыкамі, якія набыў на машыне адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”.  Попытам у жыткаўчан карысталася не толькі садавіна з гэтай гаспадаркі, але і прадукцыя кансервавага камбіната, які з’яўляецца філіялам акцыянернага таварыства.

Задаволенай ад бойкага гандлю засталася і інжынер-маркетолаг рыбгаса “Чырвоная Зорка” Таццяна Шчур. Яна са сваёй напарніцай і вадзіцелем ледзь паспявалі ў тры пары рук расфасоўваць для пакупнікоў свежую азёрную  рыбу: плотак, карасёў, шчупакоў, карпоў і судакоў.

— На кірмашы намнога лепей разышлася наша прадукцыя, чым проста ў выхадныя дні, — падзялілася ўражаннем спецыяліст. — Тут толькі прыехалі, як чарга выстраілася.

Изображение 075Увогуле пакупніцкая актыўнасць жыткаўчан была высокай. Многія ішлі на кірмаш мэтанакіравана, каб зрабіць запас агародніны і бульбы на зіму. Некаторыя проста прыцэньваліся, каб на наступным кірмашы закупіцца. Непадробную цікавасць да кірмашу праявіла і кіраўніцтва раёна. Старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі і яго першы намеснік Мікалай П’яўко асабіста абышлі гандлёвыя рады, каб пераканацца наколькі шырокі асартымент  тавараў прывезлі з грамадскіх, фермерскіх і прыватных гаспадарак вяскоўцы. Прадстаўніцтва апошніх на першым восеньскім кірмашы было даволі вялікім. Як і шырокі асартымент прадукцыі, што прапаноўваўся прыватнікамі гараджанам. І ўбачаным кіраўнікі раёна засталіся задаволенымі.

Нельга не адзначыць ролю ў арганізацыі кірмашу спецыялістаў райсельгасхарчу і раённай арга-нізацыі прафсаюзаў. Напрыклад, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Цімашчэня асабіста кіраваў размяшчэннем на плошчы транспарту сельгаспрадпрыемстваў і прыватнікаў з прадукцыяй. Таму ўсё рабілася арганізавана, кожны гандляр атрымаў зручнае месца, каб, вобразна кажучы, паказаць свой тавар у найлепшым выглядзе.

Изображение 071— Прадукцыі рознай прывезлі на кірмаш дастаткова, толькі набывай, — гаворыць раённы прафсаюзны лідар Уладзімір Гулюта. — Пабываць на такім свяце адно задавальненне, найперш ад таго, што сустрэнешся з сябрамі, знаёмымі. Канечне ж, нешта і набудзеш для патрэб уласнай гаспадаркі. Або проста паслухаеш спевы самадзейных артыстаў. Якое ж свята без  музыкі.

Сапраўды, першы восеньскі кірмаш у райцэнтры быў надзвычай песенным. На імправізаванай сцэне свой талент і песеннае майстэрства дэманстравалі самадзейныя артысты Жыткавіцкага гарадскога дома культуры. Звонка ліліся іх песні, перамешваючыся са шматгалоссем людзей, якія спяшаліся рабіць пакупкі. Тых жа пакупнікоў, што яшчэ не знайшлі свой тавар, чакаюць новыя кірмашы. І наступны з іх адбудзецца ў бліжэйшую суботу.  Будзем спадзявацца, што і ён стане такім жа багатым, шматлюдным і гасцінным. Падстаў для гэтага маецца дастаткова. І ў першую чаргу, гэта старанная праца аграрыяў, якія вырасцілі і сабралі добры ўраджай, і сваёй прадукцыяй здольныя забяспечыць попыт самага прыдзірлівага пакупніка.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.