Дваццаціпяцігоддзе са дня аднаўлення дзейнасці Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі адзначыла моладзь Жыткавіцкага раёна

Изображение 002Ва ўрачыстасці з такой знакавай нагоды прынялі ўдзел актывісты  гарадскіх школьных дружын, іх важатыя, а таксама прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грамадскіх арганізацый.

Распачалося мерапрыемства з відэапрэзентацыі, падчас якой усе даведаліся аб зараджэнні і развіцці піянерскага руху на тэрыторыі былога Савецкага саюза. За дзесяцігоддзі свайго існавання піянерыя ўпісала нямала слаўных старонак у біяграфію сваёй арганізацыі.  Цімураўскі рух, абарона Айчыны ад фашыстаў, дапамога дарослым на вытворчасці і палетках, збор другаснай сыравіны, патрыятычная гульня “Зарніца”, адпачынак у летніх лагерах,правядзенне разнастайных творчых акцый і многае іншае – усё гэта добрыя справы піянерыі былой краіны. Але яе не стала, і каб захаваць у дзіцячым асяроддзі гэтыя выхаваўчыя традыцыі, 13 верасня 1990 года на рэспубліканскім злёце было абвешчана аб стварэнні Беларускай  піянерскай арганізацыі і прыняты яе статут. За прайшоўшы з той пары час  рады піянераў краіны значна пашырэлі. Толькі ў нашым раёне зараз у іх налічваецца больш за тысячу васямсот школьнікаў. У сваім віншавальным звароце да актывістаў піянерскага руху намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Русая зазначыла, што  быць піянерам было заўсёды ганарова.

— Мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, нашы матулі і бабулі, бацькі і дзядулі рабілі ўсё на карысць сваёй краіны, каб не запляміць гэтае высакароднае званне, таму што  шмат прыемных успамінаў захавала памяць аб той цудоўнай дзіцячай пары, —  падкрэсліла Таццяна Васільеўна. — Хацелася, каб  цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі з такім жа пачуццём ставіліся да таго, што яны з’яўляюцца піянерамі. Памятайце, што піянерскі гальштук, які вы павязваеце на шыю, з’яўляецца часцінкай дзяржаўнага сцяга нашай краіны, дзеля дабрабыту і росквіту якой мы ўсе павінны працаваць і вучыцца.

Важным момантам раённага піянерскага свята стала ўшанаванне важатых школьных дружын. Менавіта пры іх непасрэдным кіраўніцтве ў пярвічных арганізацыях навучальных устаноў   ажыццяўляецца мноства цікавых спраў. З вялікім задавальненнем вучні ўручылі сваім старэйшым таварышам кветкі. А Таццяна Русая ўзнагародзіла найбольш вопытных важатых з другой і трэццяй жыткавіцкіх школ Алену Шаўчэнка (на здымку)і Алену Матросаву падзячнымі лістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Незабыўнай застанецца гэтая ўрачыстасць для паўдзясятка хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх на свяце прынялі ў акцябраты. Менавіта з гэтай дзіцячай арганізацыі піянерыя атрымлівае сваё папаўненне. Таму і невыпадкова, што перад тым, як прышпіліць на грудзі зорачкі малодшым таварышам,  для апошніх было арганізавана выпрабаванне, каб даведацца, ці гатовыя яны быць актыўнымі і дзейснымі ва ўсіх пачынаннях. Усё ж піянер заўжды павінен быць прыкладам для іншых ва ўсіх пачынаннях. Таму і насіць гэтае званне павінны дзеці не толькі старанныя, але і творчыя, дысцыплінаваныя.

Закончылася ўрачыстасць піянерскай эстафетай, у якой прынялі ўдзел каманды чатырох гарадскіх  навучальных устаноў. Хлопчыкі і дзяўчынкі падчас яе і прадэманстравалі, што яны годныя насіць піянерскія гальштукі і многае ўмеюць. Падчас конкурсаў ім прыйшлося  праяўляць не толькі веды, але і кемлівасць, спрыт, выдумку і фантазію. Найлепш гэта ўдалося камандзе з СШ №2 райцэнтра “Піянерскае полымя”, якая і заняла ў эстафеце першае месца. Другімі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з каманды “Лідары” трэцяй гарадской школы, а трэцяе месца дасталося камандзе гімназіі “Піянеры”. Усе яны адзначаны дыпломамі адпаведнай вартасці, а каманда СШ №1 горада Жыткавічы атрымала дыплом  за актыўны ўдзел у мерапрыемстве.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.