Захаваем свае традыцыі

батлейкаУжо ў другі раз мне пашчасціла пабываць у Мінску ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе адбыўся ІІ міжнародны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. Як цудоўна, што манастыр, які сам з’явіўся  нядаўна – напрыканцы ХХ стагоддзя, у 1999 годзе, так шмат робіць для адраджэння беларускай культуры, для паказу сучаснікам непаўторнага свету батлейкі, праводзіць шматлікія культуралагічныя мерапрыемствы. І як увішна, што фестываль займеў такую ўзвышаную назву “Нябёсы”: годна ды паважна могуць і ўмеюць адпачываць маленькія і дарослыя  беларусы на роднай зямлі.

На сёлетніх “Нябёсах” сустрэліся тэатральныя калектывы з розных краін. Пад слоганам “З лялькай да Бога” і праходзіла мерапрыемства. Тут можна было ўбачыць конкурсныя паказы спектакляў прафесійных, аматарскіх і хатніх тэатраў малых форм, паўдзельнічаць у тэматычных круглых сталах, майстар-класах, наведаць выставы і творчыя сустрэчы.  Адметна, што значная ўвага на фестывалі была аддадзена ранжыроўцы спектакляў: пастаноўкі для дзетак трох і васьмі год адрозніваліся сваёй складанасцю. А іх бацькі, зразумела, маглі атрымаць поўнае задавальненне ад любога дзейства, калі побач з імі  радаваліся іх дзеці. Больш таго, у нядзельнай школе пры манастыры дзетак вучылі рабіць мультыплікацыю, плесці з саломкі, іншым сакрэтам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Арганізатары “Нябёсаў” паставілі сабе мэту адраджэння і развіцця ў ХХІ стагоддзі беларускай традыцыйнай батлейкі і мастацтва тэатра лялек. Нагадаю, што слова “батлейка” паходзіць з польскай мовы (ад Betleem – назва г. Віфлеема,  месца нараджэння Хрыста). І, дарэчы, сам беларускі народны лялечны тэатр вядомы нам з ХVІ, а польскі – з ХV стагодзяў.

Батлейку часцей за ўсё паказвалі на Раство, аднак прадстаўленні нярэдка даваліся і ў час кірмашоў, якіх раней было проста безліч на Беларусі.  Батлейшчыкаў запрашалі і паны ў свой маёнтак, каб парадаваць дарагіх гасцей.

Цікава, што ў розных вёсках Беларусі батлейка мела іншыя назвы: яселка, батляемка, остлейка, жлоб, вяртэп, шопка. Для паказаў батлейкі з дрэва рабілі скрынкі розных памераў, звычайна ў выглядзе хаткі (напрыклад, у батлеечніка Патупчыка з Докшыц 1,5х1,5 м) ці царквы з купалападобным дахам з крыжам, з гарызантальнымі перагародкамі (ярусамі-сцэнамі).

Самі лялькі-персанажы рабіліся з дрэва, каляровай паперы, тканіны. Валасы, вусы і бровы ўдзельнікаў – з лёну ці аўчыны. Лялькі мацаваліся  на драўляны ці металічны шпень, пры дапамозе якога  батлеечнік вадзіў іх па праразях. Іншыя майстры выраблялі лялькі-марыянеткі на нітках з верхнім прынцыпам ваджэння ці нават пальчатачныя лялькі. Лялькі маглі быць нават без рук і ног, дастаткова было вачэй, валос і барады. І, канешне ж, батлеечніку трэба было быць таленавітым акцёрам-самародкам, гаварыць тэкст, па-майстэрску падрабляючы галасы персанажаў.

Рэпертуар быў багаты не толькі фальклорным, але і жыццёвым матэрыялам, нярэдка залежаў ад таленту самога батлеечніка. Тут дзейнічаюць доктар-шарлатан, карчмар, фанабэрысты франц-шляхціц, салдат, п’яніца, гультай, селянін, анёл і г.д. На сцэне былі персанажы, у якіх людзі пазнавалі саміх сябе, суседзяў, сваякоў, знаёмых, аднавяскоўцаў. Калі акцёр пачынаў крытыкаваць мясцовую ўладу, батлейку маглі тут жа  паламаць. Наогул у батлейцы налічвалася больш чатырох дзясяткаў персанажаў і вядома звыш двух дзясяткаў самадзейных спектакляў.

 Часам  спектакль ішоў у суправаджэнні  цэлага ансамбля, дзе былі  скрыпка, цымбалы, бубен і гармонік.  Жылі многія спектаклі доўга, іх выконвалі многа разоў.  І ўсюды іх сустракалі як дарагіх гасцей.  Асабліва радаваліся маленькія гледачы. Адметна, што раней у Беларусі ў кожным гарадку быў свой батлейшчык, а то і некалькі акцёраў, прычым за сваю дзейнасць яны атрымлівалі неблагія грошы. Некаторыя ж  батлеечнікі падарожнічалі па ўсёй Беларусі.

А ў 1915 годзе ў Мінску былі наладжаны спецыяльныя паказы батлейкі. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны для ўзняцця настрою было паказана ажно 90 прадстаўленняў!

Напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя батлейка зноў пачала адраджацца. Яе сталі паказваць у многіх гарадах і вёсках БССР, у школах краіны.

Ініцыятарам і духоўным настаўнікам Першага раждзественскага праваслаўнага  фестывалю ў Свята-Елісавецінскім манастыры стала сястра міласэрнасці Людміла Ждановіч, якой, на жаль, ужо няма побач з намі.

Вельмі добра, што ў фестывалі “Нябёсы” бяруць удзел калектывы з усіх абласцей Беларусі.  Сучасную батлейку, як і стагоддзі назад, здольны паказаць адзін чалавек, але выступаюць калектывы, дзе налічваецца ўдзельнікаў ажно да дванаццаці чалавек.

І як добра, што ў перыяд раждзественскіх святаў у ХХІ стагоддзі у гарадах і вёсачках Беларусі зноў і зноў адбываюцца прадстаўленні батлейкі, якая ўяўляе сабой адну з самых цікавых і самабытных старонак у гісторыі айчыннага народнага мастацтва. Душа радуецца, калі бачыш яе ў многіх музеях нашай Бацькаўшчыны. Але беларуская батлейка здолела выйсці па-за межы музеяў, увайшла ў нашы хаты, установы культуры, культавыя месцы.

І ў сучаснай батлейцы ёсць усё – зямля і неба, рай і пекла, дабро і зло. Усё тое, з чаго і складаецца наша жыццё на зямлі роднай. І таленавітыя  батлейшчыкі-магі ўмеюць стварыць сваімі рукамі, розумам увесь свет, насяліць яго персанажамі, здольны ўмела   кіраваць гэтым светам. Упэўнены: ніякія сучасныя навукова-тэхнічныя тэхналогіі, інтэрнэт не здольны замяніць непасрэднасць перажыванняў і чысціню ўспрыняцця гэтага цудоўнага і красамоўнага народнага лялечнага тэатра.

К. КАРНЯЛЮК,

педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.