У мінулую нядзелю жыткаўчане развітваліся з зімой і сустракалі вясну

масленица5Згодна са старадаўнімі абрадамі праходзіла гэтая дзея надзвычай святочна, з мноствам спеваў, танцаў і розных забаў. Зладжанае мерапрыемства з нагоды Масленіцы засведчыла, што ў райцэнтры шануюць свае традыцыі, стараюцца перадаваць іх маладому пакаленню.
…Як толькі на цэнтральнай плошчы загучалі з дынамікаў музыка і песні-вяснянкі, сюды адразу сталі збірацца жыхары і госці горада. У месцы правядзення свята ўсё было належна падрыхтавана, каб годна сустрэць жадаючых прыняць удзел у мерапрыемствах людзей. Найперш, увагу ўсіх прыцягвалі вялікія гандлёвыя рады, ад якіх сыходзілі апетытныя пахі розных прысмакаў. Асартымент вельмі багаты. Прадаўцы, а гэта ў асноўным прадстаўнікі школ і ўстаноў культуры райцэнтра, індывідуальныя прадпрымальнікі прапаноўвалі пакаштаваць пірагоў, і, зразумела, блінцоў уласнай выпечкі, папкорн і салодкую вату. Работнікі Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства ўвогуле прама на плошчы арганізавалі імправізаванае кафе. У палатках кааператары смажылі блінцы, а побач на мангалах гатавалі шашлыкі і каўбаскі. А на прылаўках прыгожа расклалі іншыя стравы. Людзі не праходзілі міма і з ахвотай куплялі прапанаваныя прысмакі і печыва. Шматлюдна было і ля паходнай кухні. Тут работнікі рыбгаса “Белае” варылі юшку, якая таксама разыходзілася на “ўра”. Многія жыткаўчане спыняліся ля спецыялістаў раённага цэнтра фальклору, каб падзівіцца на іх арыгінальны спосаб выпечкі блінцоў. І як толькі патэльня здымалася з калоды, знутры якой шугала полымя, чарговы блінец адразу купляўся якім-небудзь наведвальнікам і са смакам з’ядаўся.
масленица4— Попыт на нашы блінцы высокі, — задаволена гаворыць Ганна Лой, кіраўнік народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына”. — Трэцюю місу цеста разводзім, а людзі падыходзяць і падыходзяць.
У доказ сваіх слоў Ганна Пятроўна спрытна прымае ад сваёй калегі чарговы гатовы блінец, намазвае яго салодкай згушчонкай і перадае пакупніку. І пакуль гандляры частавалі народ, а на плошчы яго большала і большала, культработнікі паспелі падрыхтавацца, каб добра павесяліць людзей. Таму, як толькі прагучалі са сцэны першыя заклікі-запрашэнні прыняць удзел у культурнай праграме, жыхары райцэнтра доўга чакаць сябе не прымусілі. Дружна сабраліся, каб паглядзець на старадаўнія абрады, што ладзілі нашыя продкі на Масленіцу. І гэтую экскурсію для цяперашняга пакалення распачалі самадзейныя артысты народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Міжрэчча” з вёскі Пагост. Ад надзвычай прыгожа выкананых песень-вяснянак хораша станавілася на душы, якая напаўнялася радасным пачуццём ад таго, што скончылася зіма з яе халадамі і сцюжамі, а наперадзе чакаюць цёплыя вясновыя дзянькі, напоўненыя сонцам і росвітам новага жыцця і абуджэння прыроды. Гарачымі апладысментамі сустракалі жыткаўчане і самадзейных артыстаў з вёскі Дзедаўка і аграгарадка Людзяневічы. Канечне ж, усе вельмі падтрымлівалі і ўдзельнікаў конкурсаў, што ладзіліся на сцэне. Увогуле, свята Масленіцы вельмі багатае на розныя абрады. Напрыклад, той жа абрад “Калода” Гэта, калі дзяўчаты, каб правучыць закаранелага халасцяка, прывязвалі яму да нагі калоду, каб ён хутчэй жаніўся. Па-майстэрску гэтую дзею разыгралі спевакі з народнага ансамбля “Сваты”. масленица3Традыцыйна ўдзельнікі гэтага мастацкага калектыву парадавалі прысутных на свяце сваімі канцэртнымі нумарамі, падчас якіх многія закружыліся ў танцы.
Свята Масленіцы з кожнай гадзінай яго правядзення набірала абароты. Вялікім натопаўпам усе прынялі ўдзел у яшчэ адным важным абрадзе — спальванне пудзіла Зімы. Як толькі языкі ачышчальнага полымя ўзняліся над ім, ля вогнішча адразу ўтварыўся вялікі карагод з дзяцей і дарослых, каб сказаць Зіме да пабачэння і прывітанне вясновым дзянькам.
Сімвалы Масленіца — гэта не толькі спевы, блінцы, танцы, абрады, а таксама розныя забавы. Іх на свяце ў Жыткавічах было на любы густ, для дзяцей і дарослых. Для малых працаваў цэлы гарадок з арэлямі, батутамі і машынкамі. Праводзілася і мноства спартыўных спаборніцтваў. Асабліва прыцягальным было відовішча пакарэння шасцімятровага слупа. З дзясятак мужчын і юнакоў імкнуліся ўзабрацца на яго вяршыню, пад гучныя воклічы-падтрымкі гледачоў. Некаму гэта не ўдалося, але тое, што на слупе не засталося ні аднаго прыза, сведчыла, — не перавяліся асілкі ў нашым горадзе. Але галоўным прызам гэтага веснавога свята стаў для ўсіх добры настрой, які ніхто не прыхоўваў, а шчодра дзяліўся радасцю з усімі і нёс яе ў сэрцы да дому, каб падзяліцца з блізкімі.
масленица2Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.