Майстры высокіх надоеў і прываг

О ПавлюшинаБольш за шэсць тон малака ад кожнай каровы сваёй групы па выніках мінулага года надаіла аператар машыннага даення з КСУПа “Бялёў” Вольга Паўлюшына (на здымку). У перадавіках раёна старанны і працавіты жывёлавод гэтай гаспадаркі і сёлета.
Па выніках трох месяцаў бягучага года Вольга Міхайлаўна ў разліку на адну карову надаіла 1514 кілаграмаў малака. Працуе майстар высокіх надоеў на бялёўскай малочнатаварнай ферме. Справа, якой займаецца, ёй па душы. Жанчына вельмі перажывае за кожную няўдачу на вытворчасці, таму стараецца пазбягаць такіх непрыемных момантаў у сваёй практыцы.
Упэўнена ў сваім майстэрстве і аператар машыннага даення з акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Наталля Фралова. Вытворчы здабытак гэтага спецыяліста за тры месяцы бягучага года складае 2341 кілаграм надоенага малака ад адной каровы. Спорацца сёлета справы ў такіх прафесіяналаў з КСУПа “Коленскае” як Іван Андык і Алена Саскевіч. За вышэйазначаны перыяд гэтага года яны надаілі ад адной каровы па 1590 кілаграмаў малака. Сярод аператараў гэтай гаспадаркі заслугоўвае ўвагі і працоўнае дасягненне Надзеі Рагалевіч, якая запісала на свой рахунак 1278 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову.
Высокімі працоўнымі здабыткамі вызначаюцца і работніцы ферм акцыянернага таварыства “Людзяневічы” Валянціна Базько і Таццяна Ярмольская. Першая за тры месяцы надаіла ад каровы па 1505 кілаграмаў малака, другая — па 1466.
Лідарамі па надою малака ад адной каровы ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” з’яўляецца Тамара Купрацэвіч (1372 кілаграмы), а ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” – Валянціна Балбуцкая (950 кілаграмаў).
Па выніках трох месяцаў лепшы паказчык на вырошчванні маладняку ў аператара з акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Вольгі Канстанцінавай. Яе гадаванцы за суткі прыбаўлялі ў вазе па 990 грамаў. 981 грам сярэднясутачных прываг па замацаванай групе атрымала і жывёлавод з акцыянернага таварыства “Людзяневічы” Кацярына Ханеня. Па групе яе калегі, Івана Карніцкага, гэты паказчык складае 903 грамы. У сярэднім за суткі цяляты, якіх даглядае працаўніца з КСУПа “Бялёў” Ірына Мулюк, прыбаўлялі ў вазе 950 грамаў, а маладнячок жывёлавода Раісы Стракіс з ААТ “Прыазёрскае-Агра” цяжэў на 947 грамаў.
Як заўсёды парадавалі добрымі вытворчымі здабыткамі і аператары па вырошчванні маладняку з КСУПа “Коленскае”. Сярэднясутачныя прывагі, якіх стараннай працай дамагліся Алена Дрынеўская і Алеся Ганіна склалі 870 грамаў, а паказчык Наталлі Савельевай, Людмілы Шляга, Марыны Сакула і Алесі Арцемьевай – 743 грамы. У КСУПе “Чырвоны Бор” лідарства на вырошчванні цялят з паказчыкам 713 грамаў утрымлівае жывёлавод Галіна Макарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.