КРОПКА АПОРЫ

Вольга ПаулюшынаВольгу Паўлюшыну з самага дзяцінства вучылі, што нічога дарэмна чалавеку ў жыцці не даецца. Усяго дабіцца можна толькі сумленнай працай мазалёвай. У лёсе жанчыны гэты прынцып і цяпер застаецца вызначальным.

На малочнатаварную ферму “Бялёў” аднайменнага сельгаспрадпрыемства, дзе працуе Вольга Міхайлаўна аператарам машыннага даення, трапілі  са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Цімашчэнем. Лідар арганізацыі наведаўся на гэты вытворчы аб’ект з канкрэтнай мэтай, каб павіншаваць Паўлюшыну з чарговай працоўнай перамогай. Жанчына ледзь толькі паспела выканаць свае паўсядзённыя справы на грамадскай ферме: падаіла кароў, навяла парадак на рабочым месцы, памыла апараты, але госця сустрэла ва ўсёй прывабнасці і ў добрым настроі.

– За старанне і майстэрства райкам прафсаюза ўзнагароджвае вас ганаровым дыпломам і каштоўным падарункам, – звярнуўся Уладзімір Міхайлавіч да жывёлавода і пажадаў, — гэтак жа плённа працуйце і надалей.

Час для такой невялікай урачыстасці быў выбраны невыпадкова, як раз напярэдадні Дня маці. І гэтая акалічнасць не магла не расчуліць жанчыну. Лёс быў не вельмі літасцівы да яе. Так сталася, што з мужам прыйшлося расстацца, і адной расціць чацвярых дзяцей. Трое з іх ужо пакінулі сямейнае гняздо, пайшлі на свой хлеб. Яшчэ адзін — школьнік. Менавіта для сваіх дзетак і жыве, і працуе Вольга Міхайлаўна. Дзеля іх і пайшла ў жывёлагадоўлю, бо тут, хаця  праца цяжкая, але ж зарабіць больш можна, чым на іншых участках сельгасвытворчасці. Каб быў у сям’і матэрыяльны дастатак, не лічылася з часам, старалася выконваць свае абавязкі сумленна, бо аплата аператару налічваецца ад колькасці і якасці атрыманага малака. Настойлівасці ў Паўлюшынай заўсёды хапала. І поспехі доўга чакаць сябе не змусілі. Вольга Міхайлаўна ўжо другі год запар з’яўляецца лідарам ўнутрыгаспадарчага працоўнага саперніцтва сярод бялёўскіх аператараў машыннага даення. Больш за пяць тысяч кілаграмаў малака надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы. І цяпер дасягнутыя ёю паказчыкі сведчаць, што па канцу года яны па сваёй важкасці будуць не горшымі за леташнія.

– Я радая за сваіх дзяцей. Усе яны вывучыліся, працаўладкаваліся, – расказвае Вольга Міхайлаўна. – Летам вось дачку замуж аддала, цяпер унука чакаем. Пастаўлю на ногі і апошняга, таму і стараюся на ферме.

Жыць для ўласных дзяцей. Для кожнай маці гэта набывае вялікі сэнс. Яны гатовы ахвяраваць многім, толькі, каб у нашчадкаў было ўсё добра. Вольга Паўлюшына менавіта з такіх маці, бо яе радасць і ўцеха ў дзецях. Менавіта яны напаўняюць асалодай  жыццё жанчыны, а сэрца – любоўю, дабрынёй і пяшчотай, а душу – шчасцем, натхняюць на новыя справы і здзяйсненні.

Сяргей БЕЛКА

Фото автора

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.