Мілевічы — “мілае” месца

2126Вёска Мілевічы размясцілася на правым беразе ўніз па цячэнню ракі Случ.
Па словах старажылаў, наша рэчка была калісьці мнагаводнай, на сваім шляху мела многа прытокаў. Казалі, што па ёй нават хадзілі невялікія баржы са Слуцка ў Прыпяць. Бачыла рэчка і плытагонаў, якія гналі плыты ў Мікашэвічы. Аб ёй пазней узгадвалі і ў вершах:
…Я цяпер не проста рэчка,
А рака шахцёрская.
Але ўсё змянілася. Раку згубілі і салігорскія шахты, і меліярацыйныя работы, насосная, якая пабудавана ў вёсцы Новыя Мілевічы, каб падаваць ваду ў рыбгас “Белае”.
Улетку Случ — рэчачка, затое ўвесну, калі бывае паводка, яна можа паказаць свой нораў. Затапляе ўсе навакольныя сенажаці. Тады падоўгу можна любавацца яе воднай гладдзю.
З гісторыі паходжання назвы вёскі заўсёды даводзіцца чуць адно і тое ж:
«Пасяліўся калісьці тут чалавек. Побач — рэчка, лес. У лесе грыбоў, ягад, жыўнасці ўсякай. Хапала і палёў. І сапраўды “мілае” месца. Адсюль і назва — Мілевічы (мілае прыгожае месца)».
Паверхня мясцовасці ўзгорыстая, бо зямлю гэту ў далёкія часы не мінуў ляднік, які спускаўся са скандынаўскіх гор. Палі шчыра аздоблены каменнем, якое часта перашкаджае ў апрацоўцы глебы. Адно з урочышчаў нават назву мае “Каменіца”.
Сустракаюцца нават камяні-валуны, якія можна было б далучыць да здабыткаў “Музея валуноў” на Міншчыне.
Не мінула ў свой час нашу вёску і нашэсце татарскага іга. Аб гэтым сведчаць легенды і паданні аб гісторыі ўзнікнення назваў пэўных урочышчаў.
(Расказвае адна са старэйшых
жанчын в. Мілевічы
Ефімовіч Улюта Мітрафанаўна).
Непадалёку ад вёскі, у бок “дубніку” узвышаюцца два курганкі. Гісторыя гэтая, сапраўды, жудасная. Гэтыя курганкі-магілы.
Вельмі ўжо падабаліся нашы дзяўчаты татарам. Але прыгажуні ніколі не згаджаліся з тым, каб служыць ім. З-за адмовы адной пакаралі ўсіх дзяўчат з блізкіх хутароў. Мне яшчэ мая бабуля расказвала, што ў адной магіле пахавана пятнаццаць дзяўчат, а ў другой — трынаццаць. З тых часоў гэтае месца называюць “Дзявоцкае кладбішча”.
А вось яшчэ адно паданне аб узнікненні назвы ўрочышча “Татарскае балота”.
Сталася гэта ў тыя далёкія часы, калі татары былі на нашай зямлі. Тады на месцы, дзе зараз балоцістыя ямкі, была вялізная гара. Вакол гэтай гары размясцілася татарская конніца начале з ханам. Колькі часу тут стаялі татары і іх конніца і колькі ў іх было коней — ніхто не ведае. Аднак, мне яшчэ мая бабуля расказвала, што коней было столькі, што вакол гары яны вытапталі нізіну-балотца.
Далей паміж ханам і татарамі адбылася разня, і хана забілі. Сямёра загаворшчыкаў закапалі ў гэтай гары хана і яго залатую карэту. Не давялося ім пазней завалодаць гэтым скарбам. Заўчасна забілі іх, а карэта засталася ў зямлі. Вякамі людзі перакопвалі гэтую гару з надзеяй адкапаць карэту. Але ж да сённяшняга часу яе не знайшлі. Замест гары засталіся адны балоцістыя ямы, а вакол іх узвышаецца велічны сасновы бор. Мая бабуля-апавядальніца была з 1805 году.
Не можа застацца па-за ўвагай і гісторыя ўзнікнення назвы “Аляксеева возера”.
У тыя часы татары вельмі здзекваліся з мясцовых жыхароў, забівалі ўсіх, хто трапляўся на іх шляху. Людзі вельмі баяліся і хаваліся, хто куды.
Нявесту Аляксея татары згвалтавалі і знявечылі. Душа яго была поўная нянавісці і гневу. Аднаго дня хлопец захаваўся ад татар у возера. Калі да вадаёма падышла маладая татарка памыцца, Аляксей забіў яе. Сам ён не змог уратавацца — татары ўтапілі яго ў гэтым возеры. З тае пары азярцо і называюць “Аляксеева”.
Напэўна, некаторыя з татар засталіся тут на аседласць, бо прозвішчы ў многіх з нас Шаліцовіч, Басарановіч…
У 1921 годзе пасля заканчэння вайны з буржуазна-памешчыцкай Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, па якім заходняя частка Беларусі адышла да Польшчы. З таго часу аж да 1939 года Беларусь была падзелена на дзве часткі — Заходнюю і Усходнюю.
Так ужо склалася, што рака Случ стала той мяжой, якая раздзяліла заходнікаў і ўсходнікаў. За ракой, у вёсцы Новыя Мілевічы, усталявалася савецкая ўлада. А ў нас панавалі палякі.
Вельмі жывая памяць тых, хто свае дзіцячыя гады правёў будучы заходнікам.
(З успамінаў
Паліны Несцераўны Лінкевіч)
Да палякаў мы жылі ў сяле. Калі польская ўлада добра ўсталявалася, то ўсіх пачалі размяркоўваць па хутарах. Каб гаспадар пры сваёй сядзібе меў надзел. У майго бацькі было 16 гектараў зямлі. Самі зрэзвалі дрэвы, раскарчоўвалі, даводзілі ўсе да ладу. На той час мне было 13 гадоў. Працавалі ў сям’і ўсе. Мясцовай уладай на той час быў “солтус”. Гэта пасада — пасада сённяшняга старшыні. Ля ракі была стражніца (мяжа). Сваю тэрыторыю бальшавікі абцягнулі калючым дротам.
(З успамінаў
Улюты Мітрафанаўны Ефімовіч)
Мой бацька пры паляках не меў свайго надзелу. Жыў з сям’ёй пры фальварку пана. Сярод рабочых панскага маёнтка бацька быў старэйшы. Ён, можна сказаць, вёў гаспадарку пана: размяркоўваў даручэнні сярод рабочых, наймаў людзей, калі не хапала сілы сваіх працаўнікоў.
Часта па вечарах наладжвалі вячоркі. Аднойчы пасля такога адпачынку раніцай апахмяліліся і пайшлі на работу (касіць сена) ды леглі ў траве і паснулі. Пакосы былі ля ракі, дзе праходзіла стражніца. Польскія салдаты думалі, што іх пабілі рускія. А калі высветлілася, што мужыкі п’яныя, то пасмяяліся. На шчасце, пану нічога не сказалі.
Навучанне ў школе пачыналася з сямі год. Бацька мой быў граматны, таму я яшчэ дома чытала па складах. у школу пайшла ў восем гадоў. Праз два месяцы перавялі ў другі клас. Школа польская была прыгожая двухпавярховая, размяшчалася там, дзе сёння стаіць будынак сельскага клуба. На другім паверсе жылі настаўнікі — муж і жонка па прозвішчу Гвязда. На першым — вучыліся дзеці — 4 класы. Калі дома было што незразумелым, настаўнікі дазвалялі прыходзіць да іх, яны растлумачаць.
Пры сустрэчы з настаўнікамі, салдатамі-палякамі патрэбна было вітацца: “Нэх бэндзе пахвален Езус Хрыстус”. Паміж сабою мясцовыя жыхары віталіся: “Добры дзень”.
Сярод прадметаў была арыфметыка, гісторыя, пісьмо і прырода. Усе прадметы выкладалі два настаўнікі. У суботу ў школу заўсёды прыязджаў бацюшка. У гэты дзень вывучалі слова божае.
Дысцыпліна была жорсткай. Настаўнік пасылаў вучня выразаць дубчык і за непаслушэнства хлястаў.
Ды, увогуле, дысцыпліна была ва ўсім. Увесь дзень і ўвечары патрулявалі польскія салдаты. Па вечарах ніхто не павінен хадзіць, інакш адвядуць на стражніцу. Там парушальнік мог адсядзець двое сутак.
Шкада, але ў часы вайны будынак школы, як і царквы, спалілі немцы.
(З успамінаў
Яўхіма Васільевіча Ефімовіча)
Мы жылі ў сяле, а за сялом былі так званыя хутары. Яны складаліся з шасці гектараў зямлі. Менавіта столькі на гаспадара выдзяляла польская ўлада. Гаспадаром такіх шасці гектараў быў мой дзед. Ён сам павінен быў раздзяліць гэты надзел паміж сваіх сыноў і іх сем’ямі.
Да 1932 года ў нас была вялікая гаспадарка: 6 кароў і 2 каня. Дапамагалі бацькам ва ўсім.
Скот нарыхтоўшчыкі бралі толькі ад паноў, ад сялян не бралі. Быў час, калі ў нас было 9 кароў. Дастатак таксама быў у сям’і. У 1914 годзе з імперыялістычнай вайны бацька прыйшоў з перабітай рукой. Не ведаю, па дамоўленасці з Расіяй ці як, аднак бацька атрымліваў пенсію 90 злотых польскіх рублёў. На той час за гэтую пенсію можна было набыць 3 каровы.
Хаця і быў я пастухом, усе ж глыбокай восенню і зімой вучыўся. Скончыў 4 класы польскай школы. Пазней на фронце не адзін раз скажуць, што 4 класы польскай школы прыраўноўваліся да 10 класаў рускай.
Вось так жылі мае землякі ў тыя далёкія часы на пачатку ХХ стагоддзя. Хадзілі ў лапцях, ткалі парцякі, пасвілі свіней, вучыліся і проста жылі.
Калі прыйшоў 1939 год, пачалася неразбярыха. Да гэтага часу вельмі часта даводзілася чуць галашэнні з боку вёскі Новыя Мілевічы. Пасля прыходу савецкай улады, калі не было мяжы, стала вядома, што ў суседняй вёсцы “чорны воран” вывез амаль усіх мужыкоў. Можа і нельга зараз так гаварыць (успамінае Васіль Цімафеевіч Ефімовіч), толькі перад самай вайной у Мілевічах прапанавалася раскулачыць і вывезці ў Сібір шэсцьдзясят сем’яў. І хаця многія гаспадары загінулі ў час вайны, але засталіся жывымі іх жонкі і дзеці. Пачатак вайны ўратаваў ад сталінскай расправы.
З прыходам савецкай ўлады ўвесь скот аб’ядналі, аднак тут, на месцы, яго не пакінулі. У 1940 годзе быў створаны Мілевіцкі сельскі Савет, які ўваходзіў у састаў Брэсцкай вобласці, Мікашэвіцкага раёна з раённым цэнтрам у Мікашэвічах. Першым старшынёй савета быў Круковіч Сцяпан Клімавіч. Менавіта сельскі Савет накіроўваў маладых хлопцаў на ФЗН у Лунінец.
(З успамінаў
некалькіх былых навучэнцаў ФЗН)
Спачатку працавалі на ўкладцы жалезнай дарогі з Лунінца на Сарны (Украіна). А праз два тыдні і ўжо да самага пачатку вайны выконвалі заданні забіваць вокны ў вагонах. У гэтых вагонах адпраўлялі людзей у Сібір, якія былі “кулакамі”, “шпіёнамі”, і тых, хто пры паляках быў начальнікам.
Мірнае напружанае жыццё перарвала вайна. Ужо ў 1941 годзе немцы ў Мілевічах размясцілі сваю камендатуру. Маладых мужчын, падлеткаў, выдаўшы дакументы, адпраўлялі ў Ганцавічы, а адтуль — у Германію. Асаблівай жорсткасці на першых парах ад немцаў не бачылі (успамінае Ганна Макараўна Мацукевіч). Прыйшлі аднойчы немцы да бацькі пажывіцца кабанчыкам. Але калі пабачылі, што ў хляве толькі адзін парсюк, то пайшлі, не прыхапіўшы нічога з жыўнасці. Праз некалькі гадзін прывезлі добрага парсюка з Залюціч. Адзін немец нават пачаставаў свежанінай са словамі: “Матка, на і табе, у цябе ж сям’я — 10 душ”. У той час ніхто не паверыў бы таму, што праз год пачнуцца такія злачынствы.
В. Емельяновіч,
в. Мілевічы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.