Цялятніца Валянціна Пяшэвіч сваю працу параўноўвае з работай у дзіцячым садзіку

пешевичЦялятніца Валянціна Пяшэвіч з КСУПа “Коленскае” сваю працу на ферме параўноўвае з работай у дзіцячым садзіку. Прычым, у самай малодшай групе. Калі выхавальнікі займаюцца з маленькімі дзецьмі, то Валянціна Васільеўна даглядае нованароджаных цялятак, якія, па меркаванні жывёлавода, патрабуюць не меншай ласкі і клопатаў. І жанчына не скупіцца на іх для сваіх гадаванцаў.

На такой адказнай пасадзе ў сельгаспрадпрыемстве Пяшэвіч працуе ўжо дзявяты год. І ніколькі не шкадуе аб сваім прафесійным выбары. Хаця, каб дабіцца добрых вытворчых паказчыкаў на гэтым участку, намаганняў і ўменняў патрабуецца прыкласці безліч. За суткі неабходна тройчы быць на ферме, пачынаючы з пяці раніцы і заканчваючы каля дзесяці вечара. І ўсе такія візіты насычаныя шматлікімі клопатамі: трэба папаіць кожнае цялятка сырадоем, насыпаць у кармушку зерня і канцэнтратаў, наліць у вядзерцы цёплай вадзічкі, падкінуць у стойлы свежай саломкі, а бывае, і кароўцы ацяліцца дапамагаць даводзіцца. І ўсё гэта ўручную.

— Вось мая гаспадарка, — шырокім узмахам рукі паказвае жывёлавод на стройныя рады клетак-домікаў, адкуль высоўваюцца пыскі бычкоў і цёлачак. — У некаторыя месяцы па сто дваццаць галоў даглядаю. Таму часта і выхадныя праводжу ў справах на ферме. Яны ж, цяляткі, такія маленькія, нібы дзеці, чакаюць, каб чым-небудзь смачным пачаставаў, пагладзіў. Каб менш хварэлі, варым для маладнячку травяны адвар.

— Валянціна Васільеўна вельмі старанны чалавек, добрасумленны, перажывае за даручаны ўчастак работы, а з ускладзенымі абавязкамі спраўляецца на выдатна, — характарызуе начальнік МТК Яўгенія Туравец. — Нездарма па яе групе сярэднясутачныя прывагі  гадаванцаў меней 650–700 грамаў не бываюць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.