У раёне засеяна шэсцьдзясят гектараў ранніх каласавых культур

Першымі на веснавыя палеткі вывелі пасяўныя агрэгаты хлебаробы ААТ “Людзяневічы” і КСУПа “Коленскае”.

У апошняй гаспадарцы гэта зрабіў механізатар Аляксандр Пяшэвіч (на здымку).

– Спрабаваў сеяць яшчэ трыццатага сакавіка, але пераўвільготненасць глебы бракавала якасць, – расказвае Аляксандр Міхайлавіч аб пачатку кампаніі. – А вось праз дзень заштукаваў насенне аўса на дваццаці гектарах. Потым зноў дзень прастою з-за моцнага дажджу. Каб не грузнуў трактар, нават спараныя колы прымацаваў, але не дапамагло. Цяпер надвор’е ўсталявалася, і праца пайшла, хаця пакуль і на больш высокіх мясцінах.

У біяграфіі Пяшэвіча гэта восьмая пасяўная. Пра асаблівасці кожнай з іх ён памятае да драбніц. Напрыклад, летась яго энерганасычаны “Беларус” у счэпе з агрэгатам “Хорш” шчыраваў на палях сельгаспрадпрыемства ўжо з трынаццатага сакавіка. Земляроб займаўся  падсевам канюшыны, а пятнаццатага таго ж месяца ўжо сеяў авёс. Дапамагае Аляксандру Міхайлавічу ў дзейнасці і яго хлебаробскія карані. Бацька ўсё жыццё быў механізатарам. Ды і сам Пяшэвіч мае грунтоўную тэхнічную і агранамічную падрыхтоўку. У свой час скончыў сельскагаспадарчы каледж у Калінкавічах.   Уласцівыя гэтаму чалавеку і такія якасці як старанне і адказнасць за даручаную справу, а яшчэ імкненне выконваць заданні з высокай аддачай.

– Сёлета распачалі работы намнога пазней, таму кожная пагодная хвіліна на вагу золата, – гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. – На полі да сямі гадзін вечара, бо патрэбна ўправіцца з аб’ёмамі ў аптымальныя тэрміны.  У тым, што справімся, не сумняваюся. Упэўненасці надае і тое, што  прайшоўшай зімой як ніколі за восем год эксплуатацыі добра падрыхтаваў пасяўны агрэгат. На ім удалося памяняць многія вузлы і дэталі. Спадзяюся,  тэхніка не падвядзе, як і надвор’е не перашкодзіць нашай справе.

У камунальным сельгаспрадпрыемстве запланавана раннімі каласавымі бягучай вясной засеяць дзвесце семдзясят гектараў.  І з гэтым не марудзяць. Працуе тэхніка ў гаспадарцы не толькі на сяўбе, але і на іншых участках. У прыватнасці, ідзе падрыхтоўка глебы, уносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, вядуцца падкормкі тукамі азімых культур. Адным словам, у “Коленскім” вытворчыя  працэсы арганізаваны так, каб пасяўныя работы не зацягнуліся.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.