Днямі ў Хлупінскім дзіцячым садзе-базавай школе надарылася свята

Падставай для яго стаў візіт дэпутата абласнога Савета Аляксандра Архіпенкі.

Аляксандр Іванавіч Прыпяцкую выбарчую акругу, жыхары якой аказалі яму давер, з рабочымі паездкамі  наведвае пастаянна, дзе сустракаецца з людзьмі, унікае ў іх праблемы, імкнецца дапамагчы іх вырашыць. Так было некалькі месяцаў назад, калі Архіпенка ладзіў прыём грамадзян у Перароўскім сельсавеце. Падчас яго ў гутарцы са старшынёй мясцовай улады Інай Дарафей прапанаваў аказаць невялікую дапамогу і папрасіў тую падумаць, каму больш яна патрэбна. Іна Сцяпанаўна, якая да свайго абрання на пасаду кіраўніка Савета працавала дырэктарам Хлупінскай навучальнай установы і добра ведае яе патрэбы, адразу назвала гэты адрас.  Народны абраннік  тут жа вызначыўся  з падарункам – вырашыў, што гэта будуць камп’ютары. І такі выбар невыпадковы. Аляксандр Іванавіч працуе начальнікам філіяла №300 — Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк”. Зразумела, у такой саліднай установе абнаўленне матэрыяльнай базы адбываецца пастаянна,  але тэхніка, якой карысталіся банкіры, яшчэ прыдатная да эксплуатацыі і можа доўгі час  прыносіць карысць іншым.  Тры такія камп’ютары дэпутат прывёз у невялікую вясковую школу. Вучні і настаўнікі ўспрынялі падзею з вялікай радасцю. Таму сустракалі Аляксандра Іванавіча, як самага дарагога госця, — хлебам-соллю ды сакавітым беларускім вершам.

Пасля вітання асноўная дзея мерапрыемства перамясцілася ў актавую залу ўстановы, дзе сабраліся навучэнцы і педагогі. Тут дэпутат аблсавета і ўручыў такі неабходны ўстанове падарунак. Па словах яе дырэктара Таццяны Герман, у камп’ютарнай тэхніцы яны маюць вялікую патрэбу, бо тая, што ёсць, даўно састарэла, на ёй нават цяжка працаваць з сучасным праграмным забеспячэннем.  З найлепшымі пажаданнямі калектыву Аляксандр Архіпенка прэзентаваў Хлупінскаму дзіцячаму саду-базавай школе і кнігу па гісторыі развіцця банкаўскай справы ў Беларусі, а таксама па просьбе дырэктара народны абраннік уручыў старшакласнікам членскія білеты  Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і дыпломы вучням, якія паспяхова выступілі ў абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Калектыў  таксама пастараўся належна аддзячыць свайму фундатару, парадаваўшы яго ўласнымі талентамі.

Варта сказаць, Хлупінская школа адна з найменшых у раёне. Тут вучыцца і выхоўваецца разам з дзетсадаўцамі 34 дзіцяці з трох навакольных паселішчаў. Дэпутацкая ініцыятыва — гэта яшчэ адзін крок па павышэнні інфарматызацыі нашага грамадства,  нават і ў такіх аддаленых куточках.

Сяргей БЕЛКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.