На Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе запрацаваў яшчэ адзін цэх

 Днямі з новай вытворчасцю знаёміліся старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і кіраўнікі арганізацый аграпрамысловага комплексу. 

Структурнае падраздзяленне на ЖМЗ адкрылася па даручэнні прэзідэнта, якое ён даў падчас аднаго з мінулагодніх наведванняў рэгіёна. Тым больш што і неабходнасць у такой справе была вялікая. У новым цэху будзе праводзіцца капітальны рамонт рухавікоў для трактароў, корма- і збожжаўборачных камбайнаў беларускіх вытворцаў. Раней было як, выйшала са стрю, вобразна кажучы, сэрца згаданай машыны падчас гарачых кампаній, вяскоўцам хоць плач, дзе якасна аднавіць вузел. Везці на спецыялізаваныя прадпрыемствы – далёка. Акрамя таго, каб атрымаць гатовы матор, выканаўца яшчэ наперад аплату запатрабуе. Як вядома, гаспадаркі нашыя не вельмі грашавітыя, пакуль, так бы мовіць, наскрабуць па засеках неабходную суму, глядзіш, машына на прыколе і прастаяла ўвесь сезон. Цяпер праблемы можна вырашыць на месцы. Па словах дырэктара Жыткавіцкага маторабудаўнічага Віктара Жуйкова, спецыялісты завода гатовыя капітальна  рамантаваць рухавікі ў неабмежаванай колькасці і з належнай якасцю. Больш таго і пытанні разлікаў з сельгасвытворцамі, што не меней важна, можна вырашаць на ўзаемавыгаднай аснове.

Прапановай жыткавіцкіх маторабудаўнікоў ужо зацікавіліся шэраг гаспадарак. У прыватнасці, у новым цэху зараз ідзе ўзнаўленне рухавікоў з КСУПаў “Коленскае” і “Чырвоны Бор”.

– Усе запчасткі на рамонт мы бярэм з канвеера Мінскага маторнага завода, – уводзіў гасцей у курс спраў Віктар Валер’евіч. – Найперш гэта сведчыць пра сур’ёзнасць нашых намераў, а таксама, што дэталі пастаўлены на ўласную вытворчасць належнай якасці. Па-другое, кошт рамонту ў параўнанні з набыццём новага рухавіка абыдзецца намнога танней, прычым на выхадзе заказчык атрымае практычна новы матор, які прайшоў усе выпрабаванні, і з гарантыйнымі абавязацельствамі.

Для гэтага на завадской вытворчасці маецца неабходнае абсталяванне,  работа якога была прадэманстравана наведвальнікам. Увогуле, варта сказаць, што на ЖМЗ добра такі ўклаліся ў новую вытворчасць. У пустуючым, раней не скарыстоўваемым памяшканні, правялі рамонтныя работы. Таму цяпер у новым цэху створаны прыстойныя ўмовы для працы людзей. Дарэчы, увесь персанал, а гэта чатыры чалавекі, прайшоў навучанне на Мінскім маторным заводзе непасрэдна на канвееры згаданага прадпрыемства.

– Забяспечыць занятасць людзей на цяперашні час дарагога варта для кожнай арганізацыі, – адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў. – Да таго ж на такой знакавай для ўсяго раёна вытворчасці. І гэта  вялікі плюс не толькі для ЖМЗ, але і ўсяго рэгіёна. Тыя ж грошы, якія раней плацілі іншым рамонтнікам, зараз застануцца ў нас. Ды і працэс аднаўлення тэхнікі намнога паскорыцца, што таксама станоўча паўплывае  на выкананне работ на палетках і фермах, а таксама на іншых участках. Сёння галоўная задача – загрузіць цэх на поўную магутнасць.

Безумоўна, госці не былі пасіўнымі сузіральнікамі падчас мерапрыемства. Кіраўніку маторабудаўнічага завода яны выказвалі нямала прапаноў. У прыватнасці, дырэктар Жыткавіцкага ПМС Віктар Палуянаў засяродзіў увагу на тым, як мага хутчэй мясцовыя маторабудаўнікі наладзілі продаж запасных частак да рухавікоў у самым шырокім асартыменце. Начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко выказаў меркаванне наконт таго, што маторы пасля рамонту на ЖМЗ само прадпрыемства і абслугоўвала падчас эксплуатацыі. На жаль, у гаспадарках  з апошнім даволі часта ўзнікаюць пытанні, што нялепшым чынам сказваецца на стане вузла. Былі прапановы, каб прадпрыемства ўзялося і за наладку паліўнай апаратуры. Кіраўнік ЖМЗ Віктар Жуйкоў уважліва выслухаў партнёраў і цвёрда паабяцаў:  усё сказанае належна прааналізуюць і пастараюцца вырашыць узнятыя пытанні.

Увогуле, сумесная праца жыткавіцкіх маторабудаўнікоў і аграрнага комплексу ў раёне налічвае не адно дзесяцігоддзе. На спецыяльнай выставе можна было бачыць шырокі асартымент прадукцыі, які завод здольны вырабіць для сельскагаспадарчай тэхнікі. Магчымасці ЖМЗ дазваляюць выконваць у гэтым накірунку  даволі складаныя заказы вяскоўцаў. З адкрыццём новага цэха такое супрацоўніцтва  стане толькі мацнейшым.

 Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.