Мінчанін напісаў кнігу пра Тураў

Аб шматвяковай і багатай гісторыі Турава сказана нямала, надрукаваны не адзін дзясятак навуковых твораў. У верасні на адну кнігу пра найстаражытны горад Беларусі стала больш. Пісьменнік, перакладчык, гісторык і мастак Юрый Кур’яновіч больш за 20 гадоў з’яўляўся частым госцем нашага раёна, мноства нататак пасля яго візітаў на Тураўшчыну зліліся ў адзінае цэлае пад назвай «Тураў. Старажытны і сучасны».

Аўтар ужо прэзентаваў сваю кнігу ў Вільнюсе, Чарнігаве і Львове. У бліжэйшы час прадставіць мінскай публіцы, а на днях з ёй пазнаёміліся тураўчане. Юрый Уладзіміравіч разам з прадстаўніком выдавецтва «Беларусь», дзякуючы якому тварэнне пабачыла свет, прыбыў на святую зямлю і сустрэўся з мясцовымі жыхарамі ў гарадской бібліятэцы.

Упершыню пісьменнік апынуўся ў Тураве ў 1998 годзе і з таго часу часцяком наведваўся ў наш край. Пасля кожнай паездкі ў запісной кніжцы Юрыя Кур’яновіча збіралася нямала нататак. У мінулым годзе гісторык вырашыў, што іх дастаткова для цэлай кнігі.

– Так, зборнік перапоўнены гістарычнымі фактамі, якія даўно вядомыя беларусам. Але на старонках змешчаны не толькі навуковыя дадзеныя, а і апавяданні аб мінулым горада ад мясцовых жыхароў, – канстатаваў аўтар.

На сустрэчу са знакамітым пісьменнікам сабраліся прадстаўнікі інтэлігенцыі, актыўныя карыстальнікі бібліятэкі і школьнікі. Юрый Уладзіміравіч палічыў абавязкам звярнуцца да маладога пакалення з просьбай:

– Мяркую, што шмат хто з вас, пасля атрымання атэстата сталасці, з’едзе з Турава, апынуўшыся ў розных кутках краіны і нават свету. Але, калі ласка, заўсёды памятайце, дзе ўсё пачыналася, не забывайце роднае мястэчка, якое заслугоўвае заставацца ў вашых сэрцах, і ганарыцеся ім.

«Тураў. Старажытны і сучасны» – гэта свайго роду гістарычны экскурс з акцэнтамі на унікальнасць гарадка. Тут можна адшукаць звесткі аб біяграфіі Кірылы Тураўскага, інфармацыю пра адзіны ў сваім родзе пяцітомны Тураўскі слоўнік дыялектаў, апавяданні пра вядомых ураджэнцаў найстаражытнейшага горада і нават знайсці на адной з ілюстрацый сябе. Дарэчы, кніга напоўнена фотаздымкамі, якія за дваццаць гадоў удалося сабраць Юрыю Кур’яновічу.

Прысутным далі ўнікальную магчымасць задаць пытанні госцю. Тураўчане падкрэслілі, што пра гісторыю іх радзімы сапраўды выдадзена досыць тварэнняў, і наўрад ці мясцовыя жыхары адкрыюць для сябе ў ёй нешта новае. Але падзякавалі гісторыку за ўвагу да іх горада і папулярызацыю Турава, пажадалі поспехаў у творчасці.

 

Дарэчы

У канцы 1990-х гадоў Юрый Кур’яновіч упершыню ў беларускай перыёдыцы напісаў пра таямнічы каменны крыж на Барысаглебскіх могілках. Сёння гэта адзін з вядомых турыстычных і рэлігійных аб’ектаў Палесся.

Юрый – аўтар зборнікаў прозы «Ён І Яна», «Гарадская элегія», навукова-папулярных кніг «Аповеды старасвецкай Лошыцы», «Беларускі крымінальны вышук», «Старасвецкая Лошыца».

Правёў 12 персанальных выстаў жывапісу, аб’яднаных агульнай назвай «Варыяцыі на адвечнае», і шэраг фотавыстаў. Карціны захоўваюцца ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея, Львоўскім нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Івана Франко, прыватных калекцыях.

Дзіяна ЧОРНАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.