У земляробаў акцыянернага таварыства “Траўшчына” спраў у полі дастаткова

Земляробы акцыянернага таварыства “тураўшчына” свае задачы на час веснавых палявых работ ведаюць даволі дакладна. І хаця вясна сёлета выдалася надзвычай ранняй, мясцовых механізатараў гэта не застала знянацку. Яны дружна вывелі машыны і агрэгаты на палеткі.

– Не памятаем, каб у сярэдзіне сакавіка было такое спрыяльнае надвор’е для працы ў полі, – у адзін голас зазначаюць тураўскія трактарысты са звяна па ўнясенні арганікі Міхаіл Бабарыка, Міхаіл Клімовіч, Іван Кузьміч і Іван Кошман. – Глеба сухая, таму тэхніка без праблем праходзіць самыя складаныя ўчасткі. Гэта спрыяе добрай выпрацаўцы, за дзень па дзве тысячы тон гною раскідваем.

На гэтым участку пасяўнога канвеера ў гаспадарцы задзейнічана два механізаваныя атрады. Другі павышае ўрадліваць зямлі на палях верасніцкага вытворчага падраздзялення сельгаспрадпрыемства.

– Угнаенняў пад сяўбу яравых культур навазілі яшчэ з зімы, –  расказваюць механізатары. – Дзякуючы таму, што грамадская жывёла на большасці нашых фермаў утрымліваецца на саламянай падсцілцы, удалося зрабіць значны запас арганікі, тон тысяч сто не меней.

Пакуль у гаспадарцы вышэйакрэсленая механізатарамі праца выканана на крыху больш шасцідзесяці працэнтах плошчаў. Разам з тым усе ўпэўнены: справяцца з ёю своечасова. Нездарма ж цэлую зіму рыхтавалі тэхніку, таму яе магутнасці хопіць, каб падрыхтаваць належна глебу. Тым больш што сеяць ранніх зерневых культур у акцыянерным таварыстве збіраюцца няшмат. Усяго 250 гектараў.  Днямі ўзяліся за гэтую справу. Астатнія плошчы адводзяцца пад агародніну, кукурузу, бульбу гарох, іншыя больш познія па тэрміну высеву культуры.

Зараз жа немалыя высілкі сканцэнтраваны на падрыхтоўчых мерапрыемствах ды доглядам за азімінай і рапсам. Іх клін даволі шырокі – больш як тры тысячы гектараў, з якіх 3000 азімых і 308 рапсу пойдуць на зерне.

– Тыя плошчы, якія запланавалі на корм жывёле, ужо атрымалі дозы мінеральных угнаенняў, – гаворыць брыгадзір паляводчай брыгады азяранскага вытворчага аддзялення таварыства Валянціна Сімончык. – Зараз КАСы ўносім на пасевах азімых зерневых і рапсу. У нашым аддзяленні гэтым займаюцца механізатары Сяргей Залескі і Мікалай Талянін. Хлопцы стараюцца, штодня азотам падкормліваюць да сотні гектараў. Вядзем такую работу і баранаванне на шматгадовых травах і лугах.

Дарэчы, праца на гэтых участках паралельна ідзе і на ўгоддзях верасніцкага аддзялення. Прычым у гаспадарцы маюцца магчымасці, каб павялічыць тэмпы на такім важным участку. І іх плануюць выкарыстаць у бліжэйшыя дні.

З самага пачатку выхаду на палеткі ўсе механізатары атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. Таму  ёсць магчымасць распачынаць справы зараней, а заканчваць пазней. А, як вядома, веснавы дзень год корміць.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.