Ад хаты да хаты дзеля бяспекі

Паляпшэнне эпідэмічнай сітуацыі дазволіла аднавіць дзейнасць наглядальных камісій.

У Перароўскім сельскім Савеце апошні раз прафілактыкай надзвычайных здарэнняў у такім фармаце займаліся амаль пяць месяцаў таму. Першы ў спісе спецыялістаў адрас – сям’я з непаўнагадовымі. Пад адным дахам тут існуюць тры пакаленні – пара пенсіянераў, іхні сын з нявесткаю, што працуюць на розных прадпрыемствах, і двое хлопчыкаў. Старэйшы пасля базавай школы паедзе вучыцца, другі збіраецца ў сёмы клас.

– Сапраўдны гаспадар сам сабе правяраючы, – добразычліва сустракае візіцёраў Арсеній Рыгоравіч і распавядае, што якраз надоечы чысцілі комін, паўтара вядры сажы дасталі. – Кожнаму трэба найперш самастойна клапаціцца пра тое, каб не здарылася якой бяды…

Мікалай – сезонны работнік, жыве з мамай-пенсіянеркаю. Летам яго месца працы – агарод і пчальнік. Адзіная заўвага ў гэтай хаце – замяніць батарэйку ў апавяшчальніку. Развітаўшыся з намі, мужчына накіраваўся ў магазін па “Крону”.

Прыярытэтам наглядальнай камісіі па-ранейшаму застаюцца адзінокія старыя. Ганна Іванаўна ў Перарове толькі летуе. Сумаваць жанчыне не даюць унукі. Гаваркая бабуля паскардзілася на шэршняў, што пасяліліся на даху. Інспектар РАНС Аляксандр Баравік параіў звяртацца па дапамогу да выратавальнікаў, дадаўшы, што паслуга па ліквідацыі насякомых платная.

Хата васьмідзесяцігадовай Надзеі Дзмітрыеўны ў Перароўскім Млынку стаіць на водшыбе. Першую меру засцярогі – зачыняцца – пенсіянерка выконвае строга. Нам прыйшлося грукаць у ваконную шыбку. Нараканняў у камісіі няма, дом адпавядае супрацьпажарным патрабаванням. Бадзёрыцца і гаспадыня. “Хапіла б здароўя, а жыць зараз можна”, – чуем, выходзячы за парог.

Пакуль рухаліся па вуліцах, інспектар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Пашыбалава паведаміла, што у гэтым Савеце шэсць сацработнікаў даглядаюць 57 чалавек. Акрамя выканання асноўных абавязкаў, яны сочаць за бяспекаю жытла сваіх падапечных. У кожнай хаце ўстаноўлены апавяшчальнікі, рэгулярна рамантуюцца грубы і печы, пад увагаю і стан электраправодкі. Да дапамогі старым бацькам у такіх клопатах стараюцца прыцягваць іхніх дзяцей, толькі, на жаль, гэта не заўжды ўдаецца.

У мінулую пятніцу мы абышлі, як і патрэбна, 15 двароў, паўсюдна сустракаючы прыхільнасць і разуменне людзей, жаданне пагаварыць пра надзённае. Кіраўнік справамі сельвыканкама Вольга Зайцава ўпэўнена ў эфектыўнасці наглядальных камісій:

– Канечне, кантакту з людзьмі мы ўвесь мінулы час не гублялі і былі адкрытымі для дыялогу, але ж сістэматычнасць садзейнічае большай плённасці ў рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.