Сапернічалі прафесіяналы

Дзве ўзнагароды заваявалі працаўнікі ВУ «Жыткавічыгаз» на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства  сярод аварыйна-дыспетчарскіх службаў “Лепшая брыгада-2021”.

Згаданае саперніцтва прайшло на базе газавікоў нашага рэгіёна і сабрала лепшых прадстаўнікоў з шасці структурных падраздзяленняў РВУП «Гомельаблгаз». Падчас спаборніцтваў удзельнікі прадэманстравалі нядрэнную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, таму мерапрыемства атрымалася даволі багатым не толькі на прафесіяналізм, але і эмацыянальны запал.

У дзень спаборніцтваў двор ВУ «Жыткавічыгаз» нагадваў патрывожаны вулей. Гаспадары гасцінна сустракалі прыбыўшых  калег. Падчас рэгістрацыі каманд вялікая ўвага была нададзена стварэнню бяспечных умоў. Канкурсанты прайшлі інструктаж, кожнай брыгадзе ўручылі пакеты з прафілактычнымі сродкамі ад каронавіруснай інфекцыі. Асноўная дзея змагання распачалася з агульнага пастраення, на якім аварыйшчыкаў прывітаў галоўны інжынер РВУП “Гомельаблгаз” Віталій Прэжын. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што ў Жыткавічах сабраліся  лепшыя майстры службы, якія ўласным майстэрствам даказалі, што яны самыя годныя спецыялісты. Іван Купрацэвіч, дырэктар ВУ “Жыткавічыгаз”, заўважыў, што конкурс — гэта не толькі саперніцтва, а яшчэ і цудоўная школа пераймання вопыту. І ўжо на першым этапе работнікі галіны гэта прадэманстравалі. На суд журы яны прадаставілі службовыя аўтамабілі і іх камплектацыю. Варта сказаць, што ў ёй знаходзіцца больш як сорак найменняў абсталявання. Прычым не толькі завадскога, але і вырабленага самімі газавікамі. Такім распрацоўкам надавалася пільная ўвага і налічваліся дадатковыя балы.

У другім туры канкурсанты здавалі тэарэтычны экзамен. За паўгадзіны ім патрабавалася адказаць больш як на два дзясяткі пытанняў па асноўнай дзейнасці, правілах тэхнікі бяспекі. І з гэтай задачай аварыйшчыкі справіліся вынікова, аб чым сведчаць заліковыя балы. Нашая каманда ў складзе майстра Аляксандра Канапацкага, слесара Юрыя Козела і вадзіцеля Сяргея Аліфяровіча пасля  гэтага выпрабавання выбілася ў прызёры.

Далей цэнтр  падзей змагання перамясціўся на вучэбныя палігоны. Спачатку аварыйшчыкі ўхілялі ўцечку газа ў калодзежы, дзе на кране неабходна было замяніць пашкоджаную пракладку. Справа нялёгкая, асабліва для слесараў, бо ім даводзілася працаваць у процівагазах і спецыяльных касцюмах. Да таго ж спецыялісты былі абмежаваныя ў часе, таму брыгады паказвалі ўменне шчыраваць у камандзе, страхаваць адзін аднаго. Гэтыя якасці дэманстравалі канкурсанты і падчас ліквідацыі аварыі на трубаправодзе. Тут усё было набліжана да рэальнасці. Газавікі-аварыйшчыкі беспамылкова па каардынатах знаходзілі парыў трубы, адкопвалі яе, накладвалі на трэшчыну бандаж. Не ўсім удалося справіцца з такім заданнем. У прыватнасці, не пашанцавала брыгадзе з Гомеля. Ды і рэчычане  завяршылі работу літаральна ў апошнія хвіліны адведзенага часу. Выдатна спрацавалі мазыране. І нашыя землякі не падвялі. Хаця кожнае дзеянне на палігоне выконвалася строга з патрабаваннямі  тэхнікі бяспекі, і за самае нязначнае парушэнне журы здымала балы.

Закончыўся конкурс ўзнага-роджваннем прызёраў і пераможцаў, якіх прывітаў і падзякаваў генеральны дырэктар РВУП “Гомельаблгаз” Андрэй Сяргеенка. Ім было адзначана, наколькі важная справа — бяспека на аб’ектах прадпрыемства. Прайшоўшы конкурс паказаў высокі ўзровень падрыхтаванасці спецыялістаў аварыйных службаў, якія прыкладваюць захады, каб не было збояў у рабоце.  Як заўважыў Андрэй Міхайлавіч, на спаборніцтвах не было раўнадушша, і ўсе стараліся паказаць максімальныя вынікі.

Лепшым камандам уручылі ўзнагароды. Жыткавіцкая брыгада заняла другое месца. Першыя — аварыйшчыкі з Мазыра, бронза — у газавікоў са Жлобіна. Дыпломам адзначаны за высокі прафесіяналізм наш слесар Юрый Козел. Увогуле кіраўніцтва і калегі з ВУ “Жыткавічыгаз” ганарацца, што ў калектыве шчыруюць такія спрактыкаваныя працаўнікі. Характарызуюць згаданую вышэй брыгаду толькі станоўча, выдзяляючы такія якасці мужчын, як адказнае стаўленне да выканання прафесійных абавязкаў, дысцыплінаванасць, уменне працаваць у камандзе.

Высокую адзнаку генеральны дырэктар паставіў жыткавіцкім газавікам і за належную арганізацыю саперніцтва. Відавочна, што і ў гэтым плане структурнае падраздзяленне  задала высокую планку.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.