Тэмпы высокія, якасць належная. У КСУП «Коленскае» працягваецца сяўба азімых

Вызначальнай састаўной калектыву КСУПа «Коленскае» падчас асноўных
сельскагаспадарчых кампаній з’яўляюцца высокія тэмпы, якія забяспечваюць мясцовыя
механізатары і спецыялісты на палетках. А ўсё таму, што адказныя ўчасткі работ
даручаюць вопытным і спрактыкаваным працаўнікам.
Апраўдвае такая тактыка сябе і на сяўбе азімых зерневых культур, якая
вядзецца надзвычай актыўна. Бягучай восенню коленскім земляробам
неабходна пасеяць азіміну на 800 гектарах. Выканана справа на амаль
шасцістах гектарах. І гэтаму няма чаго здзіўляцца. Тэхнічныя магутнасці
прадпрыемства дазваляюць сеяць адразу ў двух вытворчых аддзяленнях.
Адразу за паваротам на аграгарадок Кольна, ва ўрочышчы Ля піларамы,
бесперапынна рухаліся два энерганасычаныя «Беларусы» ў счэпе з
глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатамі. За рулём кожнай машыны людзі,
якія не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі сялянскім клопатам і ведаюць цану
хлебу. На сяўбе – Віктар Галавач, на падрыхтоўцы глебы – Мікалай
Дамарад.
– Рыхтуем поле для сейбітаў удваіх. Я і Анатоль Пяшэвіч. Сучасныя
шыроказахопныя агрэгаты дазваляюць хутка і якасна праводзіць увесь
комплекс неабходных агратэхнічных прыёмаў, – распавёў механізатар.
– На гэтае поле пераехалі толькі нядаўна, – далучаецца да гутаркі і
Віктар Галавач. – Да абеду заканчвалі сеяць ля Буйкавічаў. Цяпер новы
ўчастак работы. Спадзяюся, што да вечара справімся і з ім.
Сваю ўпэўненасць у станоўчым выніку механізатар падмацоўвае важкімі
аргументамі. Ёсць неабходны аб’ём насення, дастаткова і апрацаваных
загонаў, ды і зямля пасля прайшоўшых ліўняў паспела да сяўбы.
– Самыя спрыяльныя ўмовы для работы, – працягвае хлебароб, за
плячыма якога не адна пасяўная. – За змену выпрацоўка складае
дваццаць і болей гектараў. Галоўнае, што тэхніка не падводзіць.
Праўда, Віктар Галавач далучыўся да сейбітаў усяго некалькі дзён
назад. А вось яго калега Аляксандр Пяшэвіч ужо заштукоўвае насенне
азімых каласавых у глебу некалькі тыдняў запар.
– Напачатку ўсё добра ладзілася, а далей задажджыла так, што давялося
прыпыніцца, – падагульняе вынікі ўласнай дзейнасці Аляксандр. – Гэта
здаецца, што на нашых пясчаных палетках можна ў любое надвор’е
працаваць. Не, раскіслі так, што тэхніка грузла пастаянна, а пасяўны
агрэгат прыходзілася чысціць ад глебы пасля кожнага праходу. Нізіны
толькі на днях засеяў, бо раней туды было не ўбіцца. Цяпер усё нармальна.
З пачатку кампаніі ўжо заштукаваў насенне ў глебу на паўтысячы гектарах,
а можа і болей. няма часу на падлікі.
Марнатраўствам Пяшэвіч, як і яго паплечнікі па нялёгкай важнай справе,
займацца не прывык. Даказвае свой прафесіяналізм за рулём трактара на
палетках. Таму і вынікі мае адпаведныя. Выпрацоўка ў яго выходзіць за
змену да трыццаці гектараў. Менавіта са штодзённых клопатаў і старання
ў канчатковым выніку і атрымаўся такі ўнушальны паказчык.
Графік работы ў коленскіх аграрыяў у гэтыя дні даволі напружаны. Ужо
ў восем раніцы яны на палетках, дзе плённа шчыруюць да сямі вечара з
невялікім перапынкам для прыёму ежы. Дарэчы, гарачыя абеды
механізатарам дастаўляюць непасрэдна на поле.
Свой уклад у паспяховую работу сейбітаў уносяць і Мікалай Юхневіч з
Аляксандрам Бандзюком, якія вызначаюцца руплівасцю і стараннасцю на
ворыве. Мясцовых працаўнікоў зараз турбуе адно, каб сухое надвор’е
пратрымалася як мага даўжэй, а тэмпы і якасць работ яны забяспечаць.
Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.