Самадзейны народны калектыў «Пухаўчанка» адзначыў юбілей

У Пухавічах заўсёды любілі народныя песні, беражна перадавалі гэты бясцэнны скарб нашчадкам. Таму несціхана над азёрнаю гладдзю Чырвонага разліваліся мілыя сэрцу мясцовым жыхарам мелодыі. І цяпер жыве гэтая традыцыя. Яскравым доказам вялікай любові да фальклору з’яўляецца юбілей тутэйшага самадзейнага народнага калектыву «Пухаўчанка».

Ужо 75 гадоў мінула, калі ансамбль пачаў уласную творчую кар’еру. І гледзячы на артыстак, у гонар якіх клуб аматараў народнай творчасці “Вечарына” зладзіў урачыстасць, што запалу і імпэту ў спявачак хопіць яшчэ не на адно дзесяцігоддзе.

Далёкі 1947 год. У згаданую вёску, што прытулілася на беразе старадаўняга і легендарнага Князь-возера, прыслалі надзвычай творчага і таленавітага чалавека – Надзею Папок. Яе любоў да роднай песні нарадзілася ў роднай вёсцы Бялёў. Бабуля і маці Надзеі былі адмысловымі спявачкамі. Не раз у іх хаце доўгімі зімовымі вечарамі збіралася моладзь на вячоркі. Безумоўна, што росшы ў такім асяроддзі, Надзея Іванаўна і сама заспявала. Калі яе накіравалі настаўнічаць у Пухавічы, пачала актыўна далучаць да свайго захаплення і жыхароў вёскі. Касцяк калектыву склалі паляводы, жывёлаводы, педагогі, работнікі Савета. Цяжкі пасляваенны час, шмат даводзілася працаваць. Але пасля работы ўсе спевакі, нібы на крылах, ляцелі ў сельскі клуб, каб рэпеціраваць.

Сваю першую праграму рыхтавалі не адзін месяц. І вось настаў час, калі яны выйшлі на сцэну. Выступалі перад сваімі землякамі. Прыкладзеныя высілкі далі добры плён – за выканальніцкае майстэрства атрымалі шчодрыя апладысменты. Людзям надзвычай спадабаліся родныя песні і прыпеўкі.  «Пухаўчанка» надала ім непаўторнае гучанне. А ўжо праз год калектыў даказваў сваю прафпрыгоднасць на абласным конкурсе. І зноў даволі вынікова. Такіх канцэртаў у пухавіцкіх артыстаў станавілася больш і больш: розныя фестывалі, здымкі на тэлебачанні, іншыя мерапрыемствы. Бадай цяпер не знойдзецца ні адной вёскі ў рэгіёне, дзе не ведалі б гэты калектыў. У 2000 годзе яму прысвоена ганаровае званне «народны». Непаўторны выканальніцкі стыль, мясцовы песенны матэрыял краналі самыя тонкія струны гледачоў. Менавіта так было і на ўрачыстасці з нагоды юбілею ансамбля. Шмат добрых слоў сказана ў адрас і цяперашніх спявачак, і тых, хто стаяў практычна ў вытокаў. Гонар калектыву даўно падтрымліваюць Таццяна Шараевіч, Таццяна Купрацэвіч, Ірына Боган, Тамара Боган і іншыя. Кожная артыстка – гэта самабытны талент, неардынарная асоба. У спалучэнні гэтыя якасці і прынеслі поспех, якім ганарацца не толькі спявачкі, але і іх аднавяскоўцы. Апошнія дружна падтрымлівалі апладысментамі канцэртныя нумары сваіх улюблёнцаў. Асабліва гэта адчувалася, калі  ансамблю ўручалася чарговая ўзнагарода. Але самымі жаданымі падарункамі для юбіляраў і прыхільнікаў іх творчасці сталі песні.  З задавальненнем віншавалі «Пухаўчанку» калегі па творчаму цэху Бялёўскай, Чырвоненскай і Чырванаборскай устаноў культуры. І, канечне ж, «Сваты» раённага цэнтра фальклору і традыцыйнай культуры. Мясцовы ансамбль, як паказала мерапрыемства, жыве, спявае, дорыць радасць людзям, не скараецца перад жыццёвымі нягодамі. Таму і жывуць у вёсцы песні, якія спявалі ў даўнія часы.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.