Вольга Дудзіч — гаспадыня кніжнага свету

Сучасныя бібліятэкі з простага кнігасховішча трансфармуюцца ў шматфункцыянальныя інфармацыйна-адукацыйныя цэнтры, дзе можна не толькі ўзяць кнігу, а і раскрыць уласныя здольнасці, нясумна правесці вольны час ці сустрэцца з цікавымі людзьмі. Не зарастае сцяжынка і ў Людзяневіцкую бібліятэку, дзе адзінаццаты год працуе Вольга Дудзіч.

З гэтай прафесіяй звязаць свой лёс яна ніколі не збіралася. Вызначыцца з месцам працы адукаванаму юрысту і бухгалтару дапамог выпадак. Былая загадчыца ўстановы сабралася на пенсію, і вакансію прапанавалі Вользе Уладзіміраўне, якая якраз шукала работу.

— З часам усё больш пераконваюся: справа мне па душы, — прызнаецца гаспадыня кніжнага свету. — Люблю стасункі з людзьмі весці, агранізоўвываць нешта для дзяцей, шукаць цікавыя звесткі пра родны край.

Сёння ў чытачах тут кожны другі жыхар аграгарадка. Сярод актыўных карыстальнікаў пераважаюць пенсіянеры і людзі сярэдняга ўзросту, інтэлігенцыя, наведваюць бібліятэку таксама школьнікі, і не толькі за праграмнай літаратурай. Пяцьсот сорак фармуляраў пераконваюць: чытанне для вяскоўцаў ва ўмовах актыўнай «інтэрнэтызацыі» сваёй прыцягальнасці не страціла. Кніжны фонд бібліятэкі складае 10 тысяч экземпляраў, карыстаецца попытам і перыёдыка.

Чым вабіць месцічаў гэта ўстанова? Найперш, ветлівасцю гаспадыні, якая для кожнага знойдзе добрае слова ці справу, умее зладзіць свята ці сустрэчу, а яшчэ прыгожым прасторным памяшканнем, дзе шмат кветак і выстаў, нават неблагі куток этнаграфіі ёсць.

— Экспанаты для «Беларускай хаткі» збіралі па крупіцах, — з любоўю расказвае пра старадаўнія рэчы Вольга Дудзіч. — Вось нядаўна пенсіянерка з Доўгай Дубровы перадала нам стогадовы рушнік. Народ цікавіцца сваёй мінуўшчынай. Дзеці падчас экскурсій з задавальненнем спрабуюць паставіць віламі чыгунок у імправізаваную печ ці патрымаць у руках жалезны прас, у які продкі насыпалі гарачыя вугельчыкі. Лічу, гэта важна – ведаць і захоўваць сваю гісторыю.

Шмат увагі бібліятэкар надае краязнаўству. Разам з членамі аматарскага аб’яднання “Адраджэнне” вядзе картатэку пра знакамітых землякоў, папаўняе тэматычныя папкі аб паселішчы. І дзеліцца сваімі ведамі ў матэрыялах, што мы часта друкуем на старонках раёнкі. А моладзь з задавальненнем займаецца ў гуртку “Семь цветов радуги”, дзе пад кіраўніцтвам Вольгі Уладзіміраўны майструе сувеніры з паперы.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.