Дапамагчы самарэалізавацца

Гэтае мерапрыемства прайшло ў Тураве па ініцыятыве мясцовай грамадскай арганізацыі “Зямля продкаў”. Яе члены пастараліся вынесці на шырокае абмеркаванне адну з праблем нашага часу — як самарэалізавацца чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі ў невялікіх населеных пунктах. Па тым, што па ўзнятаму пытанню падчас “круглага стала” ўзнікалі гарачыя дыскусіі, было выказана нямала прапаноў прадстаўнікамі розных структур: грамадскіх арганізацый, дзяржаўных устаноў, органа мясцовай улады, бацькоў дзяцей-інвалідаў, пачынаеш добра разумець, што такая праблема ёсць і патрабуе вырашэння ад усіх членаў грамадства.


Само мерапрыемства прайшло ў Тураўскім гарадскім Доме культуры, адміністрацыя і спецыялісты якога не толькі прадаставілі для яго ўдзельнікаў памяшканне, але і падрыхтавалі невялікую змястоўную канцэртную праграму. Свой уклад унеслі работнікі і выхаванцы Тураўскага Дома дзіцячай творчасці, а таксама мясцовай школы мастацтваў. Першыя арганізавалі выставу сваіх вырабаў, а другія правялі для дзяцей- інвалідаў майстар-клас па маляванню. Пачаставалі ўсіх і гарбатай з прысмакамі.


Адпаведны кірунак мерапрыемству надаў і ўдзел у ім прадстаўнікоў пярвічкі грамадскага аб’яднання “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” са Столінскага раёна. Менавіта іх вопыт работы па адаптацыі інвалідаў у жыцці і стаў падставай для правядзення мерапрыемства. Да таго ж суседзі прыехалі на яго не з пустымі рукамі, а прывезлі свае вырабы з саломкі і гліны, бісеру, якія вырабілі ўласнымі рукамі маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі на сваім прадпрыемстве.


Уважліва слухалі ўдзельнікі “круглага стала” кіраўніка столінскай грамадскай арганізацыі інвалідаў Мальвіну Выдрыцкую, як у іх дапамагаюць абдзеленым здароўем маладым людзям стаць паўнацэннымі членамі грамадства. Як вынікала са сказанага Мальвінай Кузьмінічнай, шмат чаго ўдалося дасягнуць. Пачыналі яны трынаццаць гадоў назад, калі трыста бацькоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца інваліды, стварылі сваю пярвічку. Пасля найбольш актыўныя дарослыя пачалі наладжваць стасункі з мясцовай уладай, прадпрыемствамі і арганізацыямі, дабрачыннымі арганізацыямі за мяжой, каб мець сродкі для дапамогі маладым інвалідам і дзецям-інвалідам. Былі і праблемы, але і вырашалі іх агульнымі намаганнямі. Так адкрылася першая майстэрня, дзе інваліды пачалі працаваць. З цягам часу яна перарасла ва ўнітарнае прадпрыемства. Цяпер тут працаўладкавана больш дваццаці маладых людзей з абмежаваннямі па здароўю. Яны выпускаюць швейныя і ганчарныя вырабы і іншыя прыгожыя рэчы, рэалізуюць іх праз сваю ўласную гандлёвую кропку.


— Галоўнае, паставіць канкрэтную мэту, што хочаце ствараць, да чаго імкнецеся, — даводзіла прысутным Мальвіна Кузьмінічна, — тады і з уладай лягчэй вырашаць узнікшыя пытанні. Усё ж праблема дзяцей-інвалідаў з’яўляецца больш праблемай для іх бацькоў.


Выказала гэта госця невыпадкова. Ужо ў самым пачатку дыскусіі паміж яе ўдзельнікамі ўзніклі пэўныя разнагалоссі. Адным шлях да адаптацыі інвалідаў да паўнацэннага жыцця бачыўся праз столінскі вопыт, другім — праз наладжванне псіхолага-карэкцыйнай дзейнасці. Але ўсе былі адзінадушны, што патрэбна нешта рабіць. Выказвалася нямала прапаноў, але большасць схілялася да таго, каб і ў Тураве была наладжана нейкая вытворчасць, дзе працавалі б інваліды. Патэнцыял для гэтага на Тураўшчыне ёсць, столькі розных рамёстваў бытуе на гэтай зямлі. Вырашылася б і яшчэ адна праблема і даволі важная. Купіць той жа сувенір для турыста, што наведае Тураў, зараз праблематычна. Вось вам і патэнцыял для рэалізацыі. Прычым не толькі таго, што вырабяць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, але і іх настаўнікі. Майстры ж у гэтых мясцінах яшчэ не перавяліся. Вось Сцяпан Горб з Верасніцы, які правёў прама на мерапрыемстве майстар-клас па лозапляценню. Яго ўмельствам вельмі зацікавіліся госці са Століншчыны, бо даўно мараць вырабляць рэчы з гэтага прыроднага матэрыялу. Пытанні ў іншым, як прыцягнуць гэтых майстроў да працы, як вырашыць праблему памяшкання, дзе браць матэрыялы, як правільна аформіць усе юрыдычныя дакументы і іншыя турбавалі ўдзельнікаў “круглага стала”. Падалося, што многія бацькі інвалідаў хацелі, каб усё вырашылася адразу, прычым зрабіў бы гэта хтосьці з дзяржаўных спецыялізаваных устаноў. Не будзем адмаўляць, на цяперашні час у іх дзейнасці ёсць недапрацоўкі, уся работа сканцэнтравана ў сваёй большасці ў райцэнтры. Разам з тым не ўсё ім па сілах. Дае аб сабе знаць і недахоп кадраў, і іншыя праблемы матэрыяльнага характару. Таму без аб’яднання з бацькамі наўрад ці зрушыць праблему з месца. А вырашаць, паўтаруся, яе патрэбна. Менавіта так можна стварыць умовы, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі сталі актыўнымі членамі нашага грамадства.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.