У раённым цэнтры адбылося ўрачыстае абнаўленне Дошкі гонару Жыткавіцкага раёна
30 красавіка ў раённым цэнтры адбылося ўрачыстае абнаўленне Дошкі гонару Жыткавіцкага раёна.
Гэтая ўрачыстасць была прымеркавана да першамайскага свята працы. На яе былі запрошаны перадавікі вытворчасці па выніках мінулага года, чые прозвішчы занесены на Дошку гонару, кіраўнікі арганізацый, а таксама жыхары і госці нашага рэгіёна.
— Асаблівым мерапрыемствам у нашым раёне з’яўляецца адкрыццё раённай Дошкі гонару. На яе занесены тыя, хто сваёй штодзённай працай стварае заўтрашні дзень, росквіт і дабрабыт сваёй краіны, сваёй сям’і. Менавіта праца і стварэнне з’яўляюцца асновай развіцця любога грамадства, поспехам дасягнення ўсіх намечаных планаў. Агульнымі намаганнямі, імкненнем да згоды і парадку можна дасягнуць многага — падняць эканоміку, павысіць дабрабыт людзей, дамагчыся лепшага жыцця, — адзначыў, выступаючы перад лепшымі працаўнікамі нашага рэгіёна, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі.
Таксама старшыня райвыканкама падкрэсліў: “Як будзем працаваць, так і будзем жыць. Прыклад перадавікоў вытворчасці ў сцвярджэнні гэтай высновы мае неацэннае значэнне”. Ён падзякаваў працаўнікам за прафесіяналізм, наватарскі падыход, адданасць справе і пажадаў новых здабыткаў у працы.
Са словамі віншавання выступіў і старшыня Жыткавіцкага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Уладзімір Гулюта. Віншуючы перадавікоў з працоўнай перамогай, Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што наша краіна славіцца таленавітым і працавітым народам, які жадае жыць у добрасуседстве і дабрабыце.
У гонар перадавікоў прагучалі музычныя нумары, падрыхтаваныя артыстамі гарадскога цэнтра культуры.
Аляксандр КІЦУРА.