Моладзь Жыткаўшчыны помніць аб гераічным мінулым нашай краіны і тых людзях, хто яго будаваў
Асобная дата ў гэтым спісе падзей – Дзень Перамогі. Таму з нагоды яе сямідзесяцігадовага юбілею выхаванцы навучальных устаноў горада, актывісты Беларускага рэспубліканскага патрыятычнага саюза моладзі прыйшлі вечарам восьмага мая да помніка загінуўшым воінам і партызанам, каб аддаць пашану героям, якія набліжалі гэты светлы дзень.
Мітынг адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. Ён нагадаў, што прайшло ўжо сямнаццаць гадоў, як моладзь райцэнтра адрадзіла традыцыю і збіраецца напярэдадні свята Перамогі, каб аддаць даніну павагі і пашаны тым людзям, якія мужна змагаліся на франтах вайны і ў партызанскіх атрадах. І гэта правільна, бо карані нашай будучыні знаходзяцца глыбока ў гістарычным мінулым. І паўтараць такія памылкі, як войны, проста недапушчальна. Бо вайна — гэта гора і разруха, а самае жудаснае — мільёны смерцяў ні ў чым не павінных людзей. Вельмі павучальнымі былі на мітынгу прамовы пратаіерэя айца Генадзя (Хаткевіча) і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Адама Аліфяровіча. Як адзначыў Адам Філіпавіч, на долю нашага пакалення выпала нямала выпрабаванняў, але мы вытрымалі ўсе нягоды, адстаялі незалежнасць і свабоду сваёй краіны ад ворагаў, адбудавалі яе пасля разрухі, а вось будучае дзяржавы ў вашых руках, маладыя. Менавіта вы будзеце вызначаць, якім шляхам пойдзе яе развіццё, але самае галоўнае, беражыце яе мір і спакой.
І вось у руках удзельнікаў мітынгу запальваюцца лампадкі, якія ўстанаўліваюцца ля мемарыяльных пліт з імёнамі загінуўшых салдат. Кожнага з іх маладыя людзі ўспомнілі пайменна, таму невыпадкова, што пасля агучанага вядучымі прозвішчы, ля падножжа манумента ўсё большае і большае кветак. Моладзь памятае і ніколі не забудзе.