Ва ўраджэнца вёскі Подаўж Жыткавіцкага раёна Леаніда Корзуна – багатая біяграфія
За сваё жыццё мужчына пабываў і на Поўначы, і на Далёкім Усходзе. А славу выдатнага працаўніка заваяваў на радзіме.
У лістападзе споўніцца чатыры гады, як прыйшоў Леанід Васільевіч у лясгас трактарыстам пагрузчыка. І за такі непрацяглы час паспеў стаць перадавіком вытворчасці, таму што працы з дзяцінства не баіцца. Пра вакансію, між іншым, даведаўся з аб’явы ў нашай газеце. А сярод канкурэнтаў перамог дзякуючы высокай кваліфікацыі – у Корзуна адкрыты ўсе шэсць вадзіцельскіх катэгорый трактарыста.
Першыя свае правы ён атрымаў падчас вучобы ў Жыткавіцкім прафтэхвучылішчы, дзе быў нязменным старастам групы. Потым пастаянна ўдасканальваў сваё майстэрства: веды, як кажуць, за плячыма не насіць, а ў жыцці спатрэбяцца. Так усё і выйшла – дзе б ні працаваў Леанід Васільевіч, нараканняў ніколі не меў.
А паблукаць па свеце яму прыйшлося – відаць, натура такая ў чалавека, да вандровак схільнага. Упершыню далёка ад дому яго закінула армейская служба – трапіў навабранец аж у Петрапаўлаўск-Камчацкі, на самы усход Савецкага Саюза з дзевяцігадзіннай розніцай у часе. А ўжо ў сталыя гады прыйшлося Корзуну пабываваць на Поўначы, дзе трактарыст будаваў расійскую чыгунку. Пазначаны ў яго працоўнай кніжцы і некалькі жыткавіцкіх арганізацый.
У лясгасе перадавік хутка ўліўся ў працоўны рытм. Яго пагрузчык з аб’ёмістым каўшом заўсёды нарасхват: трактарыст завіхаецца і на ўборцы вытворчай тэрыторыі прадпрыемства, і на падсыпцы лясных дарог, каб палегчыць магутным аўтамабілям вывазку драўніны. Але часцей за ўсё пагрузчык Леаніда Васільевіча можна бачыць у двары цэха па выпуску паліўных гранул, дзе ён падвозіць тырсу і дранку.
– Проста так у жыцці нічога не даецца, – падкрэсліў на развітанне суразмоўца. – Сумленна трэба працаваць, тады і павага будзе, і дастойны заробак.