Пачэсны абавязак на Жыткаўшчыне
Восьмага красавіка Алег Брэеў штогод прыходзіць на службу з прыўзнятым святочным настроем. Гэтая дата для Алега Валер’евіча адметная тым, што на яе прыпадае дзень стварэння ваенных камісарыятаў. Менавіта на цяперашні час Алег Брэеў і праходзіць службу ў якасці начальніка групы прызыву на вайсковую службу ваеннага камісарыята Жыткавіцкага раёна, і для яго гэта своеасаблівае прафесійнае свята.
Хаця красавік для Брэева з’яўляецца месяцам напружаным: поўным ходам ідзе прызыўная кампанія, а гэта для начальніка мноства малых і вялікіх клопатаў па правядзенні ўсіх неабходных мерапрыемстваў, каб у армейскія рады прыйшло годнае і падрыхтаванае папаўненне. Акрамя гэтага Алег Валер’евіч займаецца і хлопцамі, якія жадаюць стаць афіцэрамі і імкнуцца паступіць у навучальныя ўстановы вайсковага профілю. Таму пры любым выпадку Брэеў удзяляе вялікае значэнне прафарыентацыйнай рабоце з выпускнікамі школ. Яму добра вядома, што такое мець дарадцу пры выбары прафесіі, асабліва, калі яна звязана з абаронай радзімы. Менавіта так пашчасціла яму, калі маці параіла паступаць у ваенную акадэмію. Родны чалавек разважаў мудра, што са спецыяльнасцю інжынера-радыёсістэм сын заўсёды здолее пракарміць сябе і сваю сям’ю.
Паспяхова закончыўшы ВНУ, Алег Валер’евіч два гады служыць у ракетна-зенітнай брыгадзе. Але цягнула на малую радзіму да бацькоў, якія жылі ў Петрыкаўскім раёне. Таму прасіўся, каб перавялі служыць бліжэй да родных мясцін. Калі надарылася вакансія ў Жыткавіцкім райваенкамаце, доўга не думаў, перавёўся ў наш горад.
Моцна пусціў карані Алег Брэеў на Жыткаўшчыне. Восем гадоў служыць у ваенным камісарыяце, тут нарадзіліся трое дзяцей, набыў жыллё. Адным словам, зрабіў усё, каб добра працавалася і жылося.
З гадамі прыйшоў вопыт і на новым месцы службы. Алегу Валер’евічу яна падабаецца, калектыў, у якім даводзіцца працаваць. Зразумеў, што быць афіцэрам пачэсна і ганарова, а таксама – гэта яго прызванне. А яшчэ самыя спрыяльныя ўмовы для кар’ернага росту. Што ён і даказвае сваімі паўсядзённымі справамі.
Сяргей БЕЛКА.