Рэдактар з вялікай літары
Нядаўна, у адзін з апошніх дзён мая, з Гомеля прыйшла сумная вестка: памёр былы рэдактар жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе” Іван Фёдаравіч Карповіч.
Горка зашчымела сэрца: шмат гадоў адпрацаваў я разам са сваімі калегамі пад умелым кіраўніцтвам гэтага чалавека-глыбы. І хаця ў красавіку бягучага года Іван Фёдаравіч адзначыў сваё 90-годдзе, гэта вестка для мяне стала нечаканым ударам бліскавіцы сярод белага яснага дня. Справа ў тым, што пасля Дня Перамогі газета “Гомельская праўда” апублікавала матэрыял з фатаграфіяй, на якой Івар Карповіч, як сказана было ў падтэкстоўцы, у абласным клінічным шпіталі інвалідаў выконвае песню пра салдата на вершы Ніла Гілевіча. Мы яшчэ ў рэдакцыі хораша парадаваліся за яго і па-добраму пажартавалі: ну, калі яшчэ спявае наш дзядуля Карповіч, то, мабыць, падоўжыць свой шлях на гэтым белым свеце. Аднак, па ўсім відаць, гэта песня ў яго жыцці сталася апошняй…
Іван Карповіч нарадзіўся ў самай глыбінцы Палесся – у вёсцы Манчыцы Лельчыцкага раёна. Як прызнаваўся пазней, цягу да вучобы меў вялікую, але да вайны закончыў толькі 8 класаў Лельчыцкай сярэдняй школы, якая знаходзілася за 18 кіламетраў ад роднай вёскі. У перыяд фашысцкай акупацыі палешукам давялося перажыць надзвычай цяжкія выпрабаванні. Улетку 1943 года амаль усе населеныя пункты раёна былі дашчэнту спалены фашысцкімі карнікамі. Манчыцы, што знаходзіліся ў лясістай мясцовасці, былі знішчаны аднымі з першых. Людзей ад, здавалася б, немінучай пагібелі выратоўвалі лясы ды балоты.
У чэрвені 1944 года Іван быў прызваны на абарону Бацькаўшчыны. Артылерыстам-зенітчыкам у складзе 1-га Беларускага фронта адваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 8 месяцаў. Доўгачаканую перамогу над ворагам сустрэў у горадзе Франкфурт-на-Одэры. Радасць заканчэння вайны была бязмежнай.
Пачалася дэмабілізацыя сталых франтавікоў, якіх урачыста адпраўлялі дамоў, да сваіх сем’яў, на мірны фронт. Ім жа, маладым, 1926 года нараджэння, давялося яшчэ доўга, як медным кацялкам, служыць у мірны час. І толькі ў канцы 1950 года паляшук у званні сяржанта вярнуўся ў сваю родную, мілую сэрцу вёсачку.
А праз некаторы час надарыўся шчаслівы выпадак. Па сваіх справах у вёску завітаў рэдактар лельчыцкай райгазеты. Сустрэўся з Карповічам, шчыра пагаманілі. Даведаўшыся, што былы вайсковец у апошні час армейскай службы вёў прадуктова-фуражную справаздачнасць палка, рэдактар запрасіў на працу бухгалтарам. Іван Фёдаравіч прыняў яго прапанову. Два гады адпрацаваў бухгалтарам, за гэты час добра асвоіў нарматыўную справу, машынапіс. Вырас у прафесійным плане, загадваў ужо адзелам сельскай гаспадаркі рэдакцыі.
Прыемнай нечаканасцю для Івана Карповіча стала прапанова райкама партыі накіраваць яго на вучобу ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Ён з задавальненнем адгукнуўся на гэта. Падтрымала і жонка Надзея Міхайлаўна, хаця і разумела, што нялёгка прыйдзецца ёй з двума сынамі.
Пасля заканчэння вучобы яму прапанавалі работу ў Мазырскім райкаме партыі. Карповіч прынцыпова адмовіўся: я ж газетчык. А вось прапанову на Жыткавічы прыняў. Умовы працы тут, як высветлілася з першых дзён, былі не лепшыя, чым у Лельчыцах. Рэдакцыя месцілася ў непрыстасаваным будынку на вуліцы Карла Маркса. Яшчэ ў горшым памяшканні была друкарня на вуліцы Фрунзе. Больш чым кіламетр складала адлегласць паміж імі. У адным і другім памяшканнях ацяпленне пячное, таму ў зімовы час з-за адсутнасці загадзя нарыхтаваных дроў людзі часта не маглі сагрэцца. Дапатопнай, што называецца, была матэрыяльная база друкарні. Па прычыне тэхнічных і арганізацыйных непаладак кожны нумар газеты, як правіла, друкаваўся ў позні начны час. Гэта, не сакрэт, выклікала нярвовасць, незадаволенасць як газетчыкаў, так і паліграфістаў.
У “Новым Палессі” Іван Карповіч спачатку працаваў намеснікам рэдактара, а ў 1965 годзе яго прызначылі кіраўніком творчага калектыву. Рэдакцыя атрымала старэнькую аўтамашыну ГАЗ-69, што здорава пасадзейнічала павышэнню аператыўнасці падачы матэрыялаў у газету. Але ж гэтага было мала, паўстала задача стварэння нармальных умоў для творчай дзейнасці супрацоўнікаў. Карповіч сустрэўся з начальнікам абласнога ўпраўлення па друку, пераканаў яго ў неабходнасці ўзвядзення прыбудовы да будынка рэдакцыі з тым, каб размясціць тут друкарню. Той згадзіўся адпусціць на гэта неабходныя сродкі.
На працягу трох месяцаў кіпела праца. На вачах вырасла прыбудова, апрача таго падрадчыкі ўзвялі гараж, склад для захоўвання паперы і друкаванай прадукцыі. А праз некаторы час у памяшканнях рэдакцыі і друкарні ўкаранілі аўтаномную цэнтральную ацяпляльную сістэму. Нарэшце калектыў рэдакцыі і друкарні атрымаў што ні на ёсць спрыяльныя ўмовы для плённай работы. У многім і ад гэтага ў людзей з’явіўся прыліў творчага настрою, натхнення, што не замарудзіла пасадзейнічаць якасці газеты. З кожным днём яна станавілася больш насычанай разнастайнымі матэрыяламі, больш змястоўнай, цікавай, стала паўней і яскравей адлюстроўваць жыццё раёна. Тыраж газеты ўзрос у два разы і дасягнуў 8 тысяч экземпляраў.
У той час калектыў рэдакцыі і друкарні быў адзіным. Прыемна ўспомніць, што ўзаемаадносіны ўсіх работнікаў былі паважлівыя, сяброўскія. Яны заўсёды былі ра-зам у радасці і ў бядзе. А ўсё гэта аказвала дабратворны ўплыў на агульную справу. Як газетчыкі, так і паліграфісты імкнуліся рабіць сваё друкаванае выданне такім, каб яно вабіла вока чытача не толькі сваім зместам, але і яскравым паліграфічным афармленнем. Раёнка нярэдка выходзіла пераможцай у абласных конкурсах на лепшае паліграфічнае афармленне.
На пачатку 80-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя неўтаймаваны, энергічны Іван Фёдаравіч Карповіч загарэўся ідэяй пабудовы на базе былой пякарні ў Жыткавічах больш прыстойнага для рэдакцыі і друкарні памяшкання. Што і казаць, нямала патраціў сілы, здароўя, нерваў, каб задуманае стала явай. І вось за адносна кароткі час падрадчыкі-будаўнікі ўзвялі двухпавярховы будынак, гараж, складское памяшканне, двухкватэры дом, правялі аўтаномнае цэнтральнае ацяпленне, каналізацыю. На першым паверсе, у друкарні свабодна размясціліся ўсе паліграфічныя машыны. А творчыя работнікі атрымалі цудоўныя умовы для работы. Такім памяшканнем можа пахваліцца далёка не кожная раённая рэдакцыя як нашай Гомельшчыны, так і рэспублікі ў цэлым.
Іван Фёдаравіч Карповіч быў вельмі паважаным у раёне чалавекам і сапраўдным “дырыжорам” творчага калектыву нашай рэдакцыі. Такі ўжо лёс рэдактара – больш за іншых атмасферу творчасці павінен ствараць ён. І тут усё мае значэнне: яго аўтарытэт, асабісты прыклад кіраўніка і творцы, добрае слова падтрымкі, аб’ектыўнасць і прынцыповасць. Стараўся быць абыходлівым з кожным наведвальнікам рэдакцыі, умеў выслухаць і імкнуўся дапамагчы. Сваю справу рабіў заўсёды цягавіта, гаспадарліва, з вялікай адказнасцю за кожнае напісанае і сказанае слова.
Нягледзячы на тое, што раённая газета заўсёды была органам райкама і райвыканкама, а Карповіч – членам бюро райкама, яго ніколі нельга было назваць паслужлівым рэдактарам праўладнай газеткі. Іван Фёдаравіч быў прынцыповым чалавекам і сумленным рэдактарам, меў на ўсё свой пункт гледжання, мог абараніць журналіста, устаць на падтрымку яго крытычнага матэрыялу, аналітычнай публікацыі, калі яны напісаны праўдзіва і доказна. Ён лічыў, што журналістыка павінна быць праўдзівая, маральная, чалавечная. А перамогі лёгка не даюцца. Яны для журналіста – вынік незаспакоенасці, нацэленасці на свежае слова, новы радок, арыгінальную падачу матэрыялу. Пастаянны пошук, сумленнае выкананне журналісцкага абавязку – адзіны верны залог поспеху.
– Гэта быў вельмі прыстойны, сумленны чалавек і кіраўнік, які нямала зрабіў для развіцця газеты і раёна, – па-добраму ўспамінае І. Карповіча былы старшыня Жыткавіцкага райвыканама Аляксей Сцепаненка. – Мы часта сустракаліся ў райвыканкаме, рэдакцыі, размаўлялі, маглі паспрачацца, але заўсёды стараліся працаваць на адну агульную добрую справу. У мяне аб ім – светлыя ўспаміны.
Іван Фёдаравіч пражыў доўгае, цікавае, слаўнае жыццё. І ўвесь час поруч з ім быў самы блізкі чалавек, настаўніца малодшых класаў, жонка Надзея Міхайлаўна. Меў шмат узнагарод, грамат, а галоўнае – пакінуў пасля сябе добрую памяць. Умеў дыпламатычна ладзіць з намі – маладымі, амбіцыёзнымі, самалюбівымі. Часта сарамлівымі, але разам з тым і ганарыстымі. Любіў гуляць у шашкі і шахматы, парыцца ў лазні, быў заўзяты рыбалоў. І калі ў час суботніка я бачыў, як ён, родам з вёскі, так у ахвоту і ўмела косіць траву, то зразумеў, адкуль яго псеўданім – І. Лугавы. Няхай пухам Вам будзе родная беларуская зямелька, шаноўны Іван Фёдаравіч Карповіч.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ, член Беларускага Саюза журналістаў.